epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Пытанні беларускага правапісу

Абмен думкамі паміж людзьмі адбываецца не толькі пры дапамозе жывой гаворкі людзей, але і пры дапамозе пісьма. Пісьмовая мова непамерна расшырае магчымасці зносін паміж людзьмі ў часе і прасторы. Пры дапамозе пісьма мы можам перадаваць свае думкі за тысячы кіламетраў, можам размаўляць адначасова з тысячамі і сотнямі тысяч людзей. Праз пісьмо мы даведваемся, як людзі думалі сотні гадоў таму назад, дзякуючы пісьму думкі нашых сучаснікаў дойдуць да будучых пакаленняў. Адгэтуль зразумела, якое вялікае значэнне мае пісьмовая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Гэта значэнне асабліва ўзрасло ў нашу эпоху, у нашай сацыялістычнай краіне — краіне суцэльнай пісьменнасці, дзе пісьмовая мова стала здабыткам кожнага чалавека, магутным сродкам уздыму культурнага ўзроўню народа.

Само сабой зразумела, што пісьмовая мова, як важнейшы сродак зносін паміж людзьмі, павінна мець пэўныя нормы, якія аблягчаюць гэтыя зносіны. Захоўваючы гэтыя нормы, людзі дакладней могуць перадаваць свае думкі на пісьме і лепш разумець напісанае іншымі людзьмі. Адным са сродкаў нармалізацыі пісьмовай мовы з’яўляецца правапіс. Даючы правілы аб напісанні слоў, абавязковыя для ўсіх, хто карыстаецца данай мовай, ён спрыяе аднастайнасці гэтага напісання, больш дакладнай перадачы думак на пісьме, аблягчае разуменне напісанага. Разважаючы аб дадатных якасцях ці аб недахопах таго ці іншага правапісу, мы павінны падыходзіць да яго іменна з гэтага боку — наколькі ён спрыяе нармалізацыі пісьмовай мовы як сродку зносін паміж людзьмі.

Нормы пісьмовай мовы ўстанаўліваюцца не адвольна, а на падставе законаў агульнанароднай мовы, якія ствараліся і ўдасканальваліся на працягу многіх вякоў. Правапіс, як збор арфаграфічных норм, таксама павінен грунтавацца на законах агульнанароднай мовы.

Правапіс — гэта ёсць дагавор пісьменных людзей, узаемнае абавязацельства трымацца пры пісьме ўстаноўленых правіл. А паколькі ў нашай краіне ўсе людзі пісьменныя, то правапіс у нас з’яўляецца справай агульнанароднай. Зацверджаны рашэннем урадавых органаў, ён становіцца абавязковым законам. Таму мы павінны аднесціся да пытання правапісу з найвялікшай адказнасцю.

Падыходзячы канкрэтна да пытання беларускага правапісу, да пытання аб унясенні ў яго тых ці іншых змен, мы перш за ўсё павінны пераканацца ў тым, што гэтыя змены сапраўды неабходны. Змена правапісу — справа складаная і адказная. Яна мае пэўныя ценявыя бакі, звязана з некаторымі накладнымі выдаткамі. Трэба мець на ўвазе, што ўсякае ўнясенне змен у правапіс на нейкі час уносіць пэўныя непаладкі ў пісьмовыя зносіны людзей. Пакуль новы правапіс усталюецца і ўвойдзе ў практыку, пакуль людзі навучацца пісаць па-новаму, непазбежны будзе пэўны разнабой.

Другая важная акалічнасць, пра якую мы не павінны забываць, гэта тое, што змены правапісу звязаны са значнай затратай дзяржаўных сродкаў: у тыраж выходзіць вялікая колькасць кніжнай прадукцыі (у першую чаргу школьныя падручнікі), і гэту прадукцыю трэба друкаваць нанава. Таму на ўнясенне тых ці іншых змен у правапіс можна ісці толькі ў выпадку крайняй патрэбы і пры той умове, калі гэтыя змены дадуць значнае паляпшэнне, калі дасягнутыя вынікі пакрыюць усе накладныя выдаткі.

Ці ёсць у нас такая крайняя патрэба ўносіць змены ў існуючы правапіс?

Матэрыялы па абмеркаванню «Праекта змен і ўдакладненняў беларускага правапісу», надрукаваныя ў «Настаўніцкай газеце», і многія вусныя і пісьмовыя выказванні, звязаныя і не звязаныя з гэтай дыскусіяй, гавораць аб тым, што такая патрэба ёсць. Выклікаецца яна тым, што некаторыя правілы нашага правапісу з’яўляюцца недасканалымі: яны не забяспечваюць аднастайнасці напісання некаторых катэгорый слоў і з’яўляюцца крыніцай разнабою ў друку, перашкаджаюць паспяховаму навучанню дзяцей у школе.

Выправіць недахопы нашага правапісу мы здолеем толькі тады, калі выявім прычыны гэтых недахопаў і здолеем іх ліквідаваць. Што да ўстанаўлення прычын, то тут амаль усе прыходзяць да аднае думкі, што асноўнай крыніцай непаразуменняў і разнабою нашага пісьма ў большасці выпадкаў з’яўляецца супярэчнасць паміж фанетычным і марфалагічным прынцыпам. Фанетычны прынцып, на якім у асноўным грунтуецца беларускі правапіс, пашыран не на ўсе катэгорыі слоў. У адным выпадку правілы беларускага правапісу пашыраюцца на ўсю лексіку, сваю і іншамоўную, без выключэння, у другім — са значнымі выключэннямі, у трэцім — на ўсю лексіку ўсходнеславянскіх моў, у чацвёртым — толькі на беларускую лексіку.

І паколькі немагчыма дакладна адрозніць усе гэтыя катэгорыі слоў адну ад другой, то нават добра пісьменныя людзі, г. зн. людзі, якія добра ведаюць існуючы правапіс, адны і тыя ж самыя словы пішуць па-рознаму.

Калі ў сэнсе ўстанаўлення асноўнай крыніцы недахопаў рознагалоссяў няма, то адносна таго, якім спосабам ліквідаваць гэтыя недахопы, існуюць самыя розныя погляды. Тут што галава, то і розум. Аднак з усіх выказванняў выразна выяўляюцца тры тэндэнцыі.

