epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Прадмова

Беларуская літаратура займае пачэснае месца ў многанацыянальнай савецкай літаратуры. Лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў, перакладзеныя на мовы народаў Савецкага Саюза і шмат якія замежныя мовы, сталі здабыткам сусветнай культуры.

Паэзія была на працягу доўгага часу і сёння застаецца найбольш развітым жанрам беларускай літаратуры. Яе вытокі хаваюцца ў сівой мінуўшчыне, у літаратуры Кіеўскай Русі.

Узнікненне ў Беларусі так званай вершаванай паэзіі адносіцца да пачатку XVII стагоддзя. Першыя віршы звычайна распрацоўвалі царкоўна-рэлігійныя тэмы. Да віршаў звяртаўся Францішак Скарына, а затым Памва Бярында, Афанасій Філіповіч і іншыя пісьменнікі і культурныя дзеячы XVI—XVII стагоддзяў. Прыкметны след пакінуў у віршавай паэзіі Беларусі Сімяон Полацкі (1629— 1680).

Побач з віршамі на царкоўна-рэлігійныя тэмы ў беларускай старажытнай літаратуры існавала панегірычная паэзія, найбольш тыповым прадстаўніком якой быў Андрэй Рымша. Да XVI і пачатку XVII стагоддзяў адносяцца таксама і першыя спробы «грамадзянскай» лірыкі — віршы на грамадска-гістарычныя тэмы.

Аднак, ледзь толькі нарадзіўшыся, беларуская паэзія сутыкнулася з перашкодамі, якія надоўга затрымалі яе развіццё. Вядома, што на працягу стагоддзяў беларускі народ знаходзіўся пад моцным сацыяльным і нацыянальным прыгнётам. Асабліва ўзмацніўся гэты прыгнёт пасля Люблінскай уніі. Польскія паны ўсяляк намагаліся прыпыніць нацыянальна-гістарычнае развіццё беларусаў як асобнай народнасці, апалячыць і акаталічыць беларускае насельніцтва. У 1696 годзе пастановай Польскага сейма беларуская мова была афіцыйна забаронена. Гэта адмоўна адбілася на развіцці беларускай літаратуры. «Беларуская літаратура,— пісаў аб гэтым часе Я. Колас,— пасля многіх вякоў нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту нашага народа прыйшла ў заняпад» («Советская Белоруссия», N9 100, 4 ліпеня 1949 г.). Адным з вынікаў гэтага заняпаду была адсутнасць друкаваных кніг на беларускай мове.

Больш чым на працягу стагоддзя беларуская літаратура развівалася павольна. Гэты змрочны перыяд разгулу панска-каталіцкай рэакцыі не пакінуў колькі-небудзь значных помнікаў беларускай мастацкай літаратуры наогул і ў галіне паэзіі ў прыватнасці. З тых часоў захавалася і дайшла да нас невялікая колькасць гумарыстычных вершаў і пародый на «набожныя» віршы («Лаўрыя», «Стары Восіп...», «Воскресенне Хрнстово...» і інш.). У канцы XVIII стагоддзя Беларусь увайшла ў склад Расіі. Царскае самаўладства таксама імкнулася пазбавіць беларускі народ права на развіццё сваёй нацыянальнай культуры, забараняла яго мову, літаратуру. Царскім указам у 1840 годзе забаранялася ўжываць нават тэрмін «Беларусь», а загадвалася называць яе «Северо-Западным краем». І ўсё ж далучэнне да Расіі мела вялікае прагрэсіўнае значэнне. Яно адкрывала перад беларускім народам і яго краінай куды больш шырокія магчымасці эканамічнага і культурнага развіцця, спрыяла ўмацаванню брацкіх сувязей з вялікім рускім народам, рабіла больш дзейсным уплыў рускай перадавой думкі на развіццё беларускай культуры.

Пасля часовага заняпаду працягваецца развіццё беларускай літаратуры ў новых гістарычных умовах. Перш за ўсё абуджаецца паэзія. Ужо ў 20—30-я гады XIX стагоддзя ў сувязі з агульным патрыятычным уздымам, выкліканым Айчыннай вайной 1812 года, з’яўляюцца першыя самабытныя паэтычныя творы, узросшыя на нацыянальнай глебе.

