epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Развітанне сына

Не сумуй па мне, старая,

Будзь здарова, маці!

Вораг край мой разбурае —

Ці ж сядзець мне ў хаце?

 

Ці ж на тое палівала

Ты зямліцу потам,

Каб яна цяпер стагнала

Пад фашысцкім ботам?

 

Ці ж на тое мне пра волю

Пела над калыскай,

Каб марнела наша доля

Пад пятой фашысцкай?

 

Лепш свабодным легчы ў полі

Ад варожай кулі,

Чым аддаць сябе ў няволю

І цябе, матуля.

 

Бараніць пайду свабоду,

Біцца з гадам лютым,

Што нясе майму народу

Здзекі і пакуты.

 

Будзем жывы — будзем рады

Лёсу маладому,

А пакуль не знішчым гадаў,

Не чакай дадому.

 

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 257-258
Крыніца: скан