Адны прапануюць цалкам перайсці на марфалагічны прынцып пісьма. Найбольш рашучым прыхільнікам марфалагічнага прынцыпу з’яўляецца П. Я. Юргілевіч. Ён прапануе ў імя адзінага марфалагічнага прынцыпу адмовіцца ад перадачы на пісьме такіх асаблівасцей беларускай мовы, як аканне, яканне, дзеканне, цэканне. У карысць марфалагічнага прынцыпу П. Я. Юргілевіч прыводзіць важкія довады:

1. Пры гэтым прынцыпе слова ва ўсіх формах захоўвае ясную марфалагічную будову.

2. Марфалагічны прынцып надае правапісу ўстойлівасць.

3. Як свае, так і запазычаныя словы пішуцца аднатыпна.

Нельга не згадзіцца, што марфалагічны прынцып сапраўды мае названыя якасці. Аднак такі спосаб вырашэння пытання мае і значныя адмоўныя бакі, аб якіх П. Я. Юргілевіч не гаворыць.

Па-першае, пераход на марфалагічны прынцып азначаў бы карэнную ломку існуючага правапісу, пабудаванага ў асноўным на фанетычным прынцыпе. Такая карэнная ломка была б апраўдана тады, калі б мы прызналі, што існуючы правапіс нас цалкам не задавальняе. Аднак усе ці амаль усе пагаджаюцца на тым, што існуючы правапіс нас у асноўным задавальняе, а таму няма неабходнасці ламаць яго карэнным чынам.

Па-другое, паслядоўна праведзены марфалагічны прынцып рэзка адмежаваў бы літаратурную мову ад жывой народнай мовы, надаў бы беларускай літаратурнай мове неўласцівае ёй гучанне, бо ліквідаваў бы на пісьме істотныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Народ зацікаўлен не толькі ў тым, каб устанавіць правілы аднатыпнага напісання, але і ў тым, каб слова, напісанае паводле гэтага правіла, гучала як сваё, роднае. Такое слова лягчэй вымаўляецца і лепш успрымаецца, глыбей пранікае ў душу.

Праўда, П. Я. Юргілевіч гэты непазбежны разрыў паміж пісьмовай і жывой мовай выстаўляе як дадатную якасць. Ён кажа, што марфалагічнае пісьмо «дае многа прастору для арфаэпіі». Што гэта значыць — многа прастору для арфаэпіі? Гэта значыць, што мы будзем пісаць вось так, а ты вымаўляй як хочаш, бо адлюстравання на пісьме тыповага для беларускай мовы вымаўлення ты ўсё роўна не знойдзеш.

Па-трэцяе, мы не можам не лічыцца і з традыцыяй. Людзі ўжо на працягу дзесяткаў год прывыклі да існуючага правапісу, і ламаць рэзка і без належных падстаў гэтыя прывычкі не такая лёгкая справа.

Нарэшце, нават паслядоўна праведзены марфалагічны прынцып не забяспечвае нас ад блытаніны. Ёсць шмат слоў, у якіх асноўны (этымалагічны) гук так захаваны пад пазнейшымі фанетычнымі напластаваннямі, што мы яго ніяк не можам праясніць. Як, напрыклад, трэба было б пісаць па гэтаму прынцыпу слова «раўці»? Відавочна, цераз э — рэўці. Але як бы мы ні мянялі слова, мы гэтага э ніяк не можам выявіць. Пад націскам мы атрымліваем не э, а о (роў, зароў).

Наогул гэты спосаб вырашэння пытання, які на першы погляд здаецца такім простым і рацыянальным, не ўлічвае таго, што мільёны людзей гавораць і пішуць іначай. А калі правапіс будзе рэзка парушаць моўныя законы і звычкі, да якіх людзі прывыклі змалку, то яны будуць пратэставаць супраць такога правапісу.

Некаторыя таварышы прапануюць іншы, процілеглы, спосаб вырашэння гэтага пытання. Таварыш Шатэрнік, напрыклад, лічыць магчымым пашырыць фанетычны прынцып на ўсю запазычаную лексіку і пісаць пярон, сязон, ракорд, шадзеўр. Наўрад ці можна згадзіцца і з такой прапановай. Праўда, паслядоўнае пашырэнне і гэтага прынцыпу на ўсю лексіку спрыяла б большай аднастайнасці напісання, але многія запазычаныя словы страцілі б уласцівае ім аблічча як у сэнсе напісання, так і агульнапрынятага вымаўлення. Асабліва гэта мела б месца пры спалучэнні некалькіх фанетычных асаблівасцей беларускай мовы, напрыклад, акання, дзекання, якання. Паводле гэтага прынцыпу трэба было б пісаць Ацела, Даніель Дзяфо, Альфонс Дадзе, дзяпо, цяорыя, цяатр, равалюцыя і інш.

Пераважная большасць таварышаў, якія выказаліся пры абмеркаванні праекта правапісу ў друку або прыслалі ў Інстытут мовазнаўства АН БССР свае заўвагі, трымаюцца таго погляду, што карэнная ломка правапісу непатрэбна, а трэба толькі ўдасканаліць або замяніць тыя правілы, якія з’яўляюцца крыніцай разнабою. З большымі ці меншымі адхіленнямі ў бок таго ці іншага прынцыпу яны ўносяць свае прапановы аб тым, як палепшыць існуючы правапіс без карэннай яго ломкі. Прычым часта бывае, што адны лічаць недахопам тое, што другія лічаць дадатным.

Заўвагі і прапановы, зробленыя ў сувязі з абмеркаваннем нашага праекта, указваюць на недахопы, якія ёсць у ім, арыентуюць нас на яго дапрацоўку, падказваюць, у якім кірунку трэба шукаць вырашэння пастаўленай праблемы. Аднак трэба прызнаць, што ўсе прапановы, разам узятыя, не даюць канчатковага вырашэння складаных пытанняў нашага правапісу. Таму з’явілася неабходнасць яшчэ раз паставіць гэтыя пытанні на абмеркаванне шырокай канферэнцыі з тым, каб агульнымі намаганнямі знайсці здавальняючае вырашэнне праблемы ўдасканалення нашага правапісу.

Тут я не маю магчымасці спыніцца на кожнай з унесеных прапаноў. Я лічу толькі неабходным расказаць аб тых меркаваннях, якімі кіравалася Арфаграфічная камісія Акадэміі навук БССР, складаючы «Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу». Гэтыя нашы меркаванні з’явяцца адначасова і адказам многім таварышам на зробленыя імі прапановы і заўвагі.

Прыступаючы да працы па ўдасканаленню нашага правапісу, мы не маглі не лічыцца з тым, што складаецца ён не ўпершыню, не на голым месцы, і таму ў нас не стаяла пытанне аб выбары прынцыпу. Мы зыходзілі з таго факта, што гэты выбар ужо зроблены, што беларускі правапіс існуе, што ён угрунтаваны ў асноўным на фанетычным прынцыпе. Як і многія таварышы, мы лічым, што наш правапіс не цалкам заганны, што ён у асноўным адпавядае свайму прызначэнню. Недасканалымі з’яўляюцца толькі некаторыя яго правілы. Таму няма патрэбы рабіць карэнную ломку ў імя таго ці іншага прынцыпу, а трэба толькі замяніць ці ўдасканаліць правілы, якія з’яўляюцца крыніцай блытаніны і разнабою.

Адзін з асноўных недахопаў існуючага беларускага правапісу заключаецца ў тым, што большасць правіл, заснаваных на фанетычным прынцыпе, пашыраецца толькі на беларускую лексіку, а словы іншамоўныя пішуцца па марфалагічнаму прынцыпу. Гэты рэзкі падзел нашай лексікі на сваю і іншамоўную дрэнна адбіваецца на развіцці літаратурнай мовы. Мова, як вядома, развіваецца па ўнутраных законах свайго развіцця, падпарадкуючы гэтым законам і запазычаныя словы. А ў нас запазычаныя словы карыстаюцца правамі экстэрытарыяльнасці. Яны падпарадкуюцца законам нашай марфалогіі, але зусім не прызнаюць законаў фанетыкі і таму, уліўшыся ў беларускую мову, не зліваюцца з ёю канчаткова, а цякуць адасобленай плынню і, пры значнай канцэнтрацыі, надаюць нашай мове неўласцівае ёй гучанне.

Правапіс трэба складаць так, каб ён не вымагаў кожны раз вызначэння канкрэтнага зместу слова або яго паходжання. А наш правапіс вымагае, каб пішучы абавязкова распазнаваў, сваё гэта слова ці іншамоўнае, а паколькі гэта задача часта аказваецца непасільнай, то пішучы застаецца бездапаможным, правапіс яго не выратоўвае. Нават словы, якія мы ўжываем кожны дзень, напрыклад, уласныя імёны — Сяргей, Аляксандр, Дзем'ян, Валенцін — мы не ведаем, як пісаць, бо правапіс патрабуе адрозніваць беларускага Сяргея і Валянціна ад Сергеяў і Валенцінаў рускіх, украінскіх і іншых нацыянальнасцей. А мы гэтага не можам зрабіць, не запытаўшыся ў самога Сяргея, якой ён нацыянальнасці, або не паглядзеўшы ў яго пашпарт. Арол — птушка пішацца з а, а Орол — горад з о, прыметнік арлоўскі зноў з а, прозвішча Арлоўскі — у залежнасці ад нацыянальнасці яго носьбіта. Перш чым напісаць тую ці іншую геаграфічную назву, скажам, Дзярноўка або Цярноўка, мы павінны раней даведацца, на якой тэрыторыі гэта Дзярноўка знаходзіцца. Калі на беларускай, дык трэба пісаць Дзярноўка (дз, я), калі на рускай або ўкраінскай — Дерноўка (д, е). Ясна, што гэта — нецярпімае становішча, і нам трэба шукаць з яго выхаду.

Выхад трэба шукаць у такім удасканаленні нашага правапісу, каб ён забяспечваў аднастайнае напісанне аднародных слоў незалежна ад іх паходжання. У ідэале трэба імкнуцца да таго, каб кожнаму правілу даць, як кажуць чыгуначнікі, зялёную вуліцу, г. зн., каб яно праходзіла наскрозь праз усю лексіку, як сваю, так і запазычаную.

Складаючы «Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу», Арфаграфічная камісія АН БССР старалася дабіцца таго, каб правілы абмежавальныя сталі агульнымі, скразнымі і каб пры гэтым не парушаліся найбольш характэрныя фанетычныя асаблівасці нашай мовы. Некаторых цяжкасцей, як я ўжо казаў, мы не маглі пераадолець, але становішча, на маю думку, не з’яўляецца безвыходным, і пры далейшых пошуках пастаўленая мэта можа быць дасягнута.

Цяпер я хачу коратка пракаменціраваць тыя змены і ўдакладненні, якія прапануюцца нашым праектам.

Пачнём з акання. Існуючае правіла аб тым, што ненаціскное о заўсёды перадаецца праз а, мае шэраг дадатных якасцей: яно выразнае і лёгкае для засваення, адлюстроўвае адну з самых істотных асаблівасцей беларускай мовы, пашыраецца на ўсю лексіку, незалежна ад яе паходжання. Таму гэта правіла не з’яўляецца крыніцай разнабою. Разнабой выклікаецца не правілам, а выключэннем з гэтага правіла: тым пунктам існуючага правапісу ўласных імён і геаграфічных назваў, у якім гаворыцца, што пачатковае о ў іншамоўных геаграфічных назвах, уласных імёнах і прозвішчах не падлягае аканню. Адгэтуль — Орол і арол, Остап (калі ён рускі або ўкраінец) і Астап (калі ён беларус), Орлоўскі і Арлоўскі, Огнёўка і Агнёўка. Для таго каб ліквідаваць гэты разнабой, мы прапануем пашырыць правіла аб ненаціскным о (аб пераходзе яго ў а) на ўсе выпадкі, у тым ліку і на імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы незалежна ад іх паходжання. Выключэнне робіцца толькі для тых слоў, якія маюць на канцы о пасля галоснага: капрычыо, трыо, Більбао, Ватэрлоо і інш. Мы лічым, што гэта выключэнне досыць дакладнае і ніякіх непаразуменняў не выкліча.

Што датычыцца правапісу ненаціскнога э, то трэба адкрыта сказаць, што мы тут не дабіліся пастаўленай мэты: не стварылі скразнога правіла, якое пашырылася б на ўсю лексіку, значыць, не знішчылі і крыніцы разнабою. Паводле існуючага правапісу, а замест ненаціскнога э пішацца толькі ў сваёй лексіцы, прычым сваёй у адным выпадку лічыцца беларуская, руская і ўкраінская, у другім (у дачыненні да імён, прозвішчаў і геаграфічных назваў) толькі беларуская. Вось тут зноў пачынаецца праблема, як адрозніць сваю лексіку ад іншамоўнай, беларускія імёны ад рускіх і г. д. Зноў мы не ведаем, як пісаць: Чэрнышэўскі, Шэўчэнка ці Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чэрняк ці Чарняк, Пісарэў ці Пісараў, Шэмякін }ці Шамякін, Жэрноўка ці Жарноўка, Рэмізаўка ці Рамізаўка. Гэтыя ж прозвішчы і геаграфічныя назвы могуць быць і рускімі, і беларускімі, і ўкраінскімі.

Які ж выхад з гэтага становішча раіць Арфаграфічная камісія АН БССР у сваім праекце? Яна раіць: «Ненаціскное э перадаваць праз а або праз э ў залежнасці ад агульнапрынятага вымаўлення ў беларускай літаратурнай мове». Гэта, вядома, не выхад. Справа ў тым, што ніхто не ведае, як гэтае ненаціскное э ў літаратурнай мове вымаўляецца. Адзін кажа рэдактар, а другі — радактар, адзін — рэмонт, а другі — рамонт; гавораць жэтон і жатон, адрэс і адрас. Узяўшы ўстаноўку на тое, каб не дзяліць лексікі на сваю і іншамоўную, камісія ў даным выпадку гэтага прынцыпу не вытрымала. Хоць пра гэта прама не гаворыцца, але з прыведзеных прыкладаў падзел на сваю і іншамоўную лексіку выступае досыць выразна. Такім чынам, ні старое, ні новае правіла нас з тупіка не выводзіць.

Тут магчымы два варыянты радыкальнага вырашэння гэтага пытання: або захаваць э ў ненаціскным становішчы і ў беларускай лексіцы, або пашырыць аканне на ўсю іншамоўную лексіку. Аднак гук э, які наогул з’яўляецца неўласцівым беларускай мове, у ненаціскным становішчы ў беларускіх словах ніколі не вымаўляецца. Пашырэнне экання на беларускую лексіку ў ненаціскным становішчы надало б нашай мове не ўласцівае ёй гучанне. Мы павінны былі б пісаць жэнчына} жэночы, шэпту н, адчэпіся, верэўчаны, кошэчка, дошчэчка. А за напісаннем пайшло б і вымаўленне. Апрача таго, у шмат якіх выпадках мы не змаглі б дакапацца да этымалагічнага э, не звярнуўшыся да рускай, украінскай або польскай мовы. Мы не маглі б растлумачыць, чаму трэба пісаць чэбор, чэрот, пачэкаць, пацэлунак і шмат іншых слоў, якія нельга змяніць так, каб націск прыпадаў на няпэўны гук. Нават пад націскам э ў закрытых складах не праясняецца, а гучыць як о: жоўты, роў, шоўк. Тут зноў пачалася б блытаніна: паводле правіла аб ненаціскным э трэба было б пісаць жэўцець, рэўці, шэўкавіца, а паводле правіла аб ненаціскным о (ненаціскное о ва ўсіх выпадках перадаецца праз а), трэба было б пісаць жаўцець, раўці, шаўкавіца. Такім чынам, пашырыўшы эканне ў ненаціскным становішчы на беларускую лексіку, мы толькі замянілі б адну блытаніну другой і надалі б беларускім словам не ўласцівае ім гучанне.

Другі магчымы выхад — пашырыць аканне (на месцы ненаціскнога э) на ўсю іншамоўную лексіку. Пры гэтым варыянце зноў мы сустракаемся з тым недахопам, што словы набываюць неўласцівае ім гучанне (ужо не беларускія, а іншамоўныя): равалюцыя, рамілітарызацыя, раканструкцыя, крадзіт, крацін (крэтын) і інш. Аднак гэты варыянт лепшы тым, што пры ім мы пазбягаем блытаніны.

Зноў жа, калі пры гэтым іншамоўныя словы часткова трацяць уласцівае ім гучанне, то затое яны набываюць гучанне бліжэйшае да беларускага і такім чынам лягчэй зліваюцца з асноўнай беларускай лексікай. Таму я лічыў бы магчымым, у мэтах стварэння скразнога правіла, пашырыць і ў даным выпадку аканне на ўсю іншамоўную лексіку. (Агаворваюся, што гэта мая асабістая думка, не ўзгодненая з іншымі членамі Арфаграфічнай камісіі.) Пры гэтым, на маю думку, неабходна было б зрабіць выключэнне для слоў, якія пачынаюцца іншамоўнай прыстаўкай рэ, і для э ў непрыкрытым складзе. Паводле гэтага правіла, мы пісалі б: Чарнышэўскі, Герцан, Шапятоўка, Чарапавец, Карачаў, Чалябінск, Ераван, Какчатаў, рака, шаптаць, цана, чамадан, цантральны, шарыф, шаўро, жатон, караспандзент. Але: Эсхіл, Эстонія, Элада, рэвалюцыя, рэканструкцыя, рэпатрыацыя, рэтраспектыўны, рэтраград, рэпрадукцыя, рэмілітарызацыя, аэраплан, аэрадром, эліпсіс, экватар, актаэдр, паэтычны.

Правіла аб яканні ў існуючым правапісе з’яўляецца крыніцай найбольшай колькасці непаразуменняў. На ім мы спатыкаемся пры напісанні ўласных імён і геаграфічных назваў, складаных слоў і слоў іншамоўнага паходжання. Тут перад намі зноў паўстае праблема Сергея і Валенціна, Александра і Дзем'яна, Ерміла і Еўграфа, Егора і Еўціхія, Елены і Еўгеніі, Петроўскага і Леонава, Елоўкі і Вершылаўкі, земляробства і землекарыстання. Прычым усё гэта ўпіраецца ў адзін толькі пункт, дзе гаворыцца, што «галосная е (ё) не пад націскам змяняецца на я толькі ў першым складзе перад націскам». Паўстае пытанне, ці варта праз адзін гэты склад вечна блытацца паміж Дзям’янам і Ермілам. Калі бліжэй прыгледзецца да справы, дык выходзіць, што не варта. Дарэмна некаторыя таварышы разумеюць справу так, што скасаванне гэтага правіла з’яўляецца замахам на святая святых беларускай мовы.

Некаторыя лічаць, што праблема акання і якання гэта адна праблема і што яе трэба вырашаць аднолькава. Н. Гурскі даводзіць гэта тым, што ў абодвух выпадках мы маем справу з той жа фанемай е, толькі ў адным выпадку ў спалучэнні з цвёрдым зычным, а ў другім з мяккім. У тым уся і штука, што лёс гэтай фанемы ў спалучэнні з цвёрдым зычным зусім іншы, чым у спалучэнні з мяккім. У спалучэнні з цвёрдым яна ў ненаціскным становішчы ніколі не вымаўляецца, а праясняецца толькі пад націскам і то не заўсёды, а ў спалучэнні з мяккім яна добра сябе адчувае ва ўсіх становішчах, апрача першага складу перад націскам. Ды і ў гэтым складзе перад націскам мы, як правіла, не маем выразнага я. Яно гучыць то як і (міне, сібе, німа, ніхай), то найчасцей як сярэдні гук паміж е і я. А паколькі ён сярэдні паміж е і я, то, бясспрэчна, усе правы павінны быць на баку е як гука этымалагічнага, сталага, а не на баку выпадковага, няўстойлівага і не ярка выражанага я. Вось мы і лічым, што ад перадачы на пісьме якання ў першым складзе перад націскам можна адмовіцца. Гэтым, з аднаго боку, будзе дасягнута аднастайнасць напісання ўсіх слоў — беларускіх, рускіх і іншамоўных, а з другога — гэтым не будзе нанесена ніякай страты беларускай мове, бо вымаўляцца гэта фанема будзе па-ранейшаму. Што датычыцца канчаткаў, то яны заўсёды пішуцца аднолькава ва ўсіх словах, праз іх разнабою не бывае, а таму іх можна і не чапаць.

Прапанова Арфаграфічнай камісіі аб правілах акання закранае і існуючае правіла аб рэвалюцыйна-інтэрнацыянальных словах. Мы прапануем не вылучаць гэтых некалькіх слоў у асобную групу, а падпарадкаваць іх напісанне агульнаму правілу аб аканні і пісаць рэвалюцыя, савет, пралетарый, бальшавік, сацыялізм, камунізм. Мы лічым існуючае правіла неабгрунтаваным і непатрэбным. Недарэчным з’яўляецца ўжо тое, што гэта правіла змешчана ў раздзеле «Правапіс іншамоўных слоў». У гэтым раздзеле даюцца правілы аб напісанні слоў толькі заходнееўрапейскага паходжання. Ніводнае рускае слова тут не разглядаецца, апрача слоў совет і большэвік, якія чамусьці залічаны ў іншамоўныя. Якім жа іншамоўным для беларускай мовы з’яўляецца слова большэвік, калі яно ўтворана ад агульнага руска-беларускага кораня больш? Нашто гэтыя ўсе словы, якія моцна ўвайшлі ў асноўны слоўнікавы фонд беларускай мовы, вылучаць у асобную групу і не падпарадкаваць агульнапрынятаму правапісу? Выходзіць, нібыта яны не могуць быць асвоены беларускай мовай, нібыта яны чужыя для яе, настолькі чужыя, што нават аканне, якое пашырана на ўсю рускую і іншамоўную лексіку, на гэтыя словы не пашыраецца. А між тым гэтыя словы для кожнага беларуса з’яўляюцца такімі ж роднымі, як словы: мама, галава, душа, розум, сэрца. Дык і пісаць іх трэба як родныя, каб яны не выглядалі па напісанню і вымаўленню не сваімі.

Існуючае правіла аб дзеканні і цэканні мы лічым нездавальняючым таму, што яно аддзяляе непраходнай мяжой іншамоўную лексіку ад беларускай. Арфаграфічная камісія прапануе пашырыць дзеканне і цэканне і на іншамоўную лексіку. Аднак правіла гэта ў праекце недапрацавана. Там сказана: «д, т пры мяккім вымаўленні перадаваць праз дз, ц; пасля д, т цвёрдых пісаць галосныя а, о, э, у». Правіла гэта недапрацавана ў тым сэнсе, што апіраецца на вымаўленне, якое само з’яўляецца няпэўным. Да гэтага часу ў іншамоўных словах пісаліся толькі цвёрдыя д і т, а за пісьмом ішло і вымаўленне. Цяпер, пры пашырэнні мяккага д, т на іншамоўную лексіку, неабходна вызначыць, у якіх жа выпадках д і т застануцца цвёрдымі. У нашым праекце, як выключэнне з агульнага правіла, пералічваюцца дзесяткі два слоў. Але гэтым пытанне не вырашаецца, бо, відавочна, тут ахопліваюцца не ўсе словы, у якіх д і т вымаўляюцца цвёрда. Такім чынам, правіла яшчэ патрабуе дапрацоўкі.

Што датычыцца напісання дз і ц у спалучэнні з і і ю, то яго мы можам пашырыць на ўсю іншамоўную лексіку бадай без ніякіх агаворак і пісаць — парція, дзірэктар, акціў, дзірыжор, цір, дзюшэс, эцюд і г. д.

Што да спалучэння мяккага д і т з е, то тут справа больш складаная, паколькі яго паслядоўна праз усю іншамоўную лексіку правесці нельга, бо ёсць шэраг слоў, у якіх д і т вымаўляюцца цвёрда. Цяжкасць заключаецца ў тым, што няма ніякага прынцыпу, ніякага крытэрыю, паводле якога можна было б адрозніць адну групу слоў ад другой. І на традыцыі вымаўлення ў беларускай мове мы не можам абаперціся, паколькі ранейшую традыцыю мы ломім разам з арфаграфічным правілам.

Адзінае, што мы можам зрабіць,— гэта звярнуцца да норм беларускай мовы. А нормай тут можна лічыць тое, што ў тых выпадках, калі ў беларускай мове існуюць парныя гукі па цвёрдасці і мяккасці, е спалучаецца заўсёды з мяккім гукам і ніколі ці амаль ніколі не спалучаецца з цвёрдым. Заўсёды мы маем і ў сваіх і ў іншамоўных словах спалучэнне бе, ве, ге, ле, ме, не, пе і ніколі ці вельмі рэдка бэ, вэ, гэ, лэ, мэ, нэ, пэ. Гукі д, т у беларускай мове таксама з’яўляюцца парнымі па цвёрдасці і мяккасці. Мяккі варыянт іх мы абазначаем праз дз і ц. У беларускай незапазычанай лексіцы мы заўсёды сустракаем спалучэнне дзе, це, а не дэ, тэ. Тут няма ніякой прынцыповай розніцы ў параўнанні з бе, ве, ге, ле, ме, не, у поўнай меры дзейнічае той жа самы закон спалучэння е з мяккім зычным. Адгэтуль вынікае, што спалучэнне дэ, тэ ў іншамоўных словах з’яўляецца парушэннем закона нашай мовы. Таму мяккае д, т (дз, ц) трэба рашуча пашырыць на ўсю іншамоўную лексіку, зрабіўшы выключэнне толькі для самай нязначнай колькасці слоў. Прычым нас у гэтых адносінах не павінна бянтэжыць тое, што ў рускай мове ў пэўнай колькасці слоў пасля д, т пішацца э або е, а вымаўляецца э. Па-першае, у рускай мове ў гэтых адносінах няма ніякіх правіл ці нават цвёрда ўсталяванай традыцыі. Пішуць депо і дэпо, бекон і бэкон, дебош і дэбош, леди і лэди, кафе і кафэ. Вымаўляюць тема і тэма, профессор і профэссор, текст і тэкст, атеизм і атэизм, дефект і дэфект, интервент і интэрвент, кодеин і кодэин. Наколькі гэта з’ява чыста выпадковая, відаць з таго, што тая ж самая іншамоўная часціна слова ў рускай мове ў розных словах вымаўляецца па-рознаму: дэгустатор, але декламатор, дэзынсекция, але дезинфекция, дэкаграм, але декада, дэкаданс, але декаденство.

Па-другое, напісанне з е ў рускай мове пашыраецца ўсё больш і больш, выцясняючы напісанне з э. Вось чаму ў нас ёсць усе падставы рашуча пашырыць дзеканне і цэканне і на ўсю іншамоўную лексіку, зрабіўшы выключэнне для некаторых уласных імён, для часцінкі дэ, калі яна стаіць асобна (дэ Бальзак), ды яшчэ для невялікай колькасці слоў, напрыклад, дэндзі, дэрбі, тэсты і інш.

Некаторыя таварышы падымаюць пытанне аб тым, як абазначаць на пісьме мяккае д і т, прапануюць адмовіцца ад абазначэння дзекання і цэкання. Для Арфаграфічнай камісіі гэта не з’яўлялася праблемай, паколькі дзеканне і цэканне не перашкаджае аднастайнасці напісання. Прымаючы пад увагу традыцыю і тое, што дзеканне і цэканне з’яўляецца адной з характэрных рыс беларускай мовы, мы лічылі магчымым захаваць гэту асаблівасць і на пісьме.

Існуючае правіла аб складаных словах з’яўляецца недасканалым у тым сэнсе, што яно не дае цвёрдага крытэрыю, паводле якога можна было б распазнаваць, калі этымалагічная галосная аднаўляецца ў першай частцы слова. У напісанні першай часткі слова існуе вялікая стракатасць. Калі мы ўзаконім правіла аб тым, што яканне ў першым складзе перад націскам не абазначаецца, то гэтым у значнай меры аблегчым задачу ўдасканалення правіла аб складаных словах. У першай частцы слова е заўсёды будзе пісацца на сваім месцы незалежна ад другараднага націску. Для о і э наш праект прапануе крытэрый асобна ўзятага слова: калі о (або э) праясняецца ў слове, якое існуе самастойна (у форме назоўнага склону адзіночнага ліку), то гэта о (або э) праясняецца і тады, калі гэта слова з’яўляецца першай часткай складанага слова: мова — мовавед, вада — вадаправод, мэта — мэтанакіраванасць. Гэты крытэрый, на маю думку, з’яўляецца досыць трапным, але ўсё правіла перагружана заўвагамі і пунктамі. Я лічу, што яго можна было б спрасціць, пашырыўшы вышэйназваны крытэрый на ўсе словы, незалежна ад таго, ужываецца ці не ўжываецца першая частка самастойна. Гэта правіла можна было б сфармуліраваць прыблізна так: «Першая або першая і другая часткі складанага слова пішуцца так, як гэтыя часткі пішуцца ў самастойных словах, з якіх яны ўзяты: роўны — роўнапраўны, гарадскі — гарсавет, камуністычны — кампартыя, сацыялістычны — сацспаборніцтва». Тады зусім не патрэбен быў бы пункт б гэтага правіла і выключэнне з гэтага пункта. Заўвагу 2 таксама можна было б скараціць, паколькі ёсць заўвага 3, якая вырашае пытанне аб злучальных галосных для ўсіх выпадкаў без выключэння.

Нявырашаным у нас застаецца лёс у, якое развілося з в.

Асаблівасцю беларускай мовы з’яўляецца тое, што гук в перад зычным ніколі не вымаўляецца, а пераходзіць у ў (нескладовае) або ў у (складовае). Гэты закон дзейнічае ва ўсіх выпадках без выключэння (праўда, ляўша, даўно, плаўна, галоўны, унук, удава, урач, усадзіць, укаціць, улада, Уладзіслаў, Усевалад, Улас, Уладзімір). Таму мы ў нашым праекце прапануем не рабіць выключэння для ўласных імён, прозвішчаў і геаграфічных назваў, у якіх пачатковае у развілося з в, пісаць — Уладзімір, Усевалад, Уладзівасток, Уладзікаўказ і г. д.

У нашым праекце прапануюцца змены і ўдакладненні некаторых і такіх правіл, недасканаласць якіх не з’яўляецца вынікам супярэчнасці паміж марфалагічным і фанетычным прынцыпам. Тут мы справу маем выключна з марфалогіяй, з недасканалым вызначэннем або з парушэннем існуючых граматычных законаў беларускай мовы.

Перш за ўсё звяртае на сябе нашу ўвагу правапіс назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку. Гэта адно з самых цяжкіх і неўпарадкаваных пытанняў нашага правапісу. Існуючае правіла аб гэтых назоўніках вельмі недасканалае і з’яўляецца крыніцай вялікай блытаніны. Недахоп гэтага правіла заключаецца ў тым, што яно не дае адзінага прынцыпу, паводле якога можна было б аддзяліць адну катэгорыю назоўнікаў ад другой, не дае ніякай знешняй, фармальнай граматычнай адзнакі, якая б дапамагла распазнаць, калі трэба пісаць а, я, а калі у, ю. Простыя людзі, не звяртаючыся да граматыкі, вельмі тонка адрозніваюць гэтыя дзве катэгорыі назоўнікаў і гавораць: дома, куска, але суму, пяску, а вучоныя лінгвісты ніяк не ўстановяць пэўнага крытэрыю для размежавання гэтых дзвюх катэгорый назоўнікаў. Граматыка не дае ім такой магчымасці, і яны вымушаны звяртацца за дапамогай да семантыкі і адрозніваць адны назоўнікі ад другіх па значэнню слоў. Існуючае правіла абмяжоўваецца тым, што пералічвае некалькі сэнсавых катэгорый назоўнікаў, якія ў родным склоне канчаюцца на а, я, і дзве катэгорыі назоўнікаў, якія канчаюцца на ў, ю. Але паколькі сэнсавых катэгорый у лексіцы вельмі шмат і пералічыць іх усе немагчыма, то значная частка лексікі правілам не ахоплена. Не ахоплены іменна тыя катэгорыі назоўнікаў, якія найбольш цяжка паддаюцца адрозненню. Мы так і не ведаем, якія канчаткі маюць у родным склоне назоўнікі футбол, спектакль, танец, санет, сеанс, матч, катод і сотні іншых. Словы скачок, рывок, штуршок, ківок як дзеяслоўныя назоўнікі, паводле правіла, павінны былі б пісацца з канчаткам у, а мы іх пішам (і зусім слушна) з канчаткам а. Словы кісларод, барый, цынк, фасфарыт правіла прапануе пісаць з канчаткамі а, я (як хімічныя тэрміны), а словы цэмент, цукар, воск, пясок з канчаткам у. На самай справе гэта назоўнікі аднае катэгорыі. Як назвы ўсіх цвёрдых, вадкіх і газападобных вяшчэстваў яны павінны пісацца з канчаткамі у, ю.

Задачай Арфаграфічнай камісіі пры вырашэнні гэтага пытання было перш за ўсё знайсці тую агульную размежавальную лінію, якая аддзяляе адну катэгорыю назоўнікаў ад другой. Уважлівыя нагляданні над вялікай колькасцю лексічнага матэрыялу даюць нам падставу сцвярджаць, што такая дэмаркацыйная лінія ёсць, што яна досыць выразна праходзіць праз усю лексіку як сваю, так і запазычаную. Можна лічыць нормай, што канчаткі а, я маюць назвы ўсяго таго, што ўсведамляецца намі як асобная адзінка. Усе іншыя назоўнікі, якія абазначаюць не адзінкавыя паняцці, маюць канчаткі у, ю. Сюды належаць назвы з’яў прыроды, назвы ўсякай матэрыі, не аформленай у выглядзе паасобных рэчаў, назвы якасцей, уласцівасцей, працэсаў, дзеянняў (за выключэннем разавых, якія ўспрымаюцца як адзінкі), абстрактна-разумовых паняццяў, прасторавых паняццяў з неакрэсленымі межамі, а таксама зборныя назоўнікі.

Правільна адзначаюць некаторыя таварышы, што гэта правіла ў нашым праекце недапрацавана. Мы ўсю ўвагу звярнулі на ўстанаўленне прынцыпу, на адшуканне агульнай размежавальнай лініі. Для ілюстрацыі выказанага намі палажэння прывялі вялікую колькасць розных катэгорый назоўнікаў. Гэта ўсё робіць правіла цяжкім для карыстання. Заганай правіла з’яўляецца тое, што ў ім не даецца фармальнай, знешняй адзнакі, якая давала б магчымасць лёгка адрозніваць адну катэгорыю назоўнікаў ад другой. А такія адзнакі ёсць. Яны вынікаюць з паняцця адзінкі, якую мы бяром у якасці агульнага крытэрыю. Уласцівасцю адзінак, як вядома, з’яўляецца тое, што іх можна браць па адной і лічыць. Гэта адна адзнака назоўнікаў, якія ў родным склоне маюць канчаткі а, я. Праўда, мы часамі лічым і тое, што не аформлена як адзінка, а з’яўляецца толькі паўтарэннем з’явы. Мы, напрыклад, гаворым: прайшлі два дажджы, замест таго каб сказаць: дождж прайшоў два разы. Тут нас выручае тое, што ёсць яшчэ больш дакладная адзнака, якая таксама вынікае з паняцця адзінкі. Справа ў тым, што калі даны прадмет усведамляецца намі як адзінка, то мы можам усвядоміць і паўадзінкі яго. Вось гэта паў служыць другой адзнакай назоўнікаў з канчаткамі а, я. Словы, якія можна ўжываць з часцінкай паў, маюць у родным склоне канчаткі а, я, (паўдома, паўстала, паўгорада, паўспектакля, паўсеанса, паўверша, адгэтуль: дома, стала, горада, спектакля, сеанса, верша). Калі спалучыць гэтыя дзве адзнакі, то пры дапамозе іх, за рэдкім выключэннем, можна дакладна адрозніць назоўнік з канчаткам а (я) ад назоўніка з канчаткам у (ю).

Такім чынам, не пералічаючы розных сэнсавых катэгорый, гэта правіла можна было б коратка сфармуліраваць так:

Канчаткі а, я маюць у родным склоне:

а) назоўнікі мужчынскага роду другога скланення, якія абазначаюць назвы жывых істот;

б) назоўнікі, якія можна ўжываць з часцінкай паў і абазначаныя імі рэчы лічыць як адзінкі.

Усе астатнія назоўнікі гэтага скланення маюць у родным склоне канчаткі у, ю.

Зусім зразумела і заканамерна, што, паводле гэтага правіла, і такія назоўнікі, як камунізм, сацыялізм, дарвінізм, ідэалізм, фашызм павінны былі б пісацца з канчаткамі у, ю. Толькі прымаючы пад увагу традыцыю, можна было б зрабіць для іх выключэнне і пісаць камунізма, сацыялізма, дарвінізма і г. д. Апрача таго, трэба было б зрабіць выключэнне для некалькіх слоў (хлеба, аўса, а не хлебу, аўсу; твару, а не твара).

У існуючым правапісе дзеясловаў мы лічым неабходным змяніць 73-е правіла, якое парушае граматычны лад беларускай мовы ці, ва ўсякім разе, яе цэнтральнай гаворкі. Паводле гэтага правіла, у цяперашнім часе множнага ліку трэба пісаць: бярэм, кладзем, бярэце, кладзеце. Гэта дыялектычная форма неўласціва цэнтральнай гаворцы, якая лягла ў аснову беларускай літаратурнай мовы, мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Для абвеснага ладу дзеясловаў у цэнтральнай гаворцы характэрнай з’яўляецца форма бяром, кладзём, бераце, кладзяце. Гэта правіла тым больш заганнае, што яно блытае дзве розныя формы дзеясловаў. У цэнтральнай гаворцы бярэм, кладзем, бярэце, кладзеце з’яўляецца формай загаднага ладу, а не абвеснага. Укладальнікі існуючага правапісу сталі на няправільны шлях, аддаўшы перавагу дыялектнай форме. Гэтак заўтра прыйдзе новы ўкладальнік правапісу, прадстаўнік другога дыялекту, скажам, палескага, і запрапануе пісаць наеўса, напіўса, м’яса, аў’ёс, м’ёд, гаўяда. Для таго каб літаратурная мова развівалася правільна, трэба прытрымлівацца норм аднае гаворкі — тае, якая лягла ў аснову літаратурнай мовы. Па гэтай жа прычыне мы прапануем лічэбнікі два — дзве, абодва — абедзве дыферэнцыраваць ва ўсіх склонах і пісаць у дачыненні да жаночага роду — дзвюх, абедзвюх і г. д. У цэнтральнай гаворцы форма двух, абодвух ужываецца выключна ў дачыненні да мужчынскага роду.

Існуючае правіла так жа катэгарычна, як і беспадстаўна абвяшчае, што гэтыя дзве формы лічэбнікаў «уніфікуюцца». З такой жа падставай, «для прастаты», можна было б уніфікаваць, скажам, спражэнні дзеясловаў і пісаць па аднаму ўзору: пішуць, маюць, косюць, вучуць; або уніфікаваць родавыя канчаткі прыметнікаў і пісаць: ясны дзень, ясны думка, ясны сонца.

З граматычнымі формамі трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Усякае штучнае скасаванне ці уніфікацыя граматычных форм, пакуль яны існуюць у агульнанароднай мове, з’яўляецца шкодным самаўпраўствам.

У беларускай мове шмат агульнага з роднай і блізкай ёй вялікай рускай мовай, якая аказвае магутны дабратворны ўплыў на развіццё беларускай мовы. Многія моўныя законы з’яўляюцца агульнымі для адной і другой мовы, але разам з тым у кожнай з гэтых моў ёсць і свае асаблівасці, свае адменныя нормы ў галіне марфалогіі, фанетыкі, сінтаксіса, слоўніка. Дзякуючы гэтым асаблівасцям беларуская мова і з’яўляецца беларускай, а не якой-небудзь іншай. А таму не на правільных пазіцыях стаяць тыя таварышы, якія прапануюць дзеля прастаты або зручнасці выкладання ліквідаваць тыя ці іншыя асаблівасці беларускай мовы. Ліквідаваўшы асаблівасці, мы ліквідавалі б і самую мову як нацыянальную, беларускую. А без нацыянальнай мовы не магла б развівацца і нацыянальная беларуская савецкая культура.

Іншая справа, што не ўсе асаблівасці мовы можна і трэба адлюстроўваць у правапісе. Правапіс, які ставіў бы мэтай адлюстраваць усе фанетычныя асаблівасці мовы, быў бы занадта складаным, няўстойлівым і супярэчлівым. Калі мы прапануем некаторыя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы не адлюстроўваць на пісьме, дык гэта не таму, што мы лічым гэтыя асаблівасці наогул непатрэбнымі, а таму, што гэта такія асаблівасці, якія будуць існаваць у мове і без адлюстравання іх на пісьме, і яшчэ таму, што адлюстраванне іх у правапісе не дало б магчымасці здавальняюча вырашыць задачу, якую мы сабе паставілі: ліквідаваць прычыны разнабою і дабіцца большай аднастайнасці нашага правапісу.

Імкнучыся захаваць асаблівасці беларускай мовы ў правапісе, мы не павінны забываць і на тое, што не ўсякая «асаблівасць» ёсць сапраўдная асаблівасць, угрунтаваная на законах беларускай мовы. Мы ведаем, што ў свой час у беларускім мовазнаўстве арудавалі буржуазныя нацыяналісты, якія выдумвалі «асаблівасці», каб штучна адгарадзіць беларускую мову ад рускай. Яны выжывалі з беларускай мовы словы, якія з’яўляюцца агульнымі для рускай і беларускай лексікі, і замянялі іх няўдалымі наватворамі. Каб беларуская пісьмовая мова не была падобна на рускую нават з выгляду, яны прапанавалі ўвесці лацінскі алфавіт. У галіне правапісу яны праводзілі крайнюю фанетызацыю ў дачыненні да беларускай лексікі. Для іншамоўнай лексікі яны стваралі асобныя правілы, не асмельваючыся падпарадкаваць яе законам беларускай мовы. Гэтым яны надавалі нашай мове неўласцівае ёй заходнееўрапейскае гучанне. У нас няма ніякай патрэбы захоўваць вось такія штучныя «асаблівасці» беларускай мовы.

У працы над складаннем «Праекта змен і ўдакладненняў беларускага правапісу» Арфаграфічная камісія Акадэміі навук БССР імкнулася ўдасканаліць тыя правілы, якія з’яўляюцца крыніцай разнабою, і дабіцца большай аднастайнасці напісання. Мы стараліся абгрунтаваць удакладненні правапісу законамі беларускай мовы і захаваць яе асаблівасці. Мы ўнеслі прапанову змяніць тыя правілы, якія парушаюць граматычны лад нашай мовы. Мы прапануем змяніць тыя правілы існуючага правапісу, якія перашкаджаюць запазычаным словам жыць па законах беларускай мовы і аддзяляць непраходнай мяжой іншамоўную лексіку ад беларускай.

Праўда, не ўсё тое, да чаго мы імкнуліся, дасягнута намі ў поўнай меры. Некаторых цяжкасцей нам не ўдалося пераадолець. У адных выпадках мы не знайшлі яшчэ правільнага падыходу да вырашэння складаных пытанняў правапісу, у другіх выпадках правільна намечанае вырашэнне не даведзена да канца.

Усё, што мы зрабілі і чаго яшчэ не дарабілі, мы выносім на абмеркаванне канферэнцыі. Многія таварышы ўжо выказаліся аб нашым праекце: адны ў друку, а другія прыслалі свае заўвагі непасрэдна ў Інстытут мовазнаўства АН БССР. У гэтых выказваннях ёсць слушныя ўказанні на недахопы нашага праекта, ёсць шмат каштоўных прапаноў, і мы выказваем шчырую падзяку ўсім таварышам, якія адгукнуліся і прыйшлі нам на дапамогу. Мы спадзяёмся, што ўдзельнікі канферэнцыі, прысвечанай спецыяльна правапісу, прымуць самы актыўны ўдзел у абмеркаванні гэтага складанага і важнага пытання і мы агульнымі намаганнямі пераадолеем цяжкасці і прыйдзем да пэўных станоўчых вынікаў.

1952




Беларуская Палічка: http://knihi.com