Гэта ананімныя літаратурныя вершы («Багач», «Праўда»), гутаркі («Скажы, вяльможны пане!»), вершаваныя апавяданні («Чортава сіла»), парадыйныя паэмы («Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). У гэтых творах мастацкі ўвасабляюцца асобныя з’явы сялянскага жыцця, побыту і народнага светапогляду.

Найбольш значным з ананімных твораў, якія стаяць ля вытокаў новай беларускай літаратуры, з’яўляецца паэма «Тарас на Парнасе». У гумарыстычнай і жартоўнай форме ў паэме малююцца паасобныя адмоўныя з’явы феадальнапрыгонніцкага грамадства, трапна высмейваюцца густы і высокі стыль арыстакратычнай літаратуры. Аўтар паэмы добра валодаў майстэрствам вершаскладання.

Сацыяльна-бытавыя гутаркі дарэформеннай пары «Панская ласка», «Гутарка Данілы са Сцяпанам» і многія іншыя гутаркі дэмакратычнага напрамку накіраваны супроць прыгону і выяўляюць настроі прыгоннага сялянства.

К сярэдзіне XIX стагоддзя беларуская літаратура з рукапіснай паступова становіцца друкаванай, яна траціць сваю безымяннасць. Адным з першых беларускіх паэтаў быў Паўлюк Багрым (1816—1891). Вядомы нам адзіны яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы» яскрава адлюстроўвае антыпрыгонніцкія настроі сялянства. У 40-я гады піша лірычныя вершы Ян Чачот. У гэты ж час пачынае літаратурную дзейнасць В. Дунін-Марцінкевіч. На фальклорных матывах ім напісаны вершаваныя аповесці «Вечарніцы», «Купала» і іншыя. Яму належыць таксама паэма «Гапон» і рад драматычных твораў.

У мэтах рэвалюцыйнай агітацыі да вершаў звяртаецца выдатны беларускі рэвалюцыянер Кастусь Каліноўскі.

Але найбольш выразныя нацыянальныя рысы і ярка выяўленую дэмакратычную накіраванасць беларуская паэзія набывае ў творчасці Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага. Самым выдатным з іх з’яўляецца Ф. Багушэвіч. Цесная сувязь з сучаснасцю, ярка выяўленае пачуццё грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці, страсная абарона інтарэсаў працоўнага сялянства, глыбокая нянавісць да самаўладства і рэшткаў прыгонніцтва — такія найбольш характэрныя рысы грамадзянскай паэзіі Багушэвіча, сабранай у яго зборніках «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894). Багушэвіч як бы падвёў вынікі развіцця беларускай паэзіі за ўсё XIX стагоддзе і намеціў яе далейшы шлях.

«Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры,— як справядліва адзначыў М. Багдановіч,— мае зыходным пунктам 1905 год, які зрабіў глыбокі пераварот у псіхіцы народных мас...» (Творы, т. ІІ, Мінск, 1928 г. С.24).

Рэвалюцыя 1905—1907 гг. дала моцны штуршок развіццю беларускай нацыянальнай літаратуры і вызначыла яе кірунак. Яна ўзняла з народных глыбінь самабытныя мастацкія таленты. Іменна ў гэты час на арэну літаратурнай і грамадскай дзейнасці выйшлі славутыя песняры беларускага народа Янка Купала і Якуб Колас, Элаіза Пашкевіч (Цётка). Услед за імі прыйшлі ў літаратуру Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Максім Багдановіч, Канстанцыя Буйло, Янка Журба, Алесь Гурло і многія іншыя пісьменнікі. Яны прынеслі ў літаратуру гарачы подых сучаснасці, пашырылі яе далягляды, напоўнілі новым рэвалюцыйным зместам, узбагацілі яе новымі формамі і жанрамі.

У цяжкіх умовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту і паліцэйскіх рэпрэсій перадавыя пісьменнікі рухалі наперад развіццё роднай літаратуры. Яны ў сваёй літаратурна-мастацкай дзейнасці абапіраліся на дасягненні сваіх папярэднікаў і традыцыі нацыянальнага фальклору, творча выкарыстоўвалі выдатныя здабыткі братніх славянскіх літаратур і ў першую чаргу літаратуры вялікага рускага народа.

Нягледзячы на перашкоды, якія ставіў царызм беларускай літаратуры і друку, у гэты час адна за другой выходзяць кнігі беларускіх паэтаў «Хрэст на свабоду» Цёткі, «Жалейка», «Гусляр», «Шляхам жыцця» Я. Купалы, «Песні жальбы», «Родныя з’явы», «Апавяданні» Я. Коласа, «Вянок» М. Багдановіча, «Абразкі» Зм. Бядулі, «Курганная кветка» К. Буйло і творы іншых пісьменнікаў.

У прадкастрычніцкія гады пачынае больш паспяхова развівацца беларуская проза і драматургія. Але паэзія па-ранейшаму застаецца вядучым жанрам. Дзякуючы плённай дзейнасці перадавых беларускіх паэтаў, і ў першую чаргу выдатных майстроў мастацкага слова Я. Купалы, Я. Коласа і М. Багдановіча, беларуская паэзія ў сваіх найлепшых праявах узнялася на такі ідэйна-мастацкі ўзровень, што стала сапраўдным люстрам нацыянальнага жыцця, выражэннем настрояў, патрэб і спадзяванняў шырокіх народных мас, магутным сродкам рэвалюцыйнай барацьбы. Тагачаснай паэзіі пад сілу было паказаць шырокія пласты народнага жыцця, раскрыць духоўны свет працоўнага беларуса, стварыць чалавечы характар у яго жывых сувязях з навакольнай рэчаіснасцю. Яе асноўны герой — гэта чалавек, што выйшаў з самай гушчы народа, змагар за сваё сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне.

Беларуская паэзія гэтага часу вызначаецца і пэўнай стылявой і жанравай разнастайнасцю. Рэалізм становіцца ў ёй асноўным напрамкам. Моцна адчуваецца ў ёй і рамантычны струмень; яна вызначаецца цяпер больш глыбокім і праўдзівым успрыманнем свету, высокай мастацкай культурай, тэхнікай вершаскладання.

Беларуская паэзія была заўважана і прызнана брацкімі суседнімі народамі і перш за ўсё вялікім рускім народам, падтрымку і дапамогу якога заўжды адчувалі беларускі народ і яго пісьменнікі. «Я звяртаю ўвагу скептыкаў,— пісаў А. М. Горкі,— на маладую літаратуру беларусаў — самага забітага народа ў Расіі, на працу людзей, якія групаваліся вакол газеты «Наша Ніва» («О писателях-самоучках». Часопіс «Современный мир», 1911, № 2). М. Горкі даў высокую ацэнку творчасці Я. Купалы і Я. Коласа і ў іх асобе беларускай паэзіі.

Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя накіравала па новаму рэчышчу жыццё беларускага народа, як і ўсіх іншых народаў Расіі, аказала магутны ўплыў на развіццё духоўных сіл і творчых здольнасцей працоўнага чалавека. Беларуская літаратура перажыла сваё сапраўднае другое нараджэнне. Прынесеныя Кастрычнікам новыя ідэі і тэмы, матывы і вобразы, рытмы і інтанацыі ўладарна ўваходзілі ў беларускую літаратуру. Перад ёй паўсталі новыя складаныя і важныя задачы. Рэвалюцыйная сучаснасць нарадзіла новага чытача. Гэта — нядаўні салдат рэвалюцыі, што прайшоў агнявыя рубяжы грамадзянскай вайны, а цяпер — салдат мірнай працы. Ён настойліва шукаў у літаратуры адказу на самыя надзённыя пытанні часу, хацеў бачыць у ёй сябе, свой народ, свайго сучасніка. Вось такія надзённыя творы аб сучаснасці і заклікана была даць маладая савецкая літаратура.

Ужо ў першыя гады савецкай улады Янка Купала ў сваіх узнёслых вершах выказвае гарачую веру ў хуткае набліжэнне тае пары, калі «зазвініць залатаструнна родны Край адной камунай». Ён заклікае савецкую моладзь — арлянят быць першымі ў барацьбе за ўсталяванне новага, савецкага ладу жыцця. У 1924 годзе Купала стварае сваю вядомую паэму «Безназоўнае» — твор вялікай мастацкай сілы, у якім паэт так шчыра апеў і апаэтызаваў светлую долю маладой Савецкай Беларусі. Якуб Колас побач з вершамі і апавяданнямі на савецкую тэматыку працуе над завяршэннем сваіх манументальных паэм «Новая зямля» (1923) і «Сымон-музыка» (1925). Новая рэвалюцыйная рэчаіснасць дапамагае народнаму паэту больш выразна ўсвядоміць велічную гістарычную перспектыву развіцця роднай краіны. Мусіць, таму ў гэтых цудоўных паэмах так моцна адчуваецца жыццесцвярджальны пафас, цвёрдая ўпэўненасць у стваральных магчымасцях працоўных мас. Змітрок Бядуля выступае з вершамі, у якіх услаўляецца вялікая будучыня беларускай зямлі. «Барабаншчыкам рэвалюцыі» называлі Цішку Гартнага.

Рэвалюцыйная эпоха ўзняла, акрыліла і маладыя таленты. Гэта перш за ўсё ўчарашнія ўдзельнікі грозных паходаў, таленавітыя маладыя людзі ад станка, ад плуга, з рабфакаўскай аўдыторыі.

Глыбока адчуваючы сябе дзецьмі Кастрычніка, маладыя паэты з юнацкім запалам услаўляюць «раніцу новага жыцця», радасна і натхнёна апяваюць веліч перамогі Кастрычніка.

Вядучым паэтам «першага прызыву» стаў Міхась Чарот — аўтар урачыстых гімнаў сацыялістычнай рэвалюцыі. Яго паэма «Босыя на вогнішчы» (1921) была ўспрынята сучаснікамі як услаўленне Кастрычніка на Беларусі, як узор новай рэвалюцыйнай савецкай паэзіі. М. Чарот з’явіўся таксама ініцыятарам творчага аб’яднання літаратурнай моладзі. На працягу некалькіх год ён быў на чале кіраўніцтва першай у Беларусі літаратурнай арганізацыі «Маладняк», куды ўваходзілі пераважна маладыя і пачынаючыя пісьменнікі.

Услед за М. Чаротам у паэзію прыходзяць К. Крапіва, У. Дубоўка, А. Александровіч, А. Дудар, Я. Пушча, а крыху пазней у яе ўліваецца новае папаўненне — П. Трус, П. Глебка, П. Броўка, М. Лужанін, 3. Астапенка, Ю. Таўбін, А. Куляшоў, А. Звонак, У. Хадыка, М. Хведаровіч і інш. Кожны з маладых паэтаў імкнуўся ўнесці ў маладую беларускую савецкую літаратуру свой пасільны ўклад, па-свойму адлюстраваць і ўславіць «вясну чалавецтва». І ўсё ж пры ўсёй адметнасці і разнастайнасці мастацкіх талентаў, якія прыйшлі ў беларускую паэзію, іх творчасці былі ўласцівы і агульныя, тыповыя рысы. А іменна: з самага пачатку свайго слаўнага шляху беларуская савецкая паэзія вызначалася рэвалюцыйным пафасам, аптымізмам і бадзёрасцю; у ёй пераважала на гэтым першапачатковым этапе яе развіцця чыста эмацыянальнае ўспрыняцце векапомных рэвалюцыйных падзей; рамантызацыя і паэтызацыя новай рэчаіснасці выступалі як асноўныя, дамінуючыя прынцыпы мастацкага адлюстравання і тыпізацыі жыццёвых з’яў. Нельга тут не адзначыць таксама і найбольш характэрныя недахопы беларускай паэзіі тых год. Гэта не заўсёды глыбокае пранікненне ў сутнасць сацыяльных працэсаў і пераўтварэнняў, якія несла з сабой рэвалюцыя, схільнасць некаторых паэтаў да гучнай фразы, да абстрактных «маштабна-касмічных» вобразаў, рытарычнасць, лазунговасць, плакатнасць.

Шлях да паэзіі сацыялістычнага рэалізму ляжаў праз пераадоленне «хвароб» росту, праз больш цесную сувязь з жыццём, праз усведамленне ўсёй складанасці тых грандыёзных рэвалюцыйных з’яў і падзей, сведкамі і непасрэднымі ўдзельнікамі якіх з’яўляліся пісьменнікі. Барацьбу за новыя, большыя вышыні ў паэзіі вялі сумесна як старэйшыя, так і маладыя мастакі слова. З кожным днём шчыльнелі іх рады, а значыць — лягчэй было пераадольваць і трудныя перавалы на шляху стварэння новай літаратуры — літаратуры сацыялістычнага рэалізму.

Да дзесяцігоддзя БССР таленавіты паэт Паўлюк Трус напісаў паэму «Дзесяты падмурак». У ёй увасоблена страсная мара паэта і яго народа бачыць абноўленай сваю родную беларускую зямлю, наблізіць той час, калі Беларусь — «край балот, адвечных песень-казак» — стане «краем фабрык дымных і машын». А неўзабаве Янка Купала ў вершы «Сыходзіш, вёска, з яснай явы» ўславіў светлую будучыню новай беларускай вёскі, якая стала на шлях калектывізацыі.

Ішлі гады, беларуская літаратура заваёўвала адзін рубеж за другім, уздымалася ўсё вышэй і вышэй. У 30-я гады беларуская паэзія яшчэ бліжэй становіцца да жыцця, больш рашуча паварочваецца да сучаснасці. У ёй вельмі выразна адчуваюцца моцныя подыхі эпохі бліскучых перамог сацыялістычнага пераўтварэння краіны. Галоўным аб’ектам мастацкага адлюстравання беларускай паэзіі становіцца і «хада падзей» рэвалюцыйнай сучаснасці, і «цэхавыя будні», і жыццё новай калгаснай вёскі. Асноўны пафас нашай паэзіі гэтага часу ў мастацкім увасабленні і ўслаўленні пераўтваральнай працы свабоднага ад путаў эксплуатацыі і прыгнёту працоўнага чалавека, у паэтызацыі таго новага, сацыялістычнага, што так упэўнена ўваходзіла ў жыццё савецкага народа. Аб тым, «як на край балотны ішоў сацыялізм», яскрава расказаў у сваёй паэме «Над ракой Арэсай» (1933) Я. Купала. Радасныя і хвалюючыя, звонкія і задушэўныя «песні будаўніцтва» складаюць Я. Колас, П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў, А. Звонак, А. Александровіч, М. Лужанін і многія іншыя пісьменнікі. Нельга назваць паэта, які б не адгукнуўся сваім мастацкім словам на грандыёзныя сацыялістычныя перамены ў жыцці беларускага народа, Савецкай краіны.

Аднак трэба заўважыць, што адлюстраванне велічы сацыялістычных пераўтварэнняў, рашучых тэмпаў карэннай ломкі старога ўкладу ў беларускай літаратуры гэтага часу не заўсёды спалучалася з глыбокім паказам унутранага свету нашага сучасніка, у творах асобных пісьменнікаў падзеі засланялі жывога чалавека. І яшчэ адна хіба, якая характэрна была для многіх твораў паэтаў 30-х гадоў: хоць значна расшырыўся і ўзбагаціўся змест паэзіі, паглыбілася яе праблематыка, вырасла культура верша, аднак у паэзіі яшчэ не была цалкам пераадолена дэкларацыйнасць, празмерная абагульненасць паэтычнага малюнка, знешне рамантычнае захапленне імклівай хадой падзей. Рухацца ўперад, да новых вышынь — значыла даць у паэзіі самыя шырокія правы грамадзянства простаму чалавеку — будаўніку і творцу сацыялізма, у паўнакроўных мастацкіх вобразах увасобіць усю веліч і прыгажосць яго гераічных спраў, высакародных дум і пачуццяў. У гэтым вось напрамку і ішоў далейшы паступовы рух беларускай паэзіі наперад.

З кожнай перамогай сацыялізма ўсё выразней акрэсліваліся, усё паўней выяўляліся высокія маральныя якасці, багацце інтэлектуальнага свету, духоўнага аблічча чалавека новага, сацыялістычнага грамадства. Зусім натуральна, што і ў паэзію яе асноўны герой прыйшоў як непасрэдны творца новага жыцця — рабочы чалавек, удзельнік мірных будоўляў, заняты штодзённымі вялікімі справамі. Вельмі паказальна, што гэты новы герой увайшоў у нашу паэзію не як «маленькі чалавек», заклапочаны толькі чыста асабістымі інтарэсамі. Ён паўстаў у літаратуры ў арэоле вялікіх спраў, у абстаноўцы гераічных будняў і высакародных імкненняў. У славутым «ляўкоўскім» цыкле вершаў (1935) Я. Купалы, творах Я. Коласа, у паэмах «Кацярына» П. Броўкі і «У зялёнай дуброве» А. Куляшова, у лірыцы маладога П. Панчанкі і многіх іншых пісьменнікаў апаэтызавана багатая, цудоўная душа чалавека працы, раскрыты яго творчыя здольнасці і шырокія магчымасці. Не адрываючы героя ад жывой рэчаіснасці, ад канкрэтных спраў, не пазбаўляючы яго звыклага асяроддзя, наша паэзія з асаблівай увагай і настойлівасцю выяўляла выдатныя рысы новага савецкага чалавека ў яго побыце, умовах працы, псіхалогіі, думках, пачуццях, сцвярджала і паэтызавала іх як тыповыя, характэрныя праявы новага ладу жыцця. Таму, напэўна, у паэзіі перадваеннага часу так арганічна сплаўлены, так арганічна зліліся рэалістычныя і рамантычныя прынцыпы тыпізацыі. Таму ж, напэўна, светлая атмасфера, урачысты настрой, аптымістычнае светаўспрыманне, бадзёрыя інтанацыі так характэрны для лірыкі паэтаў розных творчых індывідуальнасцей, для ўсёй беларускай паэзіі.

Важна адзначыць, што іменна ў 30-я гады асабліва ўзмацніліся сувязі беларускіх пісьменнікаў з рускімі, украінскімі, грузінскімі і іншымі пісьменнікамі брацкіх народаў. Разам з умацаваннем дружбы паміж савецкімі народамі расла і ўмацоўвалася дружба савецкіх літаратур, плённае ўзаемадзеянне паміж імі.

Пасля гістарычных вераснёўскіх падзей 1939 года рады нашай паэзіі папоўніліся: заходнебеларускія паэты — М. Танк, В. Таўлай, П. Пестрак, М. Васілёк, М. Машара, Н. Тарас, М. Засім і інш. уліліся ў дружную сям’ю савецкіх літаратараў.

Ва ўмовах буржуазнага ладу, паліцэйскага рэжыму, які панаваў у панскай Польшчы, беларуская рэвалюцыйная паэзія не мела спрыяльных умоў для развіцця. Тым не менш, дзякуючы самаахвярнай працы перадавых пісьменнікаў, яна жыла, развівалася, паступова набіралася сіл, загартоўвалася. Гэта паэзія наскрозь прасякнута пафасам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа, за ўз’яднанне з Савецкім Саюзам. Пасля вераснёўскіх падзей заходнебеларускія паэты аддаюць свой талент вялікай справе сацыялістычнага будаўніцтва, складаюць песні радасці аб свабодным жыцці.

Аддаючы «агонь душы і сэрца жар» сцверджанню і ўслаўленню сацыялістычнай рэчаіснасці, беларускія паэты з асаблівай пільнасцю сачылі за развіццём падзей ва ўсім свеце. І чым больш азмрочваўся небасхіл, тым больш настойліва і шырока гучала ў паэзіі абаронная тэма. Быць пільным, цвёрда стаяць на варце заваёў Кастрычніка — такі заклік чуецца ў творах нашых народных паэтаў Я. Купалы і Я. Коласа, у паэмах П. Броўкі, П. Глебкі, А. Куляшова і іншых беларускіх паэтаў. З самага пачатку Айчыннай вайны беларускія паэты сталі ў рады абаронцаў Радзімы, падпарадкаваўшы ўсю сваю творчасць інтарэсам барацьбы з ворагам.

У суровыя ваенныя гады беларуская паэзія ўзбагацілася шэрагам твораў, якія ўвайшлі ў залаты фонд нашай літаратуры. Галоўная вартасць паэзіі ваенных год — у гарачым патрыятызме, у высокім грамадзянскім пафасе, у вялікай сіле мастацкага ўздзеяння. Вершы Я. Купалы і Я. Коласа, П. Панчанкі, П. Глебкі, паэмы «Сцяг брыгады» А. Куляшова, «Янук Сяліба» М. Танка, «Беларусь» П. Броўкі — гэта яскравы мастацкі летапіс ратных і працоўных подзвігаў нашага народа ў суровыя гады Айчыннай вайны, яркае ўвасабленне гераізму і мужнасці савецкіх людзей — салдат, партызан, працаўнікоў тылу.

Для кожнага паэта, як і для ўсіх савецкіх людзей, вайна з’явілася суровым выпрабаваннем. І з радасцю можна адзначыць, што беларускія паэты высока пранеслі сцяг вернасці савецкай Радзіме, самаадданага служэння народу. За час вайны беларуская літаратура панесла вялікія страты: не стала Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, не вярнуліся з франтоў А. Жаўрук, А. Ушакоў, Л. Гаўрылаў, А. Коршак, А. Гейнэ, У. Рагуцкі, А. Дубровіч.

Разам з народам франтавымі дарогамі і партызанскімі сцежкамі прайшла вайну беларуская паэзія. Гэта ўзбагаціла яе, узбагаціла не толькі тэматычна, ідэйна, але і новымі талентамі, культурай творчасці. Новымі фарбамі заіскрылася наша паэзія. Узмужнеў і загартаваўся талент паэтаў больш маладых, такіх, як А. Русак, К. Кірэенка, А. Вялюгін, А. Бялевіч, А. Зарыцкі, М. Аўрамчык, В. Вітка, А. Астрэйка, М. Калачынскі, У. Корбан, А. Бачыла.

Свята перамогі беларуская паэзія сустрэла натхнёнымі і ўрачыстымі песнямі радасці. Аднак тэма гераізму нашага народа ў барацьбе з азвярэлым фашызмам гучыць у ёй і на сённяшні дзень. І для тых паэтаў, што самі прымалі ўдзел у Айчыннай вайне, і для тых, што тады дзіцячымі вачыма сачылі за ходам барацьбы і пазней прыйшлі ў літаратуру, тэма вайны не адышла ў гісторыю. Натуральна, што ва ўмовах мірнага будаўніцтва савецкія паэты варочаюцца да падзей ваеннага часу, імкнуцца асэнсаваць іх з вышыні нашага сёння, глыбей раскрыць крыніцы масавага гераізму, ярчэй паказаць веліч подзвігу савецкага народа.

Пасляваенны перыяд — час адбудовы народнай гаспадаркі, час разгорнутага будаўніцтва камунізма — паставіў перад літаратурай, і ў прыватнасці перад паэзіяй, новыя адказныя задачы. Савецкі народ, які выстаяў і перамог у Вялікай Айчыннай вайне і на фронце мірнай стваральнай працы, паказаў і паказвае выдатныя прыклады працоўнага гераізму, высокі патрыятызм, настойлівасць у здзяйсненні грандыёзных планаў пабудовы камуністычнага грамадства. Яго рукамі створаны такія гіганты прамысловасці, такія цуды тэхнікі, што выклікаюць захапленне ўсяго свету. І наша паэзія, калі яна хоча ісці ў нагу з жыццём, павінна паказаць нашага сучасніка ва увесь яго рост, уславіць яго стваральны геній, раскрыць яго багаты інтэлектуальны свет.

М. С. Хрушчоў адзначаў, што галоўная лінія развіцця заключаецца ў тым, каб літаратура і мастацтва былі заўсёды непарыўна звязаны з жыццём народа, праўдзіва адлюстроўвалі багацце і разнастайнасць нашай сацыялістычнай рэчаіснасці, ярка і пераканаўча паказалі вялікую пераўтвараючую дзейнасць савецкага народа, высакароднасць яго імкненняў і мэт, высокія маральныя якасці. Вышэйшае грамадскае прызначэнне літаратуры і мастацтва — узнімаць народ на барацьбу за новыя поспехі ў будаўніцтве камунізма.

Беларускія паэты добра зразумелі тыя велічныя задачы, якія паставіла наша партыя перад літаратурай у новых гістарычных умовах. Здзяйсняючы гэтыя задачы, яны напісалі шмат высокамастацкіх твораў аб гераічных справах савецкіх людзей, аб барацьбе Камуністычнай партыі за ўздым дабрабыту народа.

Яшчэ ў грозныя дні Айчыннай вайны Янка Купала прароча пісаў:

 

Загоім раны, адбудуем

Свае сялібы зруйнаваны,

Сваю краіну маладую

Святлом асвецім нечувалым.

Зірнуць зноў нашы ўвысь палацы,

Святочна прыбяруцца людзі,

Як красаваўся, красавацца

Чырвоны сцяг над намі будзе.

 

Гэтым высокім стваральным пафасам, пафасам барацьбы за мір, справядлівасць і чалавечнасць напоўнена ўся пасляваенная беларуская паэзія. На жывым матэрыяле нашай рэвалюцыйнай сучаснасці паэты яскрава паказалі, як праца і розум народа ўзнялі з руін і папялішчаў родную Беларусь, накіравалі яе па шырокім шляху да вяршынь камунізма.

На рубяжы саракавых — пяцідзесятых гадоў з’явіліся паэма «Рыбакова хата» Я. Коласа, зборнік «Камуністы» і паэма «Толькі ўперад» А. Куляшова, паэмы «Хлеб» і «Родныя берагі» П. Броўкі, «Залатое дно» А. Зарыцкага, зборнікі «Каб ведалі» М. Танка, «Гарачыя вятры» П. Панчанкі, «Негарэльская арка» А. Вялюгіна, «Мая рэспубліка» К. Кірэенкі, «Пярэдні край» М. Аўрамчыка, «Поўдзень» В. Віткі і многія, многія іншыя творы, якія складаюць сур’ёзныя заваёвы беларускай паэзіі пасляваеннага часу.

Яшчэ больш актыўнай, дзейснай, мэтанакіраванай стала беларуская паэзія ў апошнія гады. Узмацніліся яе сувязі з жыццём народа, паглыбілася пранікненне ў грамадскія працэсы, рассунуліся далягляды. Штодзённыя справы будаўнікоў камунізма, пачуцці, думкі і настроі чалавекатварца знаходзяць сваё яскравае паўнакроўнае мастацкае асвятленне. Усё больш шырокае гучанне набывае ў паэзіі тэма камунізма, тэма сонечнай будучыні, рэальныя рысы якой так прыкметна выяўляюцца ў нашы дні.

Поруч з творамі аб гераічных буднях народа, аб узмацненні «пачуцця сям’і адзінай» савецкіх народаў, аб духоўным абліччы сучасніка ў кніжцы любога нашага паэта шырокае месца займае тэма абароны міру, дэмакратыі і прагрэсу, тэма выкрыцця падпальшчыкаў вайны.

Ёсць у паэме Максіма Танка «Дзённік міру» радкі:

 

Той, хто дружбу шукае,

У нас знойдзе яе,

Той, хто праўду шукае,

У нас знойдзе яе,

Той, хто песню шукае,

У нас знойдзе яе,

А хто вецер пасее,

Той буру пажне!

 

Гэта лейтматыў многіх і многіх твораў беларускай паэзіі на тэму абароны міру, хоць кожны з паэтаў увасабляе ідэю міру, ідэю дружбы ўсіх народаў зямлі па-свойму, непаўторна.

У апошнія гады нашы паэты пабывалі за рубяжамі савецкай краіны. І ў выніку — беларуская паэзія атрымала цікавыя творы аб жыцці замежных краін, аб настроях і імкненнях працоўных. Дастаткова прыгадаць выдатны цыкл М. Танка «Вершы з дарогі», паэму П. Панчанкі «Патрыятычная песня» і яго ж зборнік «Нью-йоркскія малюнкі», кніжку П. Броўкі «Далёка ад дому» і іншыя. Савецкія пісьменнікі выкрываюць капіталістычны свет; з натхненнем апавядаюць яны аб росце класавай свядомасці працоўных, аб актыўнай барацьбе народаў за сваю свабоду і незалежнасць, за мір і дэмакратыю.

Савецкі час і асабліва нашы дні — гэта пара новага сапраўднага ўзлёту беларускай паэзіі, шырокага выхаду яе на міжнародную арэну. Талентамі заўсёды была багата беларуская зямля. Але толькі ў савецкіх умовах пад руплівым доглядам нашай партыі змаглі яны расквітнець на поўную сілу, даць вялікія эстэтычныя здабыткі. Асабліва радуе тое, што кожны год прыносіць паэзіі новыя поспехі, што з кожным годам расце атрад беларускіх паэтаў. Паглядзіце, колькі новых імён паявілася ў нас за апошні час. У адным шэрагу з паэтамі старэйшага пакалення ўпэўнена крочаць У. Караткевіч і Р. Барадулін, С. Гаўрусёў і Н. Гілевіч, А. Лойка і У. Нядзведскі, Е. Лось і Д. Бічэль, М. Арочка і К. Цвірка. Гэта змена таленавітая, надзейная, а значыць, і будучыня беларускай паэзіі — шматабяцаючая.

На некалькіх старонках нельга больш-менш поўна расказаць пра шляхі беларускай паэзіі, раскрыць яе эстэтычнае багацце і хоць бы ўвогуле вызначыць індывідуальныя асаблівасці нават вядучых паэтаў. Трохтомная анталогія дазволіць чытачу грунтоўна азнаёміцца з беларускай паэзіяй, скласці ўяўленне аб яе асаблівасцях і поспехах, аб яе мастацкай каштоўнасці.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан