epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Самагоначка (П'яная гутарка)

Як цябе калі я ўбачу,

Самагоначка мая,

Дык чуць з радасці не плачу...

Дай жа цмокну цябе я.

Эх! Прыемна ты сабою,

Мне ўжо вельмі ж па нутру,—

Разлучуся я з табою,

Хіба толькі як памру.

Ад падатку ўсю астачу

Прынясу, аддам табе...

Што? Не еўшы дзеці плачуць?

Ну дык што ж — няхай сабе.

Як паддам сабе ахвоты,

Дык я ўсё аддаць гатоў —

Шапку, вопратку і боты...

Дай жа цмокнемся мы зноў.

Твая матка, як бывала,

За Міколаў яшчэ час,

Без апаскі ўсіх прымала,—

Ты ж не гэтакая ў нас,

Але, здэцца, і з табою

Можна справу распачаць,—

Я вячэрняю парою

Цябе буду сустракаць.

Што? Смяяцца будуць людзі?

Нам на гэта напляваць.

А мо жонка грызці будзе?

Дык патрапім і суняць:

Як адбатажу вяроўкай,

Ўзяўшы голаву між ног,—

Зразу стане мякчэй шоўку...

Я ж як злосны — не дай бог.

Не пужайся ж, дай мне губкі

Пацалую яшчэ раз:

Ўспамянём жа сёння, любка,

Мы з табою былы час!

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 33-34
Крыніца: скан