epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Шчыры Поп

(Байка)

Вось не забыцца мне ніколі,

Як раз угодніку Міколе

Служыў малебен Поп адзін,

Як шчыра ён кадзіў.

Святы угоднік Мікалай

Лічыўся «шэфам» аднаго сяла,

Дык фэст дзевятага спраўлялі мая

(Бязглузды забабон там-сям яшчэ трывае)

Зважаючы на добрую пагоду,

Нямала там сабралася народу:

Адзін сапраўды йшоў маліцца,

Той замуж трэ было, а гэтаму жаніцца.

Там як бы ні было, а на папова шчасце

Ў царкве і яблыку няма дзе ўпасці.

Ён з радасцю пачаў малебен правіць

Ды, каб Міколу добра ўславіць,

Калі пачаў хадзіць,

Калі пачаў кадзіць!

У фанатычным тым уздыме

Угодніка схаваў у дыме,

Дзяка, і клірас, і алтар,

І сам гаворыць, як з-за хмар.

На ўсю царкву не пах ужо — смурод,

І чхае, й кашляе народ;

Таго ўжо тузае і рве,

А там паехалі аж разам дзве.

Трывалі доўга людзі так, а потым — ходу,

І Поп з угоднікам застаўся без народу.

 

Здараюцца ж на свеце людзі:

Ёсць пара крытыкаў, вядомых нам,

Якія кураць фіміям,—

Ад іх таксама нудзіць.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 184-185
Крыніца: скан