epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Сабачанё

Праўду людзі кажуць: воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Ёсць у майго суседа сабачанё — ну, каб яно нечага здохла! Так жа ўсім у косці ўелася! Не тое, каб яго хто баяўся — божа барані. Сабачанё малое, плюгавае, ад аднае пстрычкі лапы ўгару задрала б. Але звягае яно несціхана, прарэзліва, захлёбваючыся, не шкадуючы сваіх нікчэмных шчанячых сіл. Ідзе сабе чалавек па вуліцы, думае аб сваіх чалавечых справах, а яно знянацку пад ногі — а-я-я-яй! Аж канчаецца, здаецца. І гэта яно не так сабе канчаецца, не дзеля свае сабачай прыемнасці, а ўсё дзеля таго, каб гаспадару дагадзіць. Брэша, за калашыну хапае, а адным вокам усё на гаспадарова акно паглядае,— ці бачыць гаспадар яго такое старанне, а калі бачыць, дык ці ацэньвае па заслугах. Бывае, што і неўпапад зацяўкае, не на таго, на каго гаспадар хоча цяўкаць. «Тубо!» — злосна крычыць гаспадар. Сабачанё тады ўбірае хвост паміж ног і, спусціўшы морду, павольна і вінавата ідзе да гаспадара. Не дайшоўшы крокаў пяць, яно кладзецца на жывот і паўзе да гаспадаровых ног, каб прыняць заслужаную кару — дубцом па спіне.

А калі гаспадар часамі надумаецца па вуліцы прайсці, сабачанё — хвост абаранкам і памчала ўперадзе гаспадара. І ўжо тут нікога не прапусціць: на кожнага пацяўкае, у кожную падваротню загляне, ля кожнага слупка спыніцца. Ужо і спыняцца няма патрэбы, а яно ўсё роўна нагу задзірае, пнецца, колькі сілы мае, у гонар свайго гаспадара. Чалавек сустрэнецца — да чалавека прыстане смалою; фурманка едзе — каню пад ногі кідаецца; барбос ля варот стаіць такі, што яму гэтага сабачаняці на адзін зуб, а яно вышчарыцца і да барбоса лезе. Той і займацца не хоча з брыдою, толькі губу крывіць пагардліва ды ікол паказвае, а сабачанё аж са скуры вылузваецца ды ўсё ззаду забягае, каб хоць за кончык хваста ўшчыпнуць. І ўсё гэта напаказ, дзеля гаспадара: «Глядзі, як я дзеля цябе стараюся! Жыцця не шкадую!»

Бывае, надакучыць другому звяга, замахнецца ён на сабачанё, а гаспадар бровы насупіць:

— Ну, ну, не чапай! Жывёліна загранічная, грошы каштуе.

І не чапае чалавек. Ці варта праз паскуднае шчаня з суседам адносіны псаваць? Сусед яго сапраўды аднекуль з заграніцы выпісаў — не то з Галандыі, не то аж з Аўстраліі.

...Не чапае чалавек, толькі скажа, сплюнуўшы на зямлю:

— Такую брыду толькі за граніцай і можна знайсці.

 

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 95-96
Крыніца: скан