epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пра перабудову і «недабудову»

Даклад на пленуме праўлення Саюза

савецкіх пісьменнікаў БССР

Гаварыць аб творчай перабудове Ц. Гартнага даюць права яго творы за апошнія пяць год. Гэта некалькі апавяданняў, сабраных у кніжцы «Гоман зарніц», і кніжка нарысаў «Наступ на горны». Пры самым павярхоўным азнаямленні з гэтымі кнігамі вы зразу заўважаеце вялікую перамену ў творчасці Ц. Гартнага: падзеі, якія там апісваюцца, адбываюцца на заводзе і ў калгасе, персанажы, выведзеныя ў гэтых творах,— не рабочыя і калгаснікі, а пераважна кіраўнікі: гаспадарнікі, проф.- і партработнікі. Аднак матэрыял і тэматыка з’яўляюцца часта знадворнай адзнакай перабудовы. Маючы гэту адзнаку, мы ўправе далей паставіць пытанне, якія ж праблемы ставіць аўтар перад чытачом, якія пытанні закранае ён і як іх развязвае на канкрэтных вобразах. І трэба сказаць, што кола гэтых пытанняў у апошніх творах Ц. Гартнага вельмі невялікае. Аўтар у большасці твораў ставіць перад сабою вельмі скромную і немудрую задачу — адлюстраваць жыццё завода ці калгаса і пахваліць іх кіраўнікоў. І ўжо ў такой устаноўцы заложаны прадпасылкі натуралістычнага апісацельства, якое распаўсюджваецца на ўсе элементы твора. Я не таму гавару пра натуралізм, каб прычапіць ярлык Ц. Гартнаму альбо каб напужаць каго гэтым страшным словам. Справа не ў слове, справа ў тым, што пры такой устаноўцы звычайна няма яскрава выражанай ідэі твора, значыць, няма яго душы. Як бы аўтар старанна ні апісваў рэчы, людзей, іх знадворны выгляд і рухі, усё роўна, калі бракуе ідэі, выйдзе толькі анатомія, а не жывы мастацкі арганізм. Людзі могуць хадзіць, гаварыць, смяяцца і пець, калі хочаце, яны могуць быць нават жывымі людзьмі, але не будуць жывымі вобразамі мастацкага твора. Без выразнай ідэі ў творы няма таго магніта, які з разнастайнага матэрыялу прыцягнуў бы да сябе толькі патрэбнае, адбіваў бы важнае ад не важнага, заканамернае ад выпадковага, тыповае ад нетыповага. У такіх выпадках, асабліва калі ў аўтара яшчэ бракуе маляўнічых сродкаў, выходзіць не твор, а шэрая пустыня натуралізму, адолець якую чытач не ў сілах, падае зняможаны, не дасягнуўшы і да сярэдзіны.

Сістэма вобразаў у творах Ц. Гартнага ў адпаведнасці з узятай устаноўкай простая да схематычнасці. У цэнтры ўвагі аўтара знаходзіцца самая шматлікая група — кіруючых работнікаў на заводзе і ў калгасе: сакратары ячэек, дырэктары заводаў, старшыні калгасаў, профработнікі і г. д. Гэта ўсе людзі «без сучка, без задзёрынкі», цвёрдакаменныя камуністы. Другая група — рабочыя і калгаснікі таксама вытрыманыя і свядомыя настолькі, каб слухаць сваіх кіраўнікоў. Трэцяя група — гэта паасобныя бракаробы і шкоднікі на заводзе, кулакі ў калгасе. Першыя дзве групы змагаюцца з трэцяй і, вядома, шчасліва перамагаюць.

Вытрыманасць пераважнай большасці дадатных герояў настолькі стандартна-стопрацэнтная, настолькі яны пазбаўлены свайго натуральнага свету, сваіх індывідуальных асаблівасцей, што ўсе зліваюцца ў адну шэрую масу і адрозніваюцца толькі імёнамі, нягледзячы на тое, што Ц. Гартны стараецца апісаць часамі самыя нязначныя іх рухі і нават інтанацыю голасу. Ц. Гартны злоўжывае сваім аўтарскім правам даваць атэстацыі сваім героям і забывае даць слова ім самім. Таму іх стопрацэнтнасць нікога не пераконвае, чытач не верыць панегірыкам аўтара, калі бачыць перад сабою шэранькіх людзей, якія мітусяцца, часамі шмат гавораць без патрэбы, але геройскія ўчынкі якіх знаходзяцца недзе па-за тэкстам.

Вось «Гаспадар» — адно з першых апавяданняў у Ц. Гартнага на вытворчую тэму. Герой апавядання Якаў Гузік, рабочы, якога за яго гаспадарлівасць высоўваюць на пасаду нам. дырэктара завода. Як жа паказан гэты перадавік вытворчасці? Аўтар увесь час старанна падкрэслівае адну яго рысу — гаспадарлівасць. Гаспадарлівасць гэта канкрэтна выяўляецца ў тым, што Якаў Гузік, ідучы па двары завода, падняў кусок жалеза «цаляў пяць даўжынёй», з яго «выйдзе некалькі ручак у плузе». Выходзячы з цэха, ён, як аўтар кажа, «дбайліва азіраючы па баках, пайшоў праўцом да дзвярэй. Мінаючы варштаты, абмацваў іх, падчышчаў, падняў з падлогі некалькі кавалкаў дрэва і дроту». Застаўшыся намеснікам дырэктара, Якаў Гузік ходзіць па заводзе, аглядае станкі і таксама падымае кавалачкі жалеза і дроту (с. 18).

Размах, як мы бачым, для намесніка дырэктара не вельмі вялікі. Паказу Якава Гузіка на рабоце няма, а таму сцверджанне, што ён мае вялікія гаспадарскія здольнасці, чытача не пераконвае. Аўтар сам, напэўна, адчуваў гэта і ў адным месцы спрабуе пераканаць чытача ў здольнасцях Якава Гузіка досыць своеасабліва і арыгінальна. Старшыня заўкома сказаў Гузіку, што яго мяркуюць назначыць намеснікам дырэктара. Гэта яго і ўзрадавала і заклапаціла: ён, відаць, не да канца быў упэўнены ў сабе. І вось, прыйшоўшы дадому, бярэ аловак і паперу і пачынае падлічваць ды правяраць свае здольнасці. Жонка напамінае, што ўжо і вячэраць пара, а ён усё падлічвае ды чэрціць.

«Яна мяльком закідала на Якавіны паперы ўзрокі і здзіўлена адвярталася назад: на паперы стаялі выведзеныя Якавам замыславатыя малюнкі дамоў, баштаў, дарог»,— кажа аўтар. Урэшце: «К адзінаццатай гадзіне Якаў Гузік узважыў свае сілы і здольнасці і вывеў, што яму пара ўзысці на вышэйшую ступеню».

Усё гэта вельмі мала падобна на праўду, вельмі наіўна і сведчыць толькі аб тым, што аўтар мала ведае тое, пра што ён піша. Якаў Гузік не паказан ні адным штрыхом ні як грамадскі працаўнік, ні як рабочы ля станка да свайго намесніцтва. Але адна рыса ў Якава Гузіка паказана досыць пераканаўча — гэта яго хваравітая гаварлівасць і самалюбства.

Пра сваю асобу Якаў Гузік не забывае на працягу ўсяго апавядання. А тут яшчэ знайшліся ў цэху зубаскалы Палікар Скрынка, Дзям’ян Рашка, Сымон Кошык, якія насміхаюцца з Гузіка і нават далі яму мянушку «гаспадар», чым Гузік страшэнна абражан. Застаўшыся нам. дырэктара, Гузік думаў, што цяпер ужо Скрынка не асмеліцца яго дражніць, адно ж не паспеў Гузік аднаго разу адысціся некалькі крокаў, як да яго данесліся выразныя склады слова «гаспадар», і гэта ўжо канчаткова выводзіць Гузіка з раўнавагі. Для вырашэння ўзаемаадносін Гузіка, з аднаго боку,— Скрынкі, Рашкі і Кошыка, з другога, аўтар наладжвае аж два сходы. З першага Гузік, не дабыўшы да канца, адыходзіць пакрыўджаны, а на другі, калі ўжо справу разбірае РСІ, ён трапляе выпадкова і чуе, што за яго рабочыя заступаюцца і хваляць. Гузік зараз жа бярэ слова і дзякуе рабочым.

«Гучны ўрачысты свіст сірэны,— кажа аўтар,— падхапіў яго словы і панёс высока і далёка па-за сцены завода».

На гэтым канчаецца гэта поўная «драматызму» гісторыя.

Такім чынам Якаў Гузік па замыслу аўтара з'яўляецца новым чалавекам, вылучэнцам на вытворчасці, а тым часам некаторымі сваімі істотнымі рысамі вельмі нагадвае аднаго з герояў міргарадскіх аповесцей — Івана Іванавіча Перарэгіенку. Гэта здарылася таму, што ў заводскую абстаноўку Ц. Гартны перанёс старога свайго героя з яго індывідуалізмам і не здолеў надзяліць яго новымі якасцямі ўдарніка на прадпрыемстве.

Твор «Напевы сірэн», які з’яўляецца нарысам аб заводзе «Камунар» (праўда, аўтар чамусьці замаскаваў назву завода і прозвішчы людзей). Героі гэтага твора ўжо не носяць на сабе тых адзнак дробнабуржуазнай самаўлюбёнасці, якія мы бачылі ў папярэднім творы, яны не заняты так сваёю асобай, як Якаў Гузік, але затое яны наогул не маюць яркіх індывідуальных асаблівасцей. Унутраны іх свет перад чытачом не раскрыт. Гэтыя людзі не маюць трох вымярэнняў — яны пададзены ўсе ў адной плоскасці. Усе яны гавораць адной мовай і толькі пра адно — пра выкананне промфінплана. Гавораць вельмі шмат, а раскрываюць сябе ў дзеянні вельмі мала. Прычым іх дзеянні і гаворкі замкнуты ў сценах завода. Твору не хапае паветра. Аўтар не дае праекцыі ў бок тае вышэйшай мэты, для якой будуюцца ўсе заводы і выконваюцца ўсе промфінпланы. Уражанне ад твора такое, што аўтар хадзіў па заводзе разам з сакратаром парткалектыву Шумкіным і старанна фатаграфаваў і стэнаграфаваў усё тое, што там бачыў і чуў. Фатаграфаваў без разбору і адбору, аддаючы кожнаму факту, кожнай дробязі аднолькавую ўвагу. А ў выніку рэч выйшла досыць шэрая, цяжка чытаецца і дрэнна ўспрымаецца чытачом.

Калі ў чытача хопіць цярплівасці ды ён прачытае твор другі і трэці раз, тады ён сам пачне вылучаць важнейшыя моманты, якія, дзякуючы натуралістычнай ураўнілаўцы ў падыходзе аўтара да матэрыялу, патанулі ў моры непатрэбных дэталей. Аказваецца, што заводу пагражае прарыў. Трыкутнік завода прымае меры, каб яго не дапусціць. Па цэхах праходзяць піянеры з барабанамі і лозунгамі, якія напамінаюць аб небяспецы прарыву; дырэктар на сходзе рабочых робіць даклад, і рабочыя бяруць на сябе абавязак перавыканаць план. Апартуніст, майстар кавальнага цэха Аблонскі, які дапусціў у цэху разгільдзяйства і брак, знімаецца з работы. Бракаробаў судзяць грамадскім судом. І ў выніку ўсяго гэтага завод выходзіць пераможцам.

Недахоп канкрэтнага і глыбокага паказу людзей аўтар стараецца кампенсаваць узнятай дэкламацыяй як па адрасу сваіх герояў, так і пра асобныя моманты вытворчасці. Вось, напрыклад, сакратар парткалектыву ў кабінеце разглядае паперы.

«Адна за другою паперкі перабягалі праз рукі сакратара парткалектыву. Ён лавіў іх сэнс на ляту, умоўленымі знакамі адмячаючы прагледжаную. Было відаць, як напружаная праца думак уцягвала ў свой вадакруг дзесяткі разнастайных заданняў бягучае працы. Кожнаму з гэтых заданняў, як шрубкам у станку, Шумкін адводзіў адзначаны тэрмін, пакуль папярэдні, а посля больш дэталёва распрацаваны. Усе гэтыя перагледжаныя паперы складалі сабою неад’емныя частачкі аднае складанае, абымаючае ўвесь завод кіпучае і пявучае працы па выпаўненні бягучых вытворчых планаў. Беленькія лісточкі з сінімі радкамі зместу былі непарыўны з выкручастымі, вёрткімі стружкамі з-пад фрэзера, з бліскучымі, вымеранымі да міліметра пазамі цяжкіх вечак камнядрабілак. Удары молатаў і букеты палкіх іскраў, бегатня пасоў і паверт свярдзёлкаў убіраліся купкамі выразных, засядаючых у галаве, як пуля ў дубе, сказаў».

Фальшывы пафас гэтай дэкламацыі адразу кідаецца ў вочы. І на гэтым фоне асабліва вылучаюцца такія каравыя па сваёй вобразнасці фразы, як апошняя фраза з пададзенай вытрымкі.

Ці ўзяць такія мясціны, як:

«Навакола дыхала бадзёрым творным уздымам раскалыханай, расхваляванай энергіі. Абдымала нечуваным размахам нараджальных сягаючых у цёмную бяздонную высь сацыялістычных тэмпаў, пераможных дасягненняў».

«Дырэктар з сакратаром парткалектыву замілавана глядзелі на стройны раскалыханы працэс ударнай сацыялістычнай працы».

«Барацьбіт» — аграмаджанае прадпрыемства рабочага класа, як кіраўніка камуністычнай партыі, усёй савецкай краіны. Іх калектыў — адзін з атрадаў на фронце рашучага змагання за сацыялістычнае будаўніцтва. Як цэментам, зліты і з'яднаны аднымі інтарэсаміу адной воляй, аднымі імкненнямі ўсе пралетары... Яны кладуць фундамент сацыялізму.

Гэтыя вялікія, неасяжныя ў сваіх размахах і незмярымыя ў сваёй агромнасці зыркія, уздымныя ісціны прасякаюць нутро барацьбітоў».

Такія прыклады мы знойдзем амаль на кожнай старонцы. Гэты «пафас» ніколькі справе не дапамагае, а толькі сведчыць аб слабасці аўтара ў паказе сваіх герояў.

Можна было думаць, што недахопы разгледжаных твораў абумоўліваюцца тым, што аўтар упершыню сустракаецца з вытворчай тэмай, з заводскім матэрыялам. Але апавяданне «Зялёны шум» сведчыць аб тым, што ад перамены тэмы і матэрыялу творчы метад аўтара не мяняецца. Тут тыя ж самыя адзнакі гэтага метаду — схематызм і натуралістычнае апісацельства. У апавяданні расказваецца пра тое, як у вёсцы Булаўка арганізоўвалі калгас. Схему мы тут бачым ужо ў самай расстаноўцы сіл: за калгас — прысланы з завода рабочы Якаў Плот, вясковыя актывісты — Юстын Плот, Тамаш Хіб, Мікола Жвыр, Гальяш Сукня і, як аўтар упэўнівае, уся вясковая ячэйка, хоць дзейнасць яе нічым не паказана; уся сялянская маса ідзе за актывам. З другога боку — тры ці чатыры кулакі. Ніякіх хістанняў у людзей няма. Кулакі змагаюцца супраць калгаса адны, самі па сябе, не робячы ні на кога ніякага ўплыву. Вядома, што пры такой сітуацыі ўсялякія цяжкасці арганізацыі калгаса знімаюцца. Выпадае самая характэрная асаблівасць гэтага моманту — цяжкасці пераходу селяніна ад індывідуальнай гаспадаркі да калектыўнай. Праўда, каб упэўніцца, што ў калгасе жывецца лепш, дэлегацыя з Якавам Плотам на чале едзе ў розгляды ў калгас «Асмінаўку». Аўтар апісвае ўсё іх падарожжа, але пакідае чытача ў няведанні, як толькі дэлегацыя пад’язджае да калгаса. Што яна там бачыла, так і засталося невядомым. Толькі з ліста Якава Плота на завод аднаму з работнікаў мы даведваемся, што:

«Але не меней суцешылі мяне і калгасы. Адзін з іх «Асмінаўка» робіць дужа выгаднае ўражанне... Гэта ўжо моцны калектыў. Людзі ў ім падабраліся адзін да другога, старанныя, памяркоўныя, даладныя, і праца ідзе на «яць»! Зараз шырока разгорнута будаўніцтва ўстаноў агульнага абслугоўвання, як школа, млын, ветэрынарны пункт. Агульныя хлявы скончаны яшчэ вясною — і ты б паглядзеў, браце, што за хараство! Адносіны да жывёлы дбайныя і гаспадарныя.

Летась калектыў выплаціў увесь падатак і яшчэ заставіў сабе значны рэзерв. Цікава, што абагуленне вельмі хутка ўспрынялося ўсімі сябрамі калектыву, які набліжаецца да камуны. У працы — звычаёвае спаборніцтва. Ніхто нікога не падганяе, ніхто нікога не ўпікае ў гультайнасці... Ну, паверыш, не хлушу, мяне ўсё гэта да таго захапіла, што я, трапіўшы да бацькоў, звязаўся з ячэйкаю і зацята павёў агітацыю за пабудову калгаса ў сваёй вёсцы. Якраз мой прыезд прыпаў на момант, калі думка пра калгасы стала азадачваць нашых сялян. Аставалася аформіць іх намеры, і перад намі новы калгас «Уздым»...» Вось як лёгка і гладка гэта ўсё робіцца.

Пра вёску Булаўку Якаў піша, што пасля агляду «настрой у бядняцка-серадняцкага сялянства — цалкам за калектывізацыю».

На гэтым месцы кулак страляе ў Якава Плота праз акно з абрэза і раніць яго ў плячо. Кулакоў арыштоўваюць. Якаў у бальніцы вылечваецца, а ў Булаўцы арганізоўваецца моцны калгас.

Такі самы схематызм мы бачым і ў абмалёўцы персанажаў. Вось Якаў Плот прыехаў да свайго бацькі Юстына Плота. Тут яшчэ трое сялян, аднадумцаў, добрых знаёмых. І вось у сваёй хаце сярод блізкіх людзей Якаў Гузік агітуе:

«Толькі адзіная калектыўная форма гаспадаркі можа падняць дабрабыт нашага бядняцкага ды серадняцкага сялянства... Калектывізацыя ёсць адзіны фактар перабудавання вясковага жыцця»...

«Рэвалюцыя, дзядзькі, не канчаецца прагонам паноў, генералаў ды фабрыкантаў. Рэвалюцыя ад гэтага, можна сказаць, пачынаецца. Па дарозе да камунізма яна мусіць змяніць усё наша жыццё... Так, так! Ад палітычнага ладу, ад агульных узаемаадносін у грамадзе — да поўнага пераіначвання кожнай адзінкі».

Відавочна, што такога характару прамова зусім не адпавядае той абстаноўцы, у якой яна гаворыцца,— выходзіць фальшыва і непераканаўча.

Часамі аўтар стараецца надаць жывыя рысы сваім героям, але нельга сказаць, каб гэта выходзіла вельмі ўдала. Юстын Плот яшчэ да арганізацыі калгаса арэ на сваёй палосцы. Ён бачыць, як у суседні саўгас варочаюцца з поля трактары. Да яго далятаюць з саўгаса розныя гукі. Юстын Плот захапляецца ўсім гэтым і самім саўгасам. І аўтар падае гэта такім чынам:

— Цягне мяне да вас, браточкі! — умільна вымавіў Юстын і расплыўся покатным смехам у адказ на густыя медныя гукі саўгаснага гонга.

Аўтар, відавочна, разважаў так: Юстын радуецца, гледзячы на саўгаснае жыццё. А калі чалавек радуецца, тады ён смяецца. А паколькі Юстын моцна радуецца, дык ён павінен бакі падрываць з рогату, у адказ на медныя гукі гонга.

Праўда, мне маглі б заўважыць, што ў адным невялічкім апавяданні нельга ўсебакова асвятліць тэму калектывізацыі. Але, па-першае, гэта «невялікае» апавяданне займае не менш чатырох друкаваных аркушаў. А, па-другое, я тут якраз не за ўсебаковасць паказу. Добрае апавяданне якраз тады і выходзіць, калі аўтар здолее ўлавіць адзін які-небудзь, але тыповы момант і здолее яскрава і сцісла яго падаць. Ц. Гартны, наадварот, разгарнуў досыць шырока, зачапіў некалькі важных момантаў, але ніводнага з іх як належыць не раскрыў.

Цікава, што, старанна апісваючы розныя дробязі, абстаноўку, гутаркі, Ц. Гартны робіцца вельмі скупым, калі прыходзіцца паказваць вузлавыя, найбольш важныя моманты. Я ўжо гаварыў пра тое, што Гартны не паказаў нам, што бачыла дэлегацыя ў суседнім калгасе. У паказе кулака таксама ўзяты не самыя істотныя яго рысы. Ён паказан толькі як багатыр, што ён ненавідзіць калгасы. А што сваё багацце ён набыў эксплуатацыяй, гэта не паказана і пра гэта не напісана. Не паказана, што ён мае які-небудзь уплыў на беднату і серадняка, г. зн. не паказана самае небяспечнае ў кулаку. А таму хоць кулак і страляе з абрэза ў Якава Плота, ён усё ж такі не страшны кулак, паколькі застаецца ў адзіноцтве і нікога за сабою не вядзе. Змагацца з такім кулаком не цяжка. Такім чынам, дзякуючы схематызму, дзякуючы няўменню ўхапіць і паказаць найбольш істотныя моманты нашай сапраўднасці, мы тут бачым ідэалагічны зрыў у Ц. Гартнага. Далей, нягледзячы на тэму аб калектывізацыі, мы ў гэтым творы не бачым ніводнага серадняка. А між тым пытанне арганізацыі калгасаў гэта ў першую чаргу пытанне вайны з кулаком за серадняка, за тое, каб асноўную масу сялянства павярнуць да калектыўнай гаспадаркі. У апавяданні, праўда, глуха ўпамінаецца аб тым, што спачатку не ўсе былі за калгас, некаторыя думалі пра пасёлкі, але пасля агітацыі Якава Плота і пасля таго, як з горада на «буланым аўтамабілі» прыехала акруговае начальства, усё пайшло як па масле, усе беднякі і сераднякі апынуліся ў калгасе, а кулакі адлучыліся самі сабою.

Апрача «Гомана зарніц» у 1932 годзе ў выданні Акадэміі навук выйшла другая кніжка Ц. Гартнага «Наступ на горны». Гэты зборнік, як аўтар зазначае, з’явіўся ў выніку двухгадовай працы аўтара на заводзе «Камунар». Доўга спыняцца на разглядзе гэтага зборніка я не буду з тае простай прычыны, што большасць таго, што тут змешчана, нельга разглядаць як мастацкую творчасць. Гэта зборнік сыравіны, якая, напэўна, яшчэ спатрэбіцца аўтару ў яго далейшых творах.

Самая большая сваім памерам рэч у гэтым зборніку і найбольш, бадай, апрацаваная — гэта нарыс «Напевы сірэн», які змешчаны і ў зборніку «Гоман зарніц» і які я нядаўна разбіраў. Заслугоўвае ўвагі яшчэ апавяданне «Прыкры выпадак» аб тым, як добры майстар кавальнага цэха Хвядос Сілоўскі, скампраметаваны даведкай сельсавета, што яго бацька кулак. Рвачы і бракаробы скарыстоўваюць становішча і яшчэ больш кампраметуюць Сілоўскага рознымі на яго паклёпамі. Дысцыпліна ў цаху падае. Сілоўскі балюча перажывае ўсё гэта, пачынае выпіваць, не з’яўляецца на работу. Цэхавая ячэйка прымае пастанову аб тым, каб прапанаваць адміністрацыі зняць Сілоўскага з работы, але тым часам праверыць правільнасць сельсавецкай даведкі. У хуткім часе справа аб Сілоўскім разбіраецца на бюро парткалектыву. І тут якраз атрымліваецца даведка з таго ж сельсавета, за подпісам новага старшыні, дзе сведчыцца, што Сілоўскі — сын партызана і што пра яго кулацкае паходжанне былы старшыня напісаў па злосці. Сілоўскі рэабілітуецца і ўжо, як радавы рабочы, становіцца ўдарнікам. Сітуацыя досыць цікавая і магла б быць скарыстана для таго, каб паказаць псіхалогію ўдарніка вытворчасці, які апынуўся ў такім цяжкім і фальшывым становішчы. Але аўтар, верны свайму натуралістычнаму метаду, неадступна ідзе па пятах за фактам і даноснай даведкай сельсавета ліквідуе ўсякія канфлікты, знімае ўсякія калізіі. Такім чынам, «Прыкры выпадак» так і застаецца прыкрым выпадкам, а не тыповай з’явай.

У зборніку яшчэ змешчана некалькі, калі можна так назваць, нарысаў пра асобных людзей завода «Камунар» — пра двух майстроў, двух намеснікаў дырэктара, пра рэдактара шматтыражкі Раю Шыфрыну. Каб надаць гэтым нарысам больш разнастайнасці, аўтар пад загалоўкам азначае жанр амаль кожнага з гэтых нарысаў. Пад адным загалоўкам стаіць «сілуэт», пад другім — «ударныя ўзмахі» (жанр, трэба сказаць, зусім новы ў нашай літаратуры), пад трэцім — проста «Нарыс», пад чацвёртым — «скіц». Даведацца па характару самога твора, што гэта слова азначае, няма ніякай магчымасці, бо ўсе нарысы напісаны на адзін узор: даецца невялікая біяграфічная даведка аб тым ці іншым працаўніку, а пасля — яго кароценькая характарыстыка як работніка на вытворчасці. Напісаны гэтыя нарысы без асаблівай прэтэнзіі на мастацкасць, а паколькі і самыя героі ў сваёй большасці ніякім геройствам не вызначаюцца, дык выйшла досыць шэра. Нават тых цікавых момантаў, якія аўтару трапляліся ў рукі, ён як належыць не выкарыстаў. Вось, напрыклад, характарызуючы рэдактара шматтыражкі Раю Шыфрыну, як адданага сваёй справе работніка, Ц. Гартны гаворыць аб тым, што яна не занядбала работы нават тады, калі захварэла яе дзіця. Але аўтар толькі ўпамінае пра гэта, а гэта вельмі зручны момант, каб паказаць Раю глыбей і паўней і як працаўніка, і як маці, так паказаць, каб чытач не толькі ведаў факты з яе біяграфіі, а каб ён моцна палюбіў Раю Шыфрыну.

У гэтым жа зборніку змешчана некалькі вершаў. Нічога новага ў параўнанні з прозаю ў сэнсе перабудовы Ц. Гартнага яны не даюць. Гэта той самы «пафас» захаплення будаўніцтвам, элементы якога мы бачым і ў прозе, толькі пафас гэты тут вершаваны і пададзены ў чыстым выглядзе, г. зн., што ён тут пазбаўлены і тае канкрэтнасці, якая ёсць у празаічных творах Ц. Гартнага. Усе гэтыя вершы маюць пераважна агітацыйны характар і складаюцца з горнаў, малатоў, гудкоў і абстрактных лозунгаў. На фоне гэтай лазунгоўшчыны сустракаюцца дзе-нідзе такія нядрэнныя паэтычныя радкі, як:

 

Мінулыя з'явы —

Іх вецер раздзьмухаў,

Ім песню адходную

Воран адкаркаў.

 

Разглядаць кожны з гэтых вершаў паасобку няма патрэбы, бо нічым асабліва яны адзін ад другога не адрозніваюцца. Для характарыстыкі можна прачытаць любы з іх, першы, які мне трапіцца пад руку, хоць бы верш «Ударнікам».

Чытаеш гэтыя вершы, і чамусьці не пераконвае патэтычны ўздым аўтара. Думаецца, што каб аўтар сапраўды і глыбока быў захоплен, дык знайшоў бы словы мацнейшыя і цяплейшыя, хоць і не такія крыклівыя. А так пафас выходзіць крыху паказны, навязчывы.

Недахопы, якія ёсць у творчасці Ц. Гартнага, значна ўсугубляюцца асаблівасцямі яго мовы, ад якой павявае глыбокай правінцыяльнасцю. Я маю на ўвазе не толькі слоўнік, а ўвесь склад, усе элементы мовы. У лексіцы Ц. Гартнага ёсць шмат правінцыялізмаў, як, напрыклад:

мэрам бы

унічышча

наператоч — упоперак

бурклівы

заграбяшыў

коўць — глыток

башта — вежа

Добрахаць (добраахвотна)

убачай (выбачай)

бразак (бразганне)

мітрэгна

дрэнчыла

прабеглец

харангелачка (флажок)

займа

здароў

мерскавуў

нізавошта

Пелапая

уверра — упэўненасць

ралкі (галінкі)

пілявыя вочы

зашчэмы (арг. непаладкі)

Разам з гэтым трапляюцца і такія русізмы, як:

смірненькі

трэзвы

пачасаў патыліцу

затылак

перадвасхіцілі

сметліва

апука — мячык

ласне

крымінал — злачынства, беспарадак

праўздом — проста

запертыя — дзверы

схожасць — падабенства

рожыца

віновен

пасудзі (падумай)

жалетка

лісцілі

Дзе-нідзе паланізмы.

Але больш за ўсё слоў, якія б я назваў цішкізмамі. Гэта словы, якія ўтвораны самім аўтарам ад самых звычайных, вядомых усім слоў, але ўтвораныя, нягледзячы ні на якія моўныя законы. Такое слова заўсёды выпірае рубам са сказа, і, чытаючы, на яго заўсёды спатыкаешся. Сюды я залічваю і звычайныя словы, але ўжытыя не ў тым сэнсе, у якім яны ў мове бытуюць:

Заліўны рогат, зацягнуўся ў працу (захапіўся працай), заўвага да жалеза (увага), цяглы (цягавіты), цвёрдым ступам (крокам), раз'юшаны працэс работы, гаспадарня (гаспадаранне), рог вуглавога дома, раскалыханы працэс ударнай працы, святошня (па-святочнаму), гаручыя вочы, улягалася зямля ад надаву важкіх ступаў (дрыжала зямля пад цяжкімі крокамі), выгінастая стужка, лірычная марнасць (мары, летуценні), начная цем (цемра), свяціла яшчэ ненагрэтае сонца (146), вешальніца (шыбеніца), зыск (эксплуатацыя), узгрудак (узгорак), узлёскі (паі), плюхі хваляк, падлёг сабе навуку, заслежаныя вочы, разгорненая маці (ад слова «горна»), разыдзёныя людзі (якія разышліся), трапяткія навіны, крохкія гутаркі, ліст дастаны (атрыманы) ад развосчыка, зыркія ісціны, распрэжваў каня і г. д.

Калі Ц. Гартны не ладзіць часамі з марфалогіяй, дык ён яшчэ часцей не ладзіць з сінтаксісам. Каструбаватыя словы, злучаныя ў не менш каструбаваныя па сваёй форме сказы, з’яўляюцца для чытача непераможнай перашкодай. Вось некалькі такіх сказаў:

1. Лірычная марнасць адзінкавых энтузіястаў вырастала ў рэальныя вобразы набліжаючай наступнасці.

2. Яны (воплескі) насілі на сабе задаволёныя ўхмылкі зацята апладыраваўшаму кавалём прэзідыуму.

3. Яе (ухмылку) Бурэвіч падмацняў нервовым трапяханнем рук і раскіданымі паваротамі.

4. За падводай, матаючы шапкамі і рукамі, пераносіўся працяг творчага сходу з двара сельсавета да месца спынкі гасцей.

5. І кожны станок, точачы валік, ці абдзіраючы шкіў, ці раўнуючы рубы каменерубілак, адліваюць сваімі павертамі сумовыя адзінкі дадзеных цэху наметак.

Падобных прыкладаў можна было б прывесці дзесяткі. Я хачу спыніцца яшчэ на адным цікавым пытанні, а якраз на тым, як натуралістычны творчы метад Ц. Гартнага выяўляецца ў такіх дробных кампанентах стылю, як падача паасобнай дэталі. Той ці іншы жэст, рух, нават гук аўтар імкнецца перадаць шляхам яго фатаграфавання, дакладнага знадворнага апісання.

«Ужо Шумкін разняў губы, каб перапытаць, ці маюцца тыя ці іншыя прапановы».

«Вока пасунулася да рамы, а на слізкім шкле лягло вуха».

«Брудная патрэсканая яго рука павольна паднялася ўгаруу да галавы і разлажыла на бакі густыя скамечаныя валасы».

«Натруджаная рука Юстына выпусціла правы тронак плуга і працерла ўспацелы лоб».

«Юстыну як еў, палажыў неаблізаную ложку на агрызку хлеба і выйшаў на вёску».

«Перад тым як заварушыць языком, сакратар раёна абег у думках даўгую вычварна-завілую граніцу раёна»...

«Трое рук абярнуліся казырнымі над устрэмленымі ўправа пільнымі ўзрокамі шасці вачэй».

«Толькі праз гадзіну пачуты тупат чатырох ног агаласіў сабою спакой ціхай вуліцы».

Такі спосаб падачы дэталі — з’ява бясспрэчна адмоўная. Ён не толькі не дапамагае канкрэтнаму ўспрыманню, а, наадварот, затрудняе яго і робіць далёка не эстэтычнае ўражанне. Пячаць натуралізму і правінцыяльнай абмежаванасці, захалусця ляжыць на маляўнічых сродках Ц. Гартнага, на яго метафарах і параўнаннях. Найчасцей гэта выяўляецца ў тым, што абстрактныя паняцці, з’явы грамадскага і псіхалагічнага парадку механізуюцца і матэрыялізуюцца, асацыіруюцца ў свядомасці аўтара з рэчамі хатняга ўжытку сялянскай гаспадаркі, напрыклад:

«Якавіна постаць выглядала сталлю, ад якое адскочыць і шрот». (Характарызуецца цвёрдасць бальшавіка.)

«Бліснуўшы перад ім вобраз Сымона Кошыка адцягнуў зашмаргу задумаў».

«І распеўшая сірэна, прыбіваючы Аблоўскага да аднаго месца, праводзіла Леміна ўправа, Лабрусевіча ўлева».

«Дырэктар зажмурыў левае вока і апяразаў яго вяночкам усцешлівай тонкай ухмылкі».

«Заложаны пластамі старых навыкаў выбіваўся да чыннасці цвярозы класавы крытэрый. Асцярожліва, але ўверана павярнула яго лёза да разрэзу застоенага акалення».

«А цяпер цяжар і прыгнёт гэтае працы астаўся далёка пазадзе, за глыбокаю разораю, што падзяліла жыццё на чорны пракляты час царызму і яскравы ўрачысты час Кастрычнікавай рэвалюцыі».

Але нідзе, мусіць, натуралізм і правінцыяльная абмежаванасць у творчасці Ц. Гартнага так не праявіліся, як у прозвішчах яго герояў. Мы ведаем, што такія выдатныя мастакі, як Гогаль, Чэхаў, Талстой надавалі вялікае значэнне выбару прозвішча для свайго героя. Ц. Гартны ніколі над гэтым не задумваецца. Трэба яму герой, ён зараз гляне ў мыцельнік альбо качарэжнік, і — калі ласка,— на некалькі раманаў хопіць. А мала — то ён можа заглянуць пад паветку альбо ў хлеў. А ў выніку выходзіць проста здзек і над героямі, якіх ён выводзіць, і над усёй мастацкай творчасцю. Вось, напрыклад, якія прозвішчы вы сустрэнеце ў яго «Гомане зарніц» і «Наступе на горны»: Гузік, Скрынка, Кадаўбец, Рашка, Кошык, Кавадла, Тапчан, Друк, Багна, Сажан, Рошчына, Лямец, Брыль, Коўш, Міска, Плот, Світка, Хіб, Сукня, Ляшка, Брызня, Завала, Жвір, Лебяда, Абруч, Нарада, Чарон, Абутка, Матавіла, Затока, Тачыла, Біч (Прут), Атоса, Пераклад, Млён, Кубел.

Калі мы ўспомнім яшчэ з ранейшых твораў Цішкі Гартнага такія прозвішчы, як Бераг, Загон, Псюк, Крупнік, Стаўбун, Пуза, Чмель, Акраец, Ступа, Даўбня, Канач, Гляк, Клін, Вілка, Грэбень, Сук, Марыля Рубец, Брушка, Плеўка, Цэўка, Камель, Браварка, Слой, Плаха, Бізун, Пуга, Ложка, Парог, дык убачым, што ў аўтара гэта сістэма, з якой ён не расстаецца да самага апошняга часу.

Ёсць у Ц. Гартнага творы, якія і не маюць усіх адзначаных недахопаў. Хоць бы ў тым жа «Гомане зарніц» — апавяданне «Круты паварот». Яно не вызначаецца асаблівым майстэрствам, і тэма яго не вельмі актуальная: тут расказваецца пра тое, як адзін чалавек, бядняк-селянін, выбіваўся ў людзі; як ён марыў стаць цыркавым барцом, дасягнуў гэтага, потым расчараваўся ў сваёй прафесіі і пайшоў працаваць на завод. Прынцыпова новае ў гэтым апавяданні ў параўнанні з вышэй разгледжанымі гэта тое, што тут прысутнічае чалавек з яго марамі, надзеямі, удачамі і няўдачамі. Чытач цікавіцца лёсам героя, баіцца за яго і радуецца яго, хоць маленькімі, радасцямі. Псуюць твор паўзы, якія робіць герой, расказваючы аб сабе. Яны робяцца аўтарам для таго, каб даць магчымасць герою чым-небудзь захапіцца і сказаць патэтычную прамову. Ідуць трактары — ён захапляецца і гаворыць прамовы, праходзіць рота чырвонаармейцаў — зноў. Гэтым аўтар хоча падкрэсліць яго адданасць сацыялістычнаму будаўніцтву. Куды больш пераканаўча было б, каб аўтар паказаў свайго героя хоць адным штрыхом на працы.

Вышэй значна стаіць апавяданне «Смерць Германа Васермана» на тэму аб замежным жыцці. У чым тут рэч, вы адразу дагадаецеся, параўнаўшы толькі загалоўкі разгледжаных мною раней твораў з загалоўкам гэтага апавядання. Там «Напевы сірэн», «Зялёны шум» — тут «Смерць Германа Васермана». Там у аснову твора бярэцца працэс, тут — чалавек і яго лёс. Дзіўна крыху: рабочых і калгаснікаў я сустракаю досыць часта, ведаючы іх у жыцці, а чытаючы творы Ц. Гартнага, не магу ўявіць сабе іх, як жывыя вобразы. А вот служачы фінансавай установы ў Германіі, якога я ні разу не бачыў,— Герман Васерман устае перада мною, як жывы. Больш таго, я люблю гэтага чалавека, я абураюся разам з ім, я шкадую яго, калі ён памірае. У Васермана баліць бок пасля няўдачнай аперацыі — мне яго шкода. Адным словам, Герман Васерман жывы чалавек, а не адна толькі функцыя на дзвюх нагах, як Якаў Плот з апавядання «Зялёны шум» ці Шумкін з «Напевы сірэн». Больш таго — Васерман не толькі жывы чалавек, ён літаратурны вобраз, бо ў ім паказаны тыя істотныя рысы, якія ўласцівы камуністу ў Германіі, і паказаны ў тыповых абставінах. Гэта апавяданне, нягледзячы на шурпатасць стылю Ц. Гартнага, з’яўляецца сапраўды мастацкім творам, і аўтар смела можа залічыць яго ў актыў свае творчае перабудовы, хоць ён, напэўна, пісаў гэты твор не спецыяльна для перабудовы.

Які ж вывад адгэтуль? Што аўтар не павінен брацца за вытворчую і калгасную тэматыку, а павінен шукаць сабе мэты недзе на перыферыі нашай сапраўднасці ці за мяжой?

Наадварот, аўтар настолькі павінен зрадніцца з сацыялістычным будаўніцтвам, каб пісаць пра яго стала яго арганічнай патрэбай, унутранай неабходнасцю.

Ц. Гартны зрабіў значны крок на шляху сваёй творчай перабудовы, пачаўшы яе з свайго ідыёвага пераўзбраення. Ён уключыўся сваёй тэматыкай у сацыялістычнае будаўніцтва на найбольш адказных яго ўчастках, ён падыходзіць да сапраўднасці з савецкіх пазіцый, але ўсё ж гэта толькі першы крок. Адчуваецца яшчэ, што Ц. Гартны пісаў некаторыя творы з думкай: «Мне ж трэба перабудавацца. І хутка ж гэта трэба зрабіць». Адгэтуль — паўфабрыкат, а не паўнацэнны мастацкі твор, адгэтуль і схематызм вобразаў, які кампенсуецца патэтыкай, лобавай агітацыяй. Гэта перабудова яшчэ, калі можна так сказаць, для сябе. Для савецкага чытача з такой перабудовы карысці не так шмат; ён такія творы чытае вельмі неахвотна. Далейшая задача для Ц. Гартнага, на маю думку, гэта перагледзець свой метад паказу савецкай сапраўднасці, паставіўшы ў цэнтр увагі чалавека, а не працэс, перамагчы натуралізм, у палоне якога знаходзіцца Ц. Гартны; перагледзець увесь арсенал сваіх мастацкіх сродкаў, бо гэтыя сродкі ў аўтара, трэба проста сказаць, часамі вельмі саматужныя і прымітыўныя. З такімі сродкамі нельга стварыць высокамастацкага твора, як нельга зрабіць блюмінг пры дапамозе малатка і напільніка. Апавяданне «Смерць Германа Васермана» сведчыць аб тым, што пры правільным падыходзе да тэмы, да вобраза і пры больш упартай і стараннай працы над творам Ц. Гартны здолее даць добрыя мастацкія творы, якія паслужаць на карысць сацыялістычнаму будаўніцтву. Пажадаем яму найлепшых поспехаў на гэтым шляху.

1934


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан