epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Праметэй

Працоўным Заходняй Беларусі

 

Звіняць іржавым звонам путы,

І стогн дзядзоў, і плач дзяцей.

Рукою панскаю прыкуты

Народ пакутны — Праметэй.

 

Крывёй абліты ён, зняможан!

Маўчыць халодная скала.

Крамсае цела «бялы ожэл» —

Сваяк «двухглавага арла».

 

Ён сэрца рве. Ён шчыпле печань.

Ён п’яны выглядам крыві...

Крывавы баль, аднак, не вечны,

Калі ў грудзях агонь жывы.

 

І прагну аднаго цяпер я:

Каб мне прыждаць хвіліны тэй,

Калі паганай птушкі пер’е

Па ветры пусціць Праметэй.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 125
Крыніца: скан