epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Разлюлі-люлі маліна (Песня беларускіх партызан)

Раз фашысцкі чорны зброд

Пёр калонаю на ўсход,

Падабралася скаціна —

Разлюлі-люлі маліна!

Ой, ой, ну і зброд!

Разлюлі-люлі маліна!

 

Па балотах, па палях

Пралягаў шырокі шлях:

Ехаць вырадкам з Берліна —

Разлюлі-люлі маліна!

Ой, ой, ну і шлях!

Разлюлі-люлі маліна!

 

Едуць подлыя эс-эс,

Перад імі цёмны лес —

Што за ўдалая мясціна!

Разлюлі-люлі маліна!

Ой, ой, ну і лес —

Разлюлі-люлі маліна!

 

Што тут доўга варажыць —

Трэба міну залажыць!

Ну і штука, ну і міна!

Разлюлі-люлі маліна!

Ох, брат, ну й зарад!

Разлюлі-люлі маліна!

 

Ты шумі, зялёны гай,

Партызанам памагай!

Выбух, залпы, страляніна —

Разлюлі-люлі маліна!

Ой, ой, ну і бой!

Разлюлі-люлі маліна.

 

Хлопцы білі, як маглі,

Немцы трупамі ляглі.

Выйшла фрыцам дамавіна

Разлюлі-люлі маліна!

Ой, ой, ну і бой!

Разлюлі-люлі маліна.

 

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 268-269
Крыніца: скан