epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Сава, Асёл ды Сонца

(Байка)

 

Сава лятала паначы,

З сабою птушкам смерць насіла,

Хаўтурны спеў ім пеючы,—

Сама там драла іх, сама ж і галасіла,

Ды так не ўбачыла, як нахапіўся дзень,

І Сонца яркага прамень

Да рэшты асляпіў ёй вочы.

Сава ўцячы тут хоча,

Ды толькі вось ляцець не можа,

А поблізу няма дупла нідзе.

Заплакала Сава ў бядзе —

Ну, хто ж Саве паможа?

На шчасце ёй тут лёс паслаў

Знаёмага Асла.

І кажа ён: — Не плач, сястрыца,

Ды надта не бядуй,—

З бяды мы вырабімся самі,

І Сонцу нам не прыйдзецца скарыцца:

Я вушы доўгія на Сонца навяду

І засланю яго вушамі.

Як цемра ўсю пакрые галу,

Як згіне прыкрае святло,

Дык ты й ляці сабе ў дупло

Тады памалу.

І наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:

Як можна вушы свае шырай

Ён растапырыў, распрастаў

І проці Сонца стаў.

Калі ж налева глянуў коса —

Святла там яркая палоса.

Ён — гоп у левы бок.

Пасля глядзіць — святло і справа;

Тады назад ён — скок.

Нарэшце бачыць — дрэнна справа:

Скакаў, скакаў і ўжо насілу ходзіць,

А Сонцу ўсё ніяк не шкодзіць,—

Ні каплі не памог Саве,

А вочы пасляпіў сабе.

І вось Аслу нарэшце ясна стала:

Каб Сонца засланіць — вушэй асліных мала.

 

Вось гэту праўду едкіх слоў

Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў

І іх заступнікаў-аслоў.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 160-161
Крыніца: скан