epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Салют перамогі

Неба над Масквой расквечана каляровымі ланцужкамі трасіруючых куль. Як чародкі невядомых дзівосных птушак, якія імкнуцца ў вышыню, перакрыжоўваюцца, знікаюць. Грымяць залпы 224 гармат. У масквічоў, якія высыпалі з дамоў на вуліцы, расцвітаюць на тварах усмешкі. Гэта феерверк радасці. Гэта салют перамогі. Гэта сталіца ад імя ўсяе Радзімы вітае нашы доблесныя дывізіі, якія вызвалілі ад ворага горад Харкаў. Яшчэ адзін страшны ўдар нанесен нашаму лютаму ворагу. Курская дуга, якую Гітлер хацеў зламаць і ператварыць у смяротныя клешчы для нашых войск, выпрасталася з нечаканай для яго сілай і хвоснула фашысцкаму зверу па мордзе, аж ён заліўся кроўю. Хвоснула адным канцом на поўначы, выбіўшы гітлераўскіх разбойнікаў з Арла і Карачава, а другім на поўдні — хвоснула так, што фашысцкая погань з выццём і праклёнамі выкацілася з Белгарада і Харкава.

Другі раз у гэтым месяцы грыміць у Маскве салют нашай перамогі над ворагам. Гэты гром аддаецца радасцю ў сэрцы кожнага патрыёта нашай Радзімы...

Вось і зноў неба Масквы расквечана агнямі салюта ў гонар Чырвонай Арміі, вітаючы вызваленне сталіцы Савецкай Беларусі — горада Мінска.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан