epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Шкодная блытаніна ў пытаннях мовы

Мова, як сродак людскіх дачыненняў, заўсёды мела велізарнае значэнне ў грамадскім жыцці людзей. У нашых, савецкіх умовах мова з’яўляецца магутным сродкам пашырэння ідэй марксізма-ленінізма ў шырокіх масах працоўных. Камуністычная партыя, будуючы сацыялістычную дзяржаву, ствараючы неўміручую дружбу народаў, заўсёды вялікую ўвагу аддавала развіццю нацыянальных культур савецкіх народаў.

Партыя вучыць, што ўзняць культуру кожнага з народаў Савецкага Саюза можна толькі на яго роднай мове. Таму зразумела, што мова кожнага савецкага народа, як вялікі народны скарб, як сродак выхавання савецкіх людзей у духу камунізма, патрабуе пашаны і ўважлівага абыходжання. На жаль, пра гэта забылася рэдакцыя часопіса «Савецкая школа», даўшы месца на старонках часопіса, ды яшчэ ў раздзеле «У дапамогу настаўніку», блытанаму і шкоднаму артыкулу І. Матвеенкі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы за 30 год БССР».

Шкоднасць названага артыкула ў тым, што І. Матвеенка, падыходзячы да пытанняў мовы з лявацкімі, вульгарызатарскімі ўстаноўкамі, карыстаючыся фармалістычным метадам «даследавання», а таксама з прычыны нядобрасумленнага абыходжання з матэрыялам, дапусціў рад грубых метадалагічных і фактычных памылак.

Асаблівасцямі «метаду» І. Матвеенкі з’яўляецца тое, што ён моўныя з’явы даследуе пры дапамозе лічыльнікаў, пры гэтым аперыруе лічбамі, высмактанымі з свайго пальца. Дзе факты не хочуць служыць лявацкай тэндэнцыі І. Матвеенкі, там ён без усякага сораму прыцягвае іх за валасы.

Аднак жа возьмем лічыльнікі і паглядзім, што гавораць нам лічбы, якімі так любіць жангліраваць аўтар названага артыкула.

І. Матвеенка сцвярджае, што да Вялікага Кастрычніка ў беларускай літаратурнай мове налічвалася 22 000 слоў. Свет вялікі, можа, і праўда,— скажам мы словамі аднаго казачнага персанажа. Але што ж выходзіць далей? А далей аўтар падлічыў, што 10 000 слоў з гэтага ліку ўпершыню ўвёў у літаратурную мову Янка Купала. «Вельмі значны ўклад у справу ўзбагачэння слоўніка беларускай мовы ўнеслі Я. Колас, 3. Бядуля, А. Пашкевіч (Цётка), М. Багдановіч і іншыя пісьменнікі»,— гаворыць ён далей. Колькі слоў увялі пералічаныя пісьменнікі, Матвеенка не падлічыў, але мы з поўным правам можам дапусціць, што чатыры выдатныя пісьменнікі, разам узятыя, унеслі таксама не менш за Янку Купалу. Такім чынам, на ўсю астатнюю літаратуру: на публіцыстыку «Нашай нівы» і «Нашай долі», на «Мужыцкую праўду» Каліноўскага, на Багушэвіча, Янку Лучыну, Дуніна-Марцінкевіча, на «Энеіду навыварат», «Тараса на Парнасе» і шматлікія іншыя творы, не гаворачы ўжо аб старажытнай літаратуры, прыпадае ўсяго... 2000 слоў. Ці не замала?

Але не будзем вельмі дзівіцца, бо самае дзіўнае яшчэ наперадзе. Давайце лепш пацікавімся, што гэта за мова была па свайму лексічнаму складу. Добра, што ў шаноўнага вучонага ўсё гэта паказана ў матэматычных выкладках. На старонцы 40 часопіса мы чытаем:

«На 100 старонках дарэвалюцыйнага тэксту творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, 3. Бядулі прыпадае ад 1 да 10 выпадкаў ужывання арыгінальных беларускіх лексем, ад 10 да 100 выпадкаў ужывання агульнаславянскіх значымых лексем і да 2000 агульных прыназоўнікаў і злучнікаў». Калі верыць І. Матвеенку, дык на 10 000 слоў, якія змяшчаюцца на 100 старонках, прыпадае толькі адно арыгінальнае беларускае слова і ва ўсякім разе не больш дзесяці. Іначай кажучы, ад 0,001 да 0,01 працэнта. Але не будзем верыць Матвеенку, а заглянем у дарэвалюцыйны тэкст Я. Купалы. Разгортваем кнігу і чытаем:

 

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,—

Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,

Сухазелле у грудзі ўпілося;

Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—

Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На купалле там птушка садзіцца, пяе,

У піліпаўку воўк нема вые;

Сонца днём распускае там косы свае,

Ночкай зоры глядзяць залатыя.

 

Я. Купала «Курган»

Не ведаю, як т. Матвеенку, а нам здаецца, што кожнае слова тут з’яўляецца арыгінальным беларускім, хоць некаторыя з іх і ўжываюцца ў іншых славянскіх мовах. Арыгінальныя яны таму, што бытуюць у беларускай мове з незапомных часоў, што кожнаму беларусу большасць гэтых слоў вядома ад самай калыскі, адным словам, таму, што яны свае, родныя. Нават калі б мы сталі на шлях Матвеенкі і пачалі выбіраць словы, якія ўжываюцца толькі ў беларускай мове, дык і такіх знайшлося б у гэтых дванаццаці радках шмат больш, чым І. Матвеенка налічыў на 100 старонках тэксту. Але такую работу мы лічым непатрэбнай і нават шкоднай.

Нашто ж патрэбен быў І. Матвеенку гэты недарэчны падзел беларускай карэннай лексікі на арыгінальную і неарыгінальную? Недарэчнасць гэта не выпадковая: яна прызначана для таго, каб прыбядніць і прынізіць беларускую мову. Гэта тэндэнцыя выразна выступае на працягу ўсяго артыкула, хоць аўтар і стараецца прыкрыць яе гучнымі фразамі аб сусветнай мове.

Ідучы далей па шляху прыніжэння беларускай мовы, забыўшыся, што ён пісаў на 39-й старонцы, І. Матвеенка на 50-й старонцы наогул адмаўляе існаванне беларускай літаратурнай мовы да рэвалюцыі. Дзіўна! Была дарэвалюцыйная беларуская літаратура, былі выдатныя паэты і пісьменнікі, былі Я. Купала і Я. Колас, якія ўзнялі беларускую паэзію на ўзровень лепшых узораў тагачаснай рускай паэзіі, а літаратурнай мовы не было. Як быццам можна стварыць выдатныя мастацкія творы і без літаратурнай мовы.

Ну, гэта, паводле сцверджанняў І. Матвеенкі, так было да рэвалюцыі. А якія ж змены адбыліся ў мове пасля рэвалюцыі? І. Матвеенка сцвярджае, што на працягу цэлых дзесяці год мова заставалася на тым жа ўзроўні: «Лексіка беларускай літаратурнай мовы першых 10 год пасля Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі мала чым адрознівалася ад лексікі дарэвалюцыйнай». Далей ён тлумачыць: «Яно і зразумела, бо жыццё беларускай вёскі да пачатку калектывізацыі сельскай гаспадаркі змянілася даволі мала для таго, каб больш-менш значна абнавіць лексіку, і старая лексіка яшчэ досыць поўна абслугоўвала патрэбы сялянскага ўжытку». Тут у адной фразе мы бачым зразу дзве грубейшыя памылкі. Грубым скажэннем сапраўдных фактаў з’яўляецца сцверджанне І. Матвеенкі, што культурны ўзровень беларускай вёскі на працягу цэлых дзесяці год пасля Кастрычніка заставаўся нязменна нізкі і не патрабаваў узбагачэння мовы. Другая грубая памылка заключаецца ў тым, што І. Матвеенка разглядае беларускую мову толькі як мову вясковую, прыгодную для абслугоўвання «патрэб сялянскага ўжытку». Гэта не выпадковая агаворка. Гэту шкодную думку І. Матвеенка праводзіць на працягу ўсяго артыкула. Па Матвеенку выходзіць, што беларуская мова гораду непатрэбна і горад ніякага дачынення не меў да яе развіцця і ўзбагачэння. А між тым у рэспубліцы ёсць Беларускі дзяржаўны універсітэт і іншыя вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, у якіх выкладанне вядзецца на беларускай мове, у сталіцы БССР і ў іншых гарадах выходзіць шмат газет, часопісаў і кніг. Усё гэта з’яўлялася і з’яўляецца магутным фактарам развіцця не толькі мастацкай, але таксама навуковай і палітычнай літаратурнай мовы. Беларуская мова — мова ўсяго беларускага народа, як гарадскога, так і сельскага насельніцтва. І. Матвеенка не прызнае ўсяго гэтага.

Разглядаючы беларускую мову як толькі сялянскую, ён і гэту прыніжаную ім мову стараецца яшчэ больш прынізіць.

«Вайсковыя тэрміны,— піша ён,— самалёт, танк, артылерыя, кавалерыя, лётчык, абстрэл, агонь, бліндаж, акоп, разведчык, паход, марш і іншыя, якія да рэвалюцыі амаль не сустракаліся ў беларускай літаратуры, у 30-х гадах нашага стагоддзя сталі вельмі пашыранымі словамі». Не сустракаліся! Гэта ў той час, калі праз тэрыторыю Беларусі праходзіў фронт імперыялістычнай вайны і ўся яна была зрыта акопамі і бліндажамі, здратавана артылерыяй і кавалерыяй! Я ўжо не гавару, што беларускую зямлю дратавала артылерыя і кавалерыя яшчэ і Карла XII, і Напалеона І.

Відавочнае глупства піша т. Матвеенка. Але ён на гэтым не спыняецца і далей узводзіць паклёп ужо не толькі на беларускую мову, але і на беларускі народ, сцвярджаючы, што толькі з 30-х гадоў «у беларускую мову ўваходзяць раней невядомыя ёй тэрміны, як акцябрыны, маёўка, дэманстрацыя, абажур, патэфон, рупар, рэпрадуктар, дэзінфекцыя, санітарыя, марля, бінт, халат, аратар, дэкламатар, спектакль, канцэрт і інш.» (с. 47). Вось, аказваецца, якімі дзікунамі былі беларусы на працягу першых паўтара дзесятка год савецкай улады: яны ніколі ў вочы не бачылі ні абажура, ні бінта, ні халата, не ведалі, што такое санітарыя, не бывалі ніколі на спектаклях і канцэртах.

Разам з нядобрасумленнасцю ў падыходзе да пытанняў беларускай мовы І. Матвеенка паказвае і сваю жахлівую непісьменнасць. Ён, напрыклад, сцвярджае, што словы адкрыць і адчыніць, адправіць і накіраваць, адняць і адабраць, гатова і падрыхтавана, бітва і калатня, узятыя папарна, маюць аднолькавае значэнне. Па Матвеенку, выходзіць, можна: дзверы адкрыць, твар адчыніць (калі ён закрыты), пяць ад дзесяці адабраць, кулю ў цэль адправіць (замест накіраваць), а пісьмо на пошту накіраваць.

Наш паважаны лінгвіст не бачыць розніцы паміж словамі бітва і калатня. Паводле яго сцверджання, можна сказаць, што свякроў з нявесткай распачалі бітву (сварку), а немцы на Курскай дузе прайгралі калатню. І. Матвеенка лічыць, што слова блудзіць і ў рускай і ў беларускай мовах мае аднолькавае значэнне. Ці не таму ён і блудзіць на працягу ўсяго артыкула і ў рускім і ў беларускім значэнні гэтага слова?

Падыходзячы да пытанняў мовы з лявацкіх, вульгарызатарскіх пазіцый, І. Матвеенка блытае з загадзя абдуманым намерам і наўмысна скажае як малюнак сучаснага стану беларускай мовы, так і перспектыву далейшага яе развіцця. Сцвярджаючы той бясспрэчны і выдатны факт, што беларуская і руская мовы з’яўляюцца роднымі і блізкімі, што яны маюць у сваёй лексіцы шмат аднолькавых слоў, што руская мова з’яўлялася і з’яўляецца крыніцай узбагачэння беларускай мовы, Матвеенка лічыць, што чым больш ён прынізіць беларускую мову, тым хутчэй наблізіць яе да рускай і сусветнай інтэрнацыянальнай мовы. І. Матвеенку здаецца, што гэта набліжэнне можна паскорыць і завяршыць, седзячы ў канцылярыі, адным росчыркам пяра. Вось ён і «даводзіць», што ў беларускай мове на сто старонак тэксту толькі адно «арыгінальнае» беларускае слова, што гэта абмежаваная сялянская мова, што яна стаіць на надзвычайна нізкім культурным узроўні. Фанетычных і марфалагічных асаблівасцей І. Матвеенка зусім у разлік не прымае.

А каму патрэбна такая мядзведжая паслуга? — запытаемся мы ў Матвеенкі. Хіба рускі народ, які дапамог усім народам былой царскай Расіі скінуць ярмо сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, які клапатліва дапамагае ім развіваць сацыялістычную культуру на роднай мове, патрабуе таго, каб у імя вялікай рускай мовы прыніжалася якая-небудзь мова другога брацкага народа?

Безумоўна, не.

Сацыялістычная культура беларускага народа развіваецца на яго роднай мове. Пры гэтым развіваецца і сама беларуская мова — як на сваёй нацыянальнай аснове, шляхам выкарыстання вялікіх багаццяў і магчымасцей, заложаных у ёй самой, так і шляхам узбагачэння за кошт багацейшай брацкай рускай мовы. Разам з тым адбываецца і збліжэнне моў — заканамернае і натуральнае, якое не мае нічога агульнага з набліжэннем згодна метаду Матвеенкі.

І. Матвеенка блытае і ў пытанні аб будучай сусветнай мове. Паводле падлікаў Матвеенкі, выходзіць, што беларуская мова ўжо напалову, а можа, і больш чым напалову, з’яўляецца мовай інтэрнацыянальнай. Такой беларуская мова стала нібыта ў выніку таго, што за гады савецкай улады (а дакладней — з часоў калектывізацыі) лексіка яе павялічылася з 22 000 да 80 000 слоў (амаль у чатыры разы). Лічбы ўзяты са столі: на самай справе ў беларускай мове налічваецца не 80 000, а шмат больш слоў. Аднак што ж гэта за новыя словы, якія складаюць 3/4 усёй беларускай лексікі? Аб гэтым Матвеенка піша: «Новыя дзесяткі тысяч слоў, якія папоўнілі беларускую літаратурную лексіку за 30 год існавання Беларускай ССР, у большасці сваёй з’яўляюцца інтэрнацыянальнымі, палітычнымі і навуковымі тэрмінамі, захаванне якіх магчыма і ў будучай сусветнай мове пасля перамогі камунізма ва ўсім свеце. Гэтыя тэрміны як рускага савецкага паходжання (бальшавік, камсамолец, савет, стаханавец, пяцісотнік і інш.), так і сусветнага (рэвалюцыя, сацыялізм, камунізм, электрыфікацыя, канвеерызацыя, энтузіязм і інш.) ужо зараз вядомы культурнай частцы сусветнага чалавецтва і адрозніваюцца ў розных мовах толькі вымаўленнем асобных гукаў».

Вось як, дарагі чытач! Мы і не падазравалі, што больш як напалову гаворым з вамі сусветнай мовай. Праўда, Матвеенка назваў тут толькі 12 інтэрнацыянальных слоў, але ж у яго ў запасе яшчэ дзесяткі тысяч слоў, і ўсе сусветныя, і ўсе іх народ ведае. На старонцы 39-й ён так і гаворыць: «Навуковыя, палітычныя і тэхнічныя тэрміны, якія ўжо зараз складаюць першапачатковы асноўны фонд будучай адзінай сусветнай мовы, вядомы кожнаму грамадзяніну Савецкай Беларусі».

Вось які скачок! То не ведалі такіх слоў, як бінт і абажур, а то ўжо кожны беларус авалодаў асноўным фондам будучай сусветнай мовы.

І што гэта за «культурная частка сусветнага чалавецтва», з якой Матвеенка ўстанавіў агульную сусветную мову? Мы ведаем, што некаторыя паны за мяжой таксама балбочуць аб сусветнай мове, марачы пры гэтым аб сусветным панаванні амерыканскага імперыялізму. Мы ведаем, што паміж нашым вучоным і гэтымі панамі нічога агульнага няма, мы толькі хочам сказаць, што, закранаючы гэта пытанне, трэба быць асабліва дакладным, каб незнарок не аказацца іх падгалоскам, а Матвеенка толькі тое і робіць, што блытае. Ён перавялічвае і колькасць, і значэнне іншамоўных, заходнееўрапейскіх слоў у беларускай мове, абвяшчае іх словамі сусветнага паходжання, як быццам ужо была ці ёсць нейкая сусветная мова. На самай справе кожнае з гэтых слоў мае свой нацыянальны пашпарт. Апрача таго, далёка не кожнае замежнае слова з’яўляецца інтэрнацыянальным («сусветным»). Вядома, што некаторыя касмапаліты, працуючы ў той ці іншай навуковай галіне, гатовы былі пракланіцца перад кожнай замежнай літарай і нямала нанеслі ў рускую і беларускую мову чужаземнага смецця. Аб неабходнасці ачышчэння рускай навуковай мовы ад непатрэбнай чужаземшчыны не раз пісалася ў савецкім друку.

Матвеенка сцвярджае, што асноўны фонд сусветнай мовы ўжо ёсць. Дзеля сусветнай мовы ён і стараецца прынізіць беларускую мову, аб’явіць яе неарыгінальнай, нізкай па свайму культурнаму ўзроўню.

У галаве Матвеенкі ніяк не ўкладваецца тое, што шлях да будучай сусветнай агульнай мовы ляжыць цераз росквіт нацыянальных моў. Яго, відаць, гэта не задавальняе. Ён рашыў: раз некалі будзе сусветная мова, дык на сваю ўжо сёння можна напляваць.

Нямала наблытаў ён і ў пытанні аб паланізмах.

Мы не мелі магчымасці спыніцца на ўсіх памылках, скажэннях і проста недарэчнасцях, якімі ўсеяны старонкі «навуковай працы» І. Матвеенкі. Але і таго, што тут прыведзена, хопіць, нам здаецца, каб мець яснае ўяўленне аб гэтай «працы».

Дрэнную «дапамогу» настаўніку аказаў часопіс «Савецкая школа». Проста скажам — мядзведжая паслуга.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан