epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Прамова на сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР

Таварышы дэпутаты! Першая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі пятага склікання адкрываецца ў абставінах велізарнага палітычнага і працоўнага ўздыму савецкага народа, выкліканага гістарычнымі рашэннямі XXI з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. З’езд азнаменаваў уступленне нашай краіны ў новы важнейшы перыяд у яе развіцці — у перыяд разгорнутага будаўніцтва камуністычнага грамадства, намеціў велічную праграму далейшага ўздыму эканомікі, культуры і матэрыяльнага дабрабыту працоўных.

Зацверджаная XXI з’ездам партыі грандыёзная праграма камуністычнага будаўніцтва радуе і глыбока хвалюе ўсіх савецкіх людзей, усіх сапраўдных сяброў Савецкага Саюза, змагароў за вялікую справу камунізма. У велічных лічбах народнагаспадарчага плана мы бачым сваё прамяністае заўтра, сваю магутнасць, свае неабмежаваныя творчыя магчымасці. Ажыццяўленне сямігадовага плана прадугледжвае стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма, выкананне асноўнай эканамічнай задачы нашай дзяржавы — дагнаць і перагнаць найбольш развітыя капіталістычныя краіны па вытворчасці прадукцыі на душу насельніцтва.

Велічныя задачы сямігодкі выклікалі небывалы прыліў творчай ініцыятывы савецкіх людзей, іх гарачае імкненне і жаданне папрацаваць на славу для дасягнення пастаўленых мэт.

Беларускі народ, як і ўсе народы Савецкага Саюза, горача і аднадушна адобрыў рашэнні XXI з’езда партыі, успрыняў сямігадовы план як сваю кроўную справу, як баявую праграму дзеяння. У рэспубліцы ўсё шырэй разгортваецца ўсенароднае сацыялістычнае спаборніцтва за датэрміновае выкананне сямігадовага плана.

Сваю згуртаванасць вакол роднай Камуністычнай партыі, сваё аднадушнае імкненне ажыццявіць велічную праграму пабудовы камуністычнага грамадства беларускі народ з велізарнай сілай яшчэ раз прадэманстраваў у час выбараў, якія нядаўна адбыліся, у Вярхоўны Савет Беларускай ССР і ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных.

Выбары вышэйшага і мясцовых органаў дзяржаўнай улады рэспублікі ўвянчаліся поўнай перамогай народнага блоку камуністаў і беспартыйных і выліліся ў магутную дэманстрацыю непарушнага адзінства партыі і народа.

Таварышы дэпутаты! Прайшло чатыры гады з таго часу, як адбыліся выбары Вярхоўнага Савета Беларускай ССР чацвёртага склікання, а якіх велізарных поспехаў за гэты час дабіўся савецкі народ пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ва ўсіх галінах гаспадаркі, навукі і культуры!

Праведзеныя пасля ХХ з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза мерапрыемствы па далейшаму развіццю савецкай дэмакратыі і ўмацаванню сувязі дзяржаўнага апарату з масамі, па развязванню актыўнасці і творчай ініцыятывы працоўных далі плённыя вынікі ва ўсіх галінах дзяржаўнага, гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. Расшырэнне правоў саюзных рэспублік і мясцовых Саветаў, рэарганізацыя кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам, мерапрыемствы па далейшаму развіццю калгаснага ладу і рэарганізацыя машынна-трактарных станцый далі магчымасць дабіцца яшчэ большых поспехаў у развіцці народнай гаспадаркі БССР.

У гэтым годзе беларускі народ разам з усімі народамі нашай Радзімы ўрачыста адзначыў знамянальную дату ў сваёй гісторыі — 40-годдзе Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

За паспяховае аднаўленне разбуранай у перыяд вайны народнай гаспадаркі і буйныя дасягненні беларускага народа ў далейшым развіцці прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадаркі і культуры рэспубліка была ўзнагароджана другім ордэнам Леніна.

Працоўныя нашай рэспублікі ведаюць, што сваімі дасягненнямі, сваім свабодным і шчаслівым жыццём яны абавязаны Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і яе баявому штабу — ленінскаму Цэнтральнаму Камітэту, які ўпэўнена вядзе савецкі народ да камунізма.

У адказ за высокую ўзнагароду, на ўсе клопаты Камуністычнай партыі беларускі народ будзе яшчэ больш настойліва змагацца за выкананне гістарычных рашэнняў XXI з’езда КПСС, за перамогу камунізма ў нашай краіне.

Таварышы дэпутаты! Выбіраючы Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, працоўныя аказалі нам вялікае давер’е і ўсклалі на нас вялікія і адказныя задачы. Гэта аказанае нам выбаршчыкамі высокае давер’е абавязвае нястомна працаваць на карысць народа, добрасумленна выконваць свае дэпутацкія абавязкі.

Дазвольце мне выказаць упэўненасць у тым, што дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларускай ССР з гонарам апраўдаюць высокае давер’е народа і аддадуць усе сілы пабудове камуністычнага грамадства ў нашай краіне.

Няхай жыве вялікі савецкі народ — будаўнік камунізма! Няхай жыве Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка!

Няхай жыве Камуністычная партыя Савецкага Саюза — натхніцель і арганізатар усіх нашых перамог!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан