epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Шкірута

1
2
3
4
5
6


Надаслаў нядаўна верш

Мне адзін знаёмы з вёскі:

 

«Дарагому Крапіве.

Піша сябар твой Яворскі.

 

Сябрам быў калісь — але.

(Мо цяпер такім не лічыш?)

На адным жылі катле —

Памятаеш Смалявічы?

 

Як служылі мы ў палку,

На бандытаў палявалі,

На сухім жылі пайку,

Мо не раз і галадалі.

 

Потым рознае было:

Ты падаўся да сталіцы,

Я ж — дадому, на сяло —

Пацягнула да зямліцы.

 

Атрымаў я там надзел,

Як былы батрак Завішаў,

Толькі доўга не ўсядзеў,—

Гаспадар з мяне не выйшаў;

 

Кінуў, брат, зямлю сваю,—

Досыць з ёю нервы тузаў;

Тлумяць голаву маю

Ў школе трыццаць карапузаў.

 

Ну а ты, я чуў, тае...

Лаўры там, і ўсё такое?

Вось, браток, яны твае

Не даюць і мне спакою.

 

Так... Здараецца ў жыцці...

Што ты сядзеш будзеш баяць,

Дні паспелі адцвісці,

А надзеі зацвітаюць.

 

Трыццаць пяты ж год ідзе,—

Нек аж сорамна, дапраўды...

Вось адна з маіх «надзей»,—

Прачытай ды дай парады».

 

Прачытаў я твор, пагладзіў,

А што выйшла — вось паглядзім.

 

1

Эх, і чортаў жа настрой!

Не ляжыцца, не сядзіцца,

Ўецца думак цэлы рой,—

Мае нешта нарадзіцца.

 

Ды ніяк іх не сабраць —

Разбягаюцца дый годзе.

Мусіць, ноччу не з дабра

Па дварэ хаджу, бы злодзей.

 

Трэці дзень не п’ю, не ем,

Ныю, ходзячы галодны:

У суседа том паэм,

А ў мяне пакуль ніводнай.

Бач, паэму напісаць

Цяжкавата без прывычкі...

Трэба, мусіць, зачасаць

Ды паставіць зразу тычкі,

 

Каб сюжэт удала рос —

І не коса, і не крыва,

А за гэтым трэба воз

Усялякіх там матываў.

 

На разгатым іх галлі

Панавешаць трэба тропаў,

Каб «каралі» тут былі

Ды каб «сіні» не прахлопаў.

 

Потым трэба слова «ой»

Сорак тысяч экземпляраў,

Каб відаць быў твой настрой

Без ніякіх акуляраў.

 

А няхай бы яго хвор:

Тут ад рознай гэтай «сіні»,

Покуль той напішаш твор,

Станеш сам як пуп гусіны.

 

Не пісаць мне, знаць, паэм,—

Не з маім, як бачу, ротам.

Вось я хіба трохі з’ем

Ды гарбаты вып’ю потым.

 

2

Замарыўшы чарвячыну,

Раскажу цяпер я вам

Пра глыбокі гэты шрам,

Што дастаў я праз дзяўчыну.

Вось цяпер, сказаць-прызнацца,

Кроў не так ужо кіпіць.

Так, вы можаце смяяцца,

Калі хочаце, і кпіць.

Я люблю ваш смех дзявочы

Ды гарэзлівыя вочы,

Вашы кпінкі, вашы жарты,

Ды... куды цяпер я варты?

Зараз буду лысы дзядзя,

Зараз горб на спіну сядзе,

Зараз немач ногі скруціць,

Зараз... годзе баламуціць.

Так, што дзень — бліжэй да смерці...

Толькі вы не надта верце:

Я жартую. Я нарокам.

Хай жа хто з вас кіне вокам:

Ці падобны я на дзеда?

Калі хочаце вы ведаць,

Яшчэ я не цвік іржавы,

Яшчэ я... «дзядуля» жвавы,

Яшчэ я... ды што хавацца! —

Мог бы нават закахацца.

Вашы ручкі, вашы ножкі,

Рух брывей капрызны трошкі,

Ваша стрыжка пад хлапца,

Лепет, лепет без канца,

Завіруха слоў вясёлых,

Паўсукенкі лёгкі шолах

(Не, наўрад ці апішу!

Ты жвавей скрыпі, пяро!)

Так мне кратаюць душу,

Пранікаюць у нутро

Аж да сэрца, аж да нырак...

Эх, шкада, што я не лірык!

Я тады, дзяўчаткі, вам бы

Пеў такія дыфірамбы

Ад відна і да відна,—

«Душу б выпеяў да дна».

А то я... Чаго я варт?

Гэткі, бачыце, мядзведзь:

Бухнуў слоўца й сам не рад,

Аж вачэй няма дзе дзець.

Рад паправіць, ды ўжо што там...

Я ж кажу — не з нашым ротам.

Але годзе заляцацца,

Каб без чуба не астацца:

Вунь за мною людзі сочаць,

Маёй жонцы сказаць хочуць,

Яна ж дрэнны звычай мае —

Мяне ў цуглях скрозь трымае.

 

3

Прабягаюць год за годам...

Я калісьці быў вайсковым,

Маладым служыў камзводам

У шаснаццатым стралковым,

У тылу быў і на фронце

У сваёй вось тут старонцы.

З палякамі меў я справу

І ў адным паходзе слаўным

Чуць не ўзяў у іх Варшаву

І чуць Мінска не аддаў ім.

Сілы болей не хапала

Бараніць куток свой родны.

Як я жыў? Ды як папала:

Дзень — не еўшы, два — галодны.

Дзе скарынку раздабудзеш,

Трохі супам рот прамочыш,—

Жыць, як кажуць людзі, будзеш,

А кахацца не захочаш.

Надышла тым часам восень.

Папраўляцца тут прыйшлося —

Там «бацькі» на поўдні лезуць.

«Бацька» Булак-Балаховіч

Лоеў, Рэчыцу стаў рэзаць.

Давялося іх ахоўваць,

«Частаваць» у роднай хаце

Зненавіднага нам «бацю».

«Частавалі» «бацьку» й «дзетак»,

Выдыгалі так і гэтак,

«Ушаноўвалі» гасцей,

Не шкадуючы касцей.

«Бацька» думаў, верне славу,

Ды каб ён так толькі дыхаў!

Як зрабілі з «бацькам» справу,

Аддыхаць пайшлі мы ў Быхаў.

Тут увесь быў полк сабраны.

Загаілі трохі раны

Ды ахаяліся з бруду —

Акапалі крыху вошы.

(Бачу, я што для эстэта

Рэжа вуха месца гэта.

Выбачайце! больш не буду!

Пашукаю слоў харошых,—

Я ж і сам цяпер стаў чыстым.)

З дому — ліст, пасля другі мне.

Адным словам, ліст за лістам:

«Гаспадарка,— пішуць,— гіне.

Бацька нешта нездаровы —

Ні на поле, ні ля дому,

Конь стары, няма каровы,—

Як і будзем — невядома.

Быў атрад у нас заўчора —

Ўсё шукаюць дзязянціраў.

Перарыў усю камору,

Палатно ўсё з куфра вырыў.

Не паверылі, што ў войску,

Ну, ды мы не вінаваты...

Што ж забыўся ты на вёску?

Прыязджай скарэй дахаты,—

На франтах, здаецца ж, ціха...»

 

Сам я думаў, ды куды там!

На табе другое ліха —

Чорт узняцца даў бандытам.

І ганяйся тут за імі,

Як за воўкам паляўнічы.

Неўзабаве перайшлі мы

У мястэчка Смалявічы.

 

4

Многа буяных драпежных галоў

Скацілася з плеч у бандытаў.

Многа і нашых было з-за вуглоў

Ды з цёмнага лесу забіта.

 

Помню я плямы крыві на снягу,

На шматы скрамсанае цела,

Мяса крывавае ў чорным кругу —

На баль вараннё прыляцела.

 

Слаўся, клубіўся крывавы туман.

Адным і другім было крута.

Быў у бандытаў тады атаман

Бядовы Захарка Шкірута.

 

З хеўрай драпежнаю пёр напралом,

Акрузе ўсёй грудзі ён зраніў;

У лесе тулілі пад цёплым крылом

Яго кулакі-хутаране.

 

Віхрам раптоўным бандыт налятаў,

Сляды замятаючы чыста.

Многа з жыццём ён людзей развітаў,

А болей за ўсіх — камуністаў.

 

Зловяць у лесе, адзенне сарвуць

Ды скуру здзіраюць на лыкі.

Зверава сэрца не могуць крануць

Ні стогны, ні немыя крыкі.

 

Выражуць молат на спіне і серп,

Крывавую зорку наверсе,

Літары выражуць — РСФСР

І цела на ўзгорку павесяць.

 

Зверства такога ў тутэйшых краях

Не бачыў ніхто і ніколі.

Агента неяк злавілі ў кустах,

Забілі, жывот распаролі,

 

Грэчкі насыпалі, жыта, аўса,

А ў рот далі ўласную костку,

Ў рукі запіску бандыт напісаў:

«Таварыш, прымі продразвёрстку».

 

Страшную памяць крывавых падзей

Пакінуў Шкірута ў народзе.

Зараз яшчэ між тутэйшых людзей

Легенды жахлівыя ходзяць.

 

Там і цяпер, калі ўночы йдзяце,

Здаюцца скрамсаныя трупы;

Маткі дагэтуль пужаюць дзяцей

Жудасным імем Шкіруты.

 

Раз паклікаў камполк мяне ў штаб —

Заўжды спакойны і строгі:

— Вось вам карта — двухвёрстны маштаб,

Вось вам на карце дарогі.

 

Радыус возьмеце трыццаць вёрст.

Вы за два тыдні павінны

Весткі сабраць мне пра кожны мост —

Насціл, быкі, падваліны.

 

Колькі ўшыркі ён? Мацунак які?

Ці можна праехаць гарматам?

Змераць глыб і цячэнне ракі,

Броду ці блізка няма там?

 

Здайце работу, каб быў з яе толк.

Можаце ўзяць ардынарца.

— Зроблена будзе, таварыш камполк!

— Жарце!

 

5

Мы едзем, гаворым;

Шум ветру ў вушах.

Дзе-недзе прышпорым

Ды зноўку на шаг.

 

Размову з Пятровым

Пра полк завялі.

Не звонкі падковы

На волкай зямлі.

 

Насустрач — паляны,

Насустрач — лясы.

Кастрычнік распляміў

Лясам валасы

 

Пад золата, мосенж

Ды цёмную медзь.

Не,— гэтак, як восень,

Дзяўчатам не ўмець.

 

Дрыжаць і лапочуць

Чародкі асін:

Пад ветрам паўночным

Азяблі зусім.

 

А граб ужо голы,

Дажджамі набрак,

Працягвае голле,

Як рукі жабрак.

 

Шапочуцца елі

Іголкамі губ

Аб воўчым вяселлі

Ў глыбокім снягу.

 

Гадуюць авечкі

Цяпло сівых рун —

Драпежаць ля рэчкі

Зялёную рунь.

 

На ўзгорку, тут бліжай,

Іржэўнік руды,

Як стрыжанай рыжай

Кусок барады.

 

Мы едзем ды едзем.

Дзе мосцік ці гаць —

Я злажу агледзець,

Пятроў — памагаць.

 

Самотна канае

Сухотлівы дзень,

Паўзе па канаве

Смяротны ўжо цень.

 

Тануць у сутонні

Абрысы прысад.

Змарыліся коні

І просяць аўса.

 

Дый самі б мы елі,

Каб ежа была;

Сырыя шынелі

Гнятуць да сядла.

 

А злезем, дык ногі

Аж ледзь валаком.

Эх, бульбы б з дарогі

Цяпер з малаком!

 

— Ну што, мо на хутар

Заедзем, Пятроў,

Калі нам Шкірута

Не зрэжа галоў?

 

Пятроў забіяцка

На хутар глядзіць:

— Як воўка баяцца,

То ў лес не хадзіць.

 

Я так яго стрэў бы,

Аж быў бы не рад:

Пры нас жа дзве стрэльбы

Ды пара гранат.

 

Вунь купаю дрэвы,

Між іх — журавель.

Кіруем налева

Па збляклай траве.

 

Нас выбеглі брэхам

Вітаць ваўкары,

І гойсае рэха

Ў суседнім бары.

 

6

Так праз хвіліны тры ці дзве

(Вайсковец не прывык марудзіць)

І коні нашы ўжо ў хляве,

І самі ў хаце мы, як людзі.

 

Тут зараз міскі ды збанкі...

Дзед нам, мы дзеду нешта хлусім.

— Сядайце,— кажа ён,— панкі...

То-бок, таварышы, закусім.

 

Капусты місу нам на стол,—

Сабака б мо не пераскочыў,

І верне пара аж у столь

І смачным пахам нюх ласкоча.

 

Пасля гладышык малака

Ды бульбы чыгунок гарачай.

Вось тут — не то што ля пайка —

Мы можам пахадзіць іначай.

 

Падсела дзедава сям’я —

Нявестка з дзіцем ды старая.

На хлеб павёў атаку я,

Пятроў на бульбу напірае.

 

Гаворку дзед пра трудны год

Ды пра ўраджай пачаў заводзіць,

А ў нас бяда — заняты рот...

Тут зараз дзеўчына ўваходзіць.

 

Маланкі-вочкі. Стройны стан.

Пад барадою рожкі хусткі.

Хоць формы скрадвае мультан,

А грудзі просяцца з-пад блузкі.

 

Прыйшла і села пры стале,

Нервова мне абрус кужэльны.

— Дачка? — пытаемся.— Але.

Часцей бывайце, то пажэнім.

 

Спусціла вочкі ўніз хутчэй,

Хутчэй абруса складкі мнуцца.

Ніяк не зловіш зірк вачэй,—

Хацеў бы я перамігнуцца.

 

Маргнуў — усмешка збегла з губ,

Прывабна глянула і кпліва.

Ага, смяешся! Значыць, люб.

Бадай, з табою зварым піва.

 

Лажымся спаць. Старая прэч

Пайшла праз сенцы спаць з нявесткай,

Стары палез сабе на печ.

Дзяўчына тут, за занавескай.

 

Нячутна дыша не сплючы.

З Пятровым мы ў адной пасцелі.

Нас мелі, праўда, разлучыць,

Ды толькі мы не захацелі.

 

Тут стрэльбы нашы ў галавах —

Пяцьма патронамі пабіты,

Каб не было часамі швах,

Калі абмацаюць бандыты.

 

Заснуць хацеў я... Каб ён спрах!

Які тут сон! Не сон, а слёзы:

У разварушаных мазгах

Жанчын распешчаныя позы.

 

— Пятроў, ты спіш? — Ён шэпча: — Не.

Чаму? — пытае.— Што такое?

— Пятроў, не спіцца нешта мне,—

Дзяўчына не дае спакою.

 

Храпі, браток, як быццам спіш...

Апанавалі, брат, жаданні.

І крадуся ў начную ціш

Лягчэй туманнай белай здані.

 

Прыйшоў. Гляджу, не спіць яна.

Прылегчы пораўні хачу я.

— Адстань ты,— шэпча,— сатана!

Вунь бацька спіць — яшчэ пачуе,—

 

Сама хіхікае.— Адстань!..

Каб бацька чуў — ото зырнуў бы.

Але абвіў я моцна стан

І губы напаткалі губы.

 

Хацеў яшчэ й яшчэ, адно ж...

Акамянеў ураз ад жаху:

У змроку цьмяна бліснуў нож

І рэзнуў па твары з размаху.

 

Тут заліла мне вочы кроў.

Хацеў паклікаць на падмогу,

Ды толькі крыкнуўшы: — Пятроў! —

Як сноп скаціўся на падлогу.

 

Ляжу змярцвелы пры сцяне,

Мурашкі бегаюць па целе.

Бандыт жа, кінуўшы мяне,

К Пятрову сунуўся з пасцелі.

 

Не ведаю, што там было б,

Каб той хоць каплю правароніў,

Але прыкладам стрэў у лоб —

Гатовы быў да абароны.

 

Звязаў старога, потым баб;

Перавязаў мне трохі рану.

Бандыт ажыў. Усіх у штаб

Адвезлі мы назаўтра рана.

 

Разбойнік жаласна стагнаў,

Калі дзе па карэннях тросся.

Маўчаў затое, як сцяна,

У камісара на дапросе.

 

Не мог ці не хацеў казаць...

А дзед, калі прыперла крута,

Прызнаўся: хлопец — яго зяць,

Крывавы, жудасны Шкірута.

 

Дык вось цяпер вядома вам,

Праз твар увесь з якой прычыны

Такі ў мяне глыбокі шрам.

Яго дастаў я ад «дзяўчыны».

 

Тым сапсаваў сабе я густ.

Здаецца мне цяпер загэтым:

Калі ў каго высокі бюст,

Дык то — бандыт пераадзеты.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 146-158
Крыніца: скан