epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Шляхі да ісціны

(Байка)

Жылі ў суседстве два Іваны.

Адзін — мудрэц —

Шукаў ва ўсім пачатак і канец,

Другі — прастак —

Жыў проста так.

Вось раз ідзе прастак з двара —

Касцюмчык, гальштук, папяроска.

— Куды? — пытае цёзка.

— Ды мне пара...

Вунь там у скверыку чакае

Чарнявая такая.

— Я бо гляджу — надраіў чуб.

Жаніцца думаеш?

— А хоць бы й так?

— Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб.

— Я па-вучонаму адказваць не бяруся,

Як ажанюся — разбяруся.

— Прастак дык ён і ёсць прастак.

А я хачу спачатку разабрацца.

Цяжкая, праўда, праца,

Вунь, бачыш, колькі кніг!

Усё пра шлюб сабрана ў іх

Ад самага Адама.

Дык вось мая праграма:

Пакуль да сутнасці не дабяруся —

Не ажанюся.

Ад першабытнае сям’і пачну.

— Ну-ну!

Жадаю поспеху.

— Табе таксама.

Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог,

І дзень і ноч над імі сох,

Пакуль дабраўся да матрыярхату,

Прастак прывёў чарняўку ў хату.

Яшчэ прайшло мо год ці два,

Штудзіруе разумнік том за томам,

Трашчыць аж галава,

А ўсё канца няма крыніцам невядомым.

Раз, глянуўшы на свет, разумны аж здзівіўся:

Сынок у «дурня» нарадзіўся.

 

Ішлі гады сваёй хадою...

Пад старасць наш мудрэц,

Абросшы сівай барадою,

Знайшоў-такі пачатак і канец,

Але на сівізну кудзелі

Нявесты не глядзелі.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 289-290
Крыніца: скан