epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Рагуліна прамова да свайго гаспадара

Я, сялянская карова,

Прашу слова. Дайце слова!

Ну, за што цярплю я здзек

Праз увесь каровін век?

 

У хляве — гуляй у жмуркі,

Толькі свецяць трохі дзюркі,

Ў ім, па праўдзе вам кажу,

Я ўсю зімачку дрыжу.

 

Ем жа я адну салому,

Дык вядома і малому,

Што не дам шмат малака,—

Трэба сена ды мука.

 

Як саломы я не выем,

Дык ты перыш мяне кіем

Па спіне ды па баку,—

Дзе ж таму быць малаку?

 

Калі бегаць зажадаю,

Дык заўсёды вось што маю:

Проста жабу, не быка,—

І прыводжу «пацука».

 

Дай ты добрага мне мужа,

Ды кармі, каб была дужа,

Прынясу тады прыплод.

Што не выкінеш за плот.

 

Не ўзбівай мне кіем спіну,

А давай лепш канюшыну,

Бі больш рэпай, бураком,

Тады будзеш з малаком.

 

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 107
Крыніца: скан