epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Сямейная спрэчка

(Байка)

Табе вось не якая трасца,—

Сказаў Пярэсты раз Падласцы,—

І больш не здольна ні на што ты,

Як на цялячыя пяшчоты:

Яшчэ мароз, мяцеліца,

Яна тады ацеліцца,

І сёмуха аж блізіцца —

Яна ўсё з целем ліжацца.

А калі ж цельная была,

Хадзілі, проста як ля шкла.

Вось толькі й клопату брыдзе,

Што нацадзіць за цэлы дзень

Якую кварту

Ці то-бок літру малака,—

І харчаваць цябе не варта.

Зусім рэч іншая ў быка:

Вось я штодзень, як той загарак,

Іду то ў возе, то ў сасе,—

Балюча ныюць косці ўсе,

Ярмо ашмуляла мне карак,

Бо я ж адзін на гэтым карку

Нясу ўсю нашу гаспадарку.

І каб не я, сышло б да рэшты.

— Пакінь плявузгаць ты, Пярэсты,

Сабою надта выхваляцца,

Не страш ты бабу цяжкай працай,—

Падласка кажа да быка.—

І я магу ярмо цягаці,

Радзі ж вось ты хоць паўцяляці

Ці дай хоць кварту малака.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 193-194
Крыніца: скан