epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Шэпча бабка, шэпча...

Старшыня калгаса «Беларусь» Дзяржынскага раёна Янка Дардынскі і яго брат загадчык свінафермы Макар Дардынскі да хворых свіней замест ветэрынара запрасілі шаптуху. Амаль усе свінні падохлі.

З селькораўскіх допісаў

 

Шэпча бабка ціха,

Шэпча бабка шчыра

Ў лапушное вуха

Племяннога кныра.

 

Толькі шэптаў слухаць

Нешта ён не хоча —

І абвялі вушы,

I заплюшчыў вочы.

 

Можа, на бабульку

Сорам яму глянуць?

Мо такія шэпты,

Што аж вушы вянуць?..

 

Шэпча бабка свінцы,

Шэпча так ціхутка.

Мо ці не вяселле

Ёй нашэпча хутка?

 

Мо ці не пра хлопца

Маладзіца марыць?

Ці бабулька проста

Хоча папляткарыць?..

 

Мала што бабулька

Нашаптаць умее!

Свінка-небарака

Толькі ружавее.

 

Мала каго бабка

Можа ёй пасватаць...

Перастала свінка

І нагамі кратаць.

 

І ніякіх шэптаў

Свінцы ўжо не ўцяміць,

І сказала бабка:

«Вечная ёй памяць».

 

І спяшае бабка

З дапамогай скорай

Ад памёршай гэтай

Да другое хворай.

 

Націрае соллю

І шапоча ціха,

Каб свінні ніколі

Не чапала ліха.

 

І свінню-мацёру

Ўжо з хлява выносяць,—

Сам загадчык фермы

Па свінні галосіць.

 

За свіннёй і кныра

Валакуць у яму —

Пахавалі тату,

Пахавалі маму,

 

Засталіся дзеці —

Бедныя сіроты,

Дык і тых панеслі

Хутка за вароты.

 

І Макар Дардынскі

І Дардынскі Янка

Лаюць-прабіраюць

Бабку-ашуканку.

 

«Ах ты, бабка-ведзьма,

Што ж ты нарабіла!

А была ў нас ферма,

Ёсць жа ў нас магіла.

 

Вось як возьмем, бабка,

Мы цябе за шкірку!..

Мусіць, нашаптала

Ты не ў тую дзірку.

 

Несвянцонай соллю,

Мусіць, націрала!

І праз тваю ласку

Мы цяпер без сала.

 

Ані паляндвіцы,

Ані тае шынкі —

І спраўляй як хочаш

Па свіннях памінкі!»

 

Старшыня гаруе

І загадчык фермы.

Чым жа заспакоіць

Можам іх цяпер мы?

 

Чым жа іх уцешыць?

 

Ад такога гора

Будзе ім уцехай

Слова пракурора.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 247-249
Крыніца: скан