epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Расціце — не аглядайцеся

Скажыце, людзі добрыя, ці ж я вінаваты, што вырас даўжэйшы за работнікаў швейпрома? Расці я пачаў з самага маленства і адразу набраў досыць шпаркія тэмпы. Лежачы ў калысцы і задзіраючы ногі аж да самых вушэй, я не ведаў, што гэтыя ногі некалі трэба будзе хаваць у штаны, і штаны мне патрэбны будуць больш метра даўжынёй. Не ведаў я тады і таго, што некалі мне прыйдзецца сустрэцца з швейпромам, што работнікі швейпрома — людзі ўсё кароценькія і мераюць сваю прадукцыю на свой кароткі аршын. Не ведаў я ўсяго гэтага і рос сабе, ні на каго не аглядаючыся. Цяпер каюся, але ўжо нічога не зробіш — прыходзіцца пакутаваць праз сваю неасцярожнасць. Вось і надоечы — глянуў я — э! Дык мае ж штаны зусім павыціраліся! Блішчаць, не раўнуючы, як люстэрка. Яно і не дзіва: на трох-чатырох пасяджэннях кожны дзень прыходзіцца сядзець, дык ужо галаве як папала, а штанам дастаецца. Глянуў я пад сонца — свіцяцца штаны. Пачухаў патыліцу і пайшоў купляць новыя. Заходжу ў магазін гатовага адзення — ляжаць на паліцы і нават нядрэнныя — чорны бастон. Папрасіў прадаўшчыцу паказаць. Падала яна, гляджу — хлапечыя.

— Большых няма? — пытаюся.

— Не, усе такія.

— Дык, можа, будуць пасля даўжэйшыя?

— І пасля не будзе, швейпром толькі такія выпускае.

Пачаў я прымяраць. Так і гэтак прыкідваў — ніяк ніжэй лытак не дастаюць.

— Чорт ведае што такое! — кажу.— Штаноў людскіх не могуць пашыць! На ліліпутаў яны шылі, ці што?

— Самі вінаваты,— спакойна адказала прадаўшчыца.— Не трэба было расці такому.

— Цяпер,— кажу,— позна гаварыць аб гэтым. Але ж на штаны я ўсё-такі маю права?

— Як гэта вы дзіўна разважаеце, грамадзянін,— аж пакрыўдзілася прадаўшчыца.— Вы думаеце толькі аб сабе, а швейпром жа думае аб прамфінплане. Вунь, яны ўжо выканалі яго на 110 працэнтаў. А чаму? А таму, што ў іх як семдзесят сантыметраў матэрыялу, дык і штаны. А цана на дарослыя штаны адна — ці яны доўгія, ці кароткія. А з такімі, як вы, хіба перавыканаеш прамфінплан? Вам жа аднаму трэба метр дзесяць, калі не ўсе метр пятнаццаць.

— Дык што ж мне ўсё-такі рабіць? — запытаў я, прыгнечаны яе доказамі.— Няёмка ж мне ў такіх штанах прыйсці на пасяджэнне хоць бы, скажам, у міністэрства легпрома. Усё ж такі я — асоба, можна сказаць, паважаная.

— А ім што да таго? Яны выконваюць свой прамфінплан, нягледзячы на асобы. А ўжо калі вы хочаце, дык я вам параю, што рабіць. Купіце зразу двое штаноў.

Адрэжце калошы ад адных ды надтачыце другія. Будзеце мець штаны ды яшчэ і трусы ў прыдачу.

Я паслухаў гэтай парады. Не таму, што яна была вельмі разумная, а таму, што без штаноў усё ж такі няёмка.

Пакутую я, можна сказаць, нізавошта. Толькі за тое, што памерам не падышоў пад швейпромаўскія стандарты. Такая мая доля, тут ужо нічога не паправіш. Але ўсё падрастаючае пакаленне я папярэджваю: расціце, дзеткі, ды аглядайцеся. А ўрэшце — не трэба аглядацца. Расціце насмелую. Пакуль вырасцеце, дык швейпромаўскія работнікі таксама падрастуць ды паразумнеюць.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан