epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Прамова на Чацвёртым з’ездзе СП БССР

Дарагія таварышы! Ад Трэцяга з’езда пісьменнікаў Беларусі прайшло чатыры гады. За гэты час беларуская літаратура панесла вялікія страты. Няма сярод нас незабыўнага, любімага ўсімі намі Канстанціна Міхайлавіча — Якуба Коласа, Міхася Клімковіча, Алеся Стаховіча, Георгія Шчарбатава, Грыгорыя Камянецкага, Уры Фінкеля, Міколы Засіма. Прашу ўшанаваць памяць іх уставаннем.

Дарагія таварышы! Пісьменнікі Беларусі сабраліся на свой Чацвёрты з’езд у знамянальны час, калі савецкі народ уступае ў перыяд разгорнутага будаўніцтва камуністычнага грамадства. Працоўныя нашай краіны, натхнёныя гістарычнымі рашэннямі XXI з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, захопленыя велічнымі перспектывамі, разгорнутымі ў дакладзе Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, прыступілі да выканання грандыёзных задач.

Нашу будучыню мы рэальна бачым не толькі ў кантрольных лічбах сямігадовага плана, але і ў канкрэтных справах, у грандыёзных будоўлях, якія паводле сямігадовага плана пачалі ўжо ажыццяўляцца, у брыгадах і цэхах камуністычнай працы, якія арганізуюцца па ўсёй краіне.

Рашэннямі з’езда вызначаны галоўныя задачы партыі і савецкага народа ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры, у справе ўздыму дабрабыту народа і магутнасці нашай Радзімы.

Водгулле таго, што гаварылася з высокай крамлёўскай трыбуны, разнеслася па ўсёй планеце, выклікаўшы бурную радасць нашых сяброў і бяссільную злосць нашых ворагаў, якія, сцяўшы зубы, вымушаны прызнаць рэальнасць нашых планаў і іх сусветнае значэнне.

У выніку рэалізацыі сямігадовага плана на вышэйшую ступень узнімецца не толькі народная гаспадарка нашай краіны, не толькі матэрыяльны дабрабыт народа, але і свядомасць савецкага чалавека. У свядомасці людзей усё менш будуць праяўляцца перажыткі капіталізма і ўсё выразней будуць выступаць якасці грамадзяніна камуністычнага грамадства. У высакароднай справе выхавання савецкіх людзей, асабліва маладога пакалення, у духу камунізма пачэсная роля належыць савецкай літаратуры.

Сабраўшыся на свой з’езд, мы, беларускія пісьменнікі, павінны падумаць аб тым, як узняць узровень нашай літаратуры да ўзроўню велічных спраў савецкага народа, да ўзроўню запатрабаванняў перадавога нашага чытача — будаўніка камуністычнага грамадства.

Спецыфіка пісьменніцкай працы не дазваляе нам нашы намеры і творчыя планы выразіць у лічбах. Не можам мы прымяніць для падняцця сваёй вытворчасці і навейшыя дасягненні навукі і тэхнікі — атамную энергію, аўтаматыку, тэлемеханіку. Увесь тэхнічны прагрэс пісьменніцкай працы з часоў Пушкіна абмяжоўваецца тым, што гусінае пяро замянілася аўтаручкай. Такое тэхнічнае ўдасканаленне не гарантуе нам напісання лепшых мастацкіх твораў, чым пісалі нашы слаўныя продкі. А тым часам гэтай недасканалай прыладкай, па сутнасці, тым жа дзедаўскім спосабам, нам прыходзіцца пісаць пра новую рэчаіснасць, пра рэчаіснасць эпохі атамных электрастанцый і касмічных ракет, пра стваральнікаў гэтай фантастычнай тэхнікі — будаўнікоў камуністычнага грамадства. Аднак адчайвацца нам няма падставы. Есць даступная нам і самая важная ў нашай справе вобласць — душа чалавека. Недарэмна Аляксей Максімавіч Горкі назваў літаратуру чалавеказнаўствам.

Гэта чалавеказнаўчая сутнасць з найбольшай паўнатой праявілася іменна ў нашай савецкай літаратуры. Няма на свеце другой літаратуры, якая б з такой глыбінёй адлюстравала самыя высокія ідэалы чалавецтва, расказала аб самых гераічных подзвігах, здзейсненых дзеля іх ажыццяўлення, выразіла самыя высакародныя думы і пачуцці перадавых людзей нашай эпохі — будаўнікоў камунізма. За гэтыя якасці якраз і апалчаюцца на савецкую літаратуру нашы ідэйныя праціўнікі — буржуазныя ідэолагі і рэвізіяністы розных масцей. Ім больш за ўсё колюць вока прынцыпы, на якіх грунтуецца савецкая літаратура, дзякуючы якім яна паспяхова выконвае ролю вернага памочніка партыі ў выхаванні мас. Яны злосна нападаюць на творчы метад сацыялістычнага рэалізму, іх даводзяць да белай гарачкі партыйнасць і сапраўдная народнасць, якімі прасякнуты творы савецкіх пісьменнікаў.

Але гэтыя злосныя нападкі якраз і пераконваюць нас у тым, што савецкая літаратура знаходзіцца на правільным шляху. Яна і далей будзе ісці па гэтым шляху. Гарантыяй таму — пастаянныя клопаты аб савецкай літаратуры нашай роднай Камуністычнай партыі, якая заўсёды асцерагала нас ад памылковых крокаў, на ўсіх этапах указвала нашай літаратуры самы верны напрамак, накіроўваючы яе на служэнне народу. Указанні партыі аб цеснай сувязі літаратуры і мастацтва з жыццём народа паказваюць савецкаму пісьменніку той адзіны шлях, на якім яго чакае поспех і прызнанне народа.

Кроўная сувязь пісьменніка з народам — гэта жыватворная крыніца, якая заўсёды жывіць талент пісьменніка, надае мастацкую сілу і глыбіню яго творам. Яркім доказам гэтага служаць неўміручыя творы Горкага, Маякоўскага, Купалы, Коласа і многіх другіх выдатных прадстаўнікоў савецкіх літаратур.

Беларускім пісьменнікам на сваім з’ездзе прыйдзецца абмеркаваць шмат розных пытанняў, якія па сутнасці зводзяцца да аднаго галоўнага: да пытання аб тым, як пісаць добрыя творы. Праўда, мы ўсе ведаем, якім патрабаванням павінен адпавядаць добры твор у нашым разуменні. Ён павінен быць высокаідэйным па зместу і высокамастацкім па яркасці адлюстравання рэчаіснасці. Мы павінны пісаць праўду аб нашай рэчаіснасці, асвятляючы яе з марксісцка-ленінскіх пазіцый. Здаецца, усё ясна. Садзіся і пішы. Але на справе гэта выходзіць далёка не так проста. Бывае, напіша пісьменнік твор і гатоў паклясціся, што напісаў чыстую праўду. Нават можа дакументальна пацвердзіць, што ўсё іменна так і было ў жыцці. Паглядзіш дакументы: праўда, былі такія факты. Пачытаеш твор: няпраўда, а то і горш — паклёп. Гэта значыць, што праўда фактаў і мастацкая праўда не тое самае. Гэта значыць, што пісьменнік павінен бачыць не толькі факты, але і іх узаемасувязь, ведаць заканамернасці жыцця, тады толькі факты саслужаць яму добрую службу.

Бывае і іначай. Пісьменнік напісаў твор, здавалася б, і бездакорны ў ідэйных адносінах. І ўсё ж ён не дасягае мэты. Здараецца гэта тады, калі ідэя выражана ў творы абстрактна, калі правільныя думкі і погляды падмацоўваюцца толькі бледнымі ілюстрацыямі, калі пісьменнік забывае пра непахісны закон мастацтва, у якім агульнае выражаецца праз індывідуальнае, праз канкрэтнае, праз жывыя фарбы жыцця, праз яскравыя чалавечыя вобразы. Калі гэтага няма, ідэя застаецца мёртвай догмай, не здольнай закрануць струны чалавечай душы.

Наогул, праблема напісання добрага твора з’яўляецца для пісьменніка пастаяннай. Яна не можа быць ім вырашана раз і назаўсёды. Нават той шчаслівец, якому ўдалося напісаць дасканалы твор, не можа аўтаматычна паўтарыць гэта другі раз. Працуючы над наступным творам, ён вымушаны вырашаць праблему нанава. Сталай тэхналогіі ў пісьменніцкай працы няма. Мы, у адрозненне ад прамысловасці, не можам наладзіць серыйную вытворчасць. Кожны сапраўды мастацкі твор з’яўляецца унікальным. А калі пачынаецца серыйны выпуск, значыць, трэба даваць трывожныя гудкі: пайшоў брак.

Як няма ў нас шаблону для вытворчасці мастацкай прадукцыі, так яго не павінна быць і ў творчых ацэнках. Кожны твор, як з’ява унікальная, патрабуе асаблівага, індывідуальнага падыходу з боку крытыкі. Але гэта не азначае, што ў нас наогул няма ніякіх крытэрыяў, што ў справе творчых ацэнак пануе поўны суб’ектывізм. Ёсць агульная марксісцка-ленінская метадалогія, якая з’яўляецца надзейнай апорай для ацэнкі любога мастацкага твора.

Кіруючыся гэтай метадалогіяй, удзельнікі нашага з’езда змогуць даць правільную ацэнку творам беларускіх пісьменнікаў, таму, што было зроблена намі ў мінулым, чаго нам яшчэ не хапае і як нам у далейшай працы ад гэтых недахопаў пазбавіцца, каб з поспехам выканаць вялікія задачы, пастаўленыя перад савецкай літаратурай партыяй і народам.

Таварышы! Я рад паведаміць, што для ўдзелу ў рабоце нашага з’езда да нас прыехалі дарагія госці: дэлегацыя Саюза пісьменнікаў СССР у складзе Валянціна Катаева, Уладзіміра Піменава, Тэафіліса Цільвіціса, Міхаіла Гарбачова, дырэктара Дзяржлітвыдавецтва Грыгорыя Уладыкіна; з Украіны — Юрый Збанацкі, Мікола Нагнібеда і Тэрэнь Масэнка; з Ленінграда — Вадзім Шэфнер, Павел Кабзарэўскі, Арсен Астроўскі; з Арменіі — Геворк Эмін; з Літвы — Альгірдас Поцюс; з Латвіі — Адольф Талцыс; з Туркменіі — Какалі Бярдыеў; з Малдавіі — Мікалай Раманенка.

Дазвольце ад вашага імя сардэчна прывітаць нашых дарагіх гасцей.

Таварышы! На з’ездзе прысутнічае 153 члены СП БССР. Сярод іх ёсць таварышы, якія на з’ездзе прысутнічаюць упершыню. Гэта тыя, каго мы прынялі ў саюз пасля Трэцяга з’езда пісьменнікаў БССР. А прынялі мы за гэты час каля 60 чалавек.

Дазвольце мне ад імя ўсіх прысутных прывітаць маладое папаўненне нашых радоў і пажадаць яму добрых поспехаў у творчай працы.

Чацвёрты з’езд пісьменнікаў БССР аб’яўляю адкрытым.

1959 '


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан