epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пра кітайскі мур

Ці цеперся гавораць ужо пра тое, што не шкодзіла б наладзіць жывы абмен думкамі пісьменніка з чытачом; што гэта вельмі б карысна было, асабліва для пісьменніка. І сапраўды: пісьменнік дае пэўную літаратурную прадукцыю, нехта гэту прадукцыю спажывае, але хто і як спажывае, чым спажывец задаволен і што б ён хацеў, каб было іначай, вось гэтага пісьменнік і не ведае, бо прадукцыя гэта, па тэхнічных умовах, ідзе непасрэдна ад пісьменніка да спажыўца, а праз дзесяткі пасрэдніцкіх рук, і якраз толькі рук; бо найчасцей гэтыя пасрэднікі зусім не думаюць аб збліжэнні пісьменніка з чытачом і нават не ведаюць, што ўласна яны даюць спажыўцу. А пісьменніку вельмі б хацелася, калі не бачыць, то хоць бы чуць спажыўца і прыслухоўвацца да яго запатрабаванняў. Чытачу таксама, напэўна, хацелася б выказаць свае меркаванні пра тое хоць, што яго асабліва задаволіла або не задаволіла. Але, нягледзячы на гэта жаданне з абодвух бакоў, пісьменніка і чытача раздзяляе нейкі кітайскі мур, праламаць які грунтоўна да гэтага часу яшчэ, здаецца, нікаму не ўдалося. Гавораць пра гэта паасобныя літаратурныя працаўнікі, гавораць часамі і рэдакцыі, але яны сабе гавораць, а мур сабе стаіць, і голасу масавага чытача з-за яго ўсё роўна не чутна. На момант прыходзіць думка — ці не міф ужо і самы гэты масавы чытач? Можа, яго і на свеце зусім няма? Можа, яго выдумалі дасужыя літаратары для большага апраўдання свае творчасці? Але ж і праца бібліятэк і шматтысячныя тыражы кніг гавораць аб тым, што гэты чытач сапраўды ёсць. Дык у чым жа справа? Відавочна, тыя формы выказвання аб літаратурнай творчасці, якія практыкаваліся да гэтага часу, не падыходзяць для масавага чытача; ёсць, напэўна, нейкія прычыны, якія не даюць яму магчымасці карыстацца гэтымі формамі. Паглядзім жа, што мы мелі да гэтага часу.

Перш за ўсё — крытычныя артыкулы. Гэта адна з пашыраных форм выказвання аб літаратурнай творчасці. Але... тут мы сустракаемся з вельмі вялікім «але», якое не дазваляе звычайнаму чытачу выкарыстаць гэту форму. Па-першае, для пісання крытычных артыкулаў патрэбна досыць высокая кваліфікацыя, патрэбна аўладаць пэўным метадам, з якім аўтар павінен падыходзіць да ўсебаковага разгляду і ацэнкі літаратурнага твора. Усё гэта пад сілу толькі тым людзям, якія спецыяльна рыхтавалі сябе да такой дзейнасці. Другая нявыгаднасць — гэта, калі можна так сказаць, некаторая нерухавасць гэтай формы выказвання.

Крытык звычайна не любіць выказвацца аб паасобных, ды яшчэ невялікіх, творах. Ён калі бярэ, дык цэлы раман або паасобны зборнік твораў, а часта ахапляе і цэлы перыяд пісьменніцкай дзейнасці. Ёсць нават і такія, што мяркуюць, каб гэта зараз выказацца аб усёй творчасці таго ці іншага пісьменніка. Тут ужо самому пісьменніку не суджана пачуць высокааўтарытэтнага слова такога крытыка, бо крытык проста чакае, пакуль пісьменнік памрэ. Вось дзеля гэтых прычын звычайны чытач і не можа выкарыстаць гэту форму, вось дзеля таго і крытыкаў у нас можна на пальцах пералічыць, і крытычнай літаратуры — кот наплакаў. Дый з гэтага, што ёсць, немалую частку варта б было выкінуць з грамадскага карыстання, як прадукцыю людзей, пазбаўленых самай элементарнай сумленнасці, якія, пішучы, абараняюць інтарэсы вузка-гуртковыя або свае асабістыя. Такая крытыка, апрача шкоды, і грамадству і пісьменніку нічога не дае.

Што да рэцэнзій, дык яны таксама пішуцца не іначай як на цэлыя кніжкі, і таму маларухавасць іх амаль такая ж, як і крытычных артыкулаў. Апрача гэтага, разабраць цэлую кніжку і даць ёй ацэнку, хоць бы сабе і сціслую, справа таксама досыць нялёгкая. Ува ўсякім разе ў звычайнага чытача не хопіць часта ні часу, ні, можа, нават падрыхтаванасці, каб гэтай справай займацца. І пішуцца рэцэнзіі звычайна калі не спецамі, то напаўспецамі, якія ў курсе літаратурных спраў і атрымалі некаторую літаратурную адукацыю. Рэцэнзентаў у нас таксама не вельмі многа.

Некаторыя рэдакцыі, каб даведацца, чаго хоча чытач, пробавалі рассылаць адпаведныя анкеты. Але гэты спосаб, здаецца, не апраўдаў сябе ў поўнай меры. Перш за ўсё часта на запаўненне анкеты глядзяць як на лішнюю нагрузку і або зусім нічога не адказваюць, або проста адпісваюцца. Зноў жа ў анкеце шмат такіх пытанняў, якія чытача зусім не цікавяць, а яго як бы абавязваюць пра гэта думаць, і гэта адбівае ў яго ахвоту запаўняць анкету. Апрача гэтага, пытанні анкеты адносяцца галоўным чынам да агульнай пастаноўкі таго ці іншага органа, і вельмі рэдка прапануецца выказацца аб якасці мастацкага твора. А калі б такія пытанні і былі, дык выказвацца аб творы добра пад свежым уражаннем, прачытаўшы гэты твор, а калі, скажам, паўгода ўжо прайшло ад таго, як чытаўся твор, дык тады гэта значна цяжэй.

Такім чынам усе разгледжаныя спосабы сувязі пісьменніка з чытачом далёка не здавальняюць, і мур застаецца мурам. Праўда, ёсць адзін спосаб непасрэднага спаткання пісьменніка з чытачом,— гэта чытка твораў з эстрады перад аўдыторыяй. Але ж не ўсякі твор і сваім размерам, і сваім характарам падыходзіць для эстраднага чытання, гэта раз. Другое, лік слухачоў досыць абмежаваны, ува ўсякім разе ў шмат разоў меншы, як чытачоў друкаванага твора. Каб абслужыць шырэйшыя колы, патрэбны выезды ў іншыя хоць бы гарады, а гэта адрывае пісьменніка ад штодзённай асноўнай працы ва ўстанове дый патрабуе пэўных сродкаў, якія часта невядома дзе і ўзяць. Апрача гэтага, пры чытанні з эстрады сэнс твора не заўсёды ўлоўліваецца слухачамі; тэхніка чытання можа часамі падмяніць якасць самога твора і наадварот, і добры твор, не выразна прачытаны, зробіць дрэннае ўражанне. Выказванне аб творчасці тут найчасцей таксама не практыкуецца, і аб тым, ці спадабаўся твор, можна меркаваць выключна толькі па густаце апладзісментаў. Усё гэта паказвае, што гэты спосаб можа быць адным са сродкаў сувязі пісьменніка з чытачом, але сродак гэты далёка не самы лепшы. Што ж мы павінны зрабіць, каб гэту сувязь усё ж такі наладзіць? Можа, у чытача наконт гэтага ёсць якія-небудзь свае меркаванні, і нават вельмі слушныя, але пакуль яны, на жаль, знаходзяцца на тым баку кітайскага муру, дык няхай будзе дазволена нам, пісьменнікам, зрабіць сваю прапанову. З мэтаю даць чытачу поўную магчымасць выказацца на старонках «Узвышша» аб якасці таго ці іншага твора, з наступнага нумару ўводзіцца новы аддзел пад назваю «Слова чытачу», супрацоўнічаць у якім запрашаюцца ўсе, хто толькі чытае наш часопіс. Мы прасілі б перш за ўсё выказвацца аб тых нашых творах, якія друкаваліся ў ранейшых нумарах нашых часопісаў і якія будуць друкавацца ў далейшым. Але калі чытач выкажа свае думкі адносна артыкульнай часткі нашых часопісаў або адносна агульнай пастаноўкі,— увядзенне новых аддзелаў, скарачэнне або пашырэнне тых, што існуюць і г. д.,— то гэтыя думкі таксама знойдуць сабе месца на старонках «Узвышша». Пажаданы таксама і выказванні адносна тых фактаў беларускай літаратуры, якія з’яўляюцца па-за межамі «Узвышша». Форму выказвання няхай кожны выбера сабе сам і такую, у якой ён найбольш поўна, найбольш дасканала здолее выказаць сваю думку. Магчыма, што ў адным выпадку гэта будзе ўсебаковая ацэнка на 2—3 старонкі, а ў другім — заўвага ў 5—10 радкоў, якая вынікла ў працэсе чытання твора,— усё гэта для нас важна і каштоўна. Пісьменнік тут непасрэдна ўбачыць спажыўца свае прадукцыі, уведае, наколькі ён задаволіў яго запатрабаванні і што яшчэ трэба зрабіць, каб гэтыя запатрабаванні задаволіць цалкам. Чытач задаволіць сваю патрэбу выказацца, якая натуральна можа з’явіцца ў кожнага пад уражаннем ад прачытанага твора; разам з гэтым ён будзе адчуваць задавальненне ад таго, што і ён сваімі парадамі і заўвагамі выконвае свой абавязак у адносінах да стварэння беларускай пралетарскай літаратуры, а можа, для некаторых гэта з’явіцца і пачаткам іх сталай працы ў галіне літаратуры.

Дык слова за Вамі, дарагі чытач. Мы, пісьменнікі, спадзяемся, што ў наступным нумары наша гутарка не будзе такою аднабаковаю.

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан