epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Слова да малодшых

Я загадзя прашу прабачэння ў чытача за тое, што мой артыкул не будзе мець ні пэўнай метадалагічнай устаноўкі, ні патрэбнай артыкулу стройнасці, бо я не збіраюся ні аналізаваць чыю-небудзь, а тым больш сваю, творчасць, ні выкладаць тэорыю мастацтва. Я хачу толькі ў парадку гутаркі з малодшымі таварышамі, якія сёння ўзыходзяць на ўхабісты пісьменніцкі шлях, выказаць некаторыя свае думкі пра тое, што патрэбна пісьменніку ў першую чаргу, можа, перасцерагчы ад некаторых памылак, можа, даць некаторыя парады. Але, узяўшыся за работу, я бачу, што не такая гэта лёгкая справа — вучыць пісаць, калі сам яшчэ добра не ўмееш. Я кажу гэта не таму, што хачу быць занадта сціплым, а таму, што, на маю думку, мала знойдзецца такіх пісьменнікаў, якія маглі б сказаць: я ўсё ўмею і ўсё ведаю, што павінен ведаць пісьменнік, мне больш нічога не дадасі і нічога ад мяне не адымеш.

Тым больш не магу так сказаць пра сябе я. Дзесяць год свае творчасці я разглядаю (у плане літаратурным) як вучобу, як пробу сваіх сіл на розных тэмах і ў розных жанрах. Мне здаецца, што пісаў я дагэтуль — так, пакуль што, а па-сапраўднаму пісаць яшчэ толькі пачну. Можа, гэта «пакуль што» так і застанецца назаўсёды, можа, яно і вызначыць маё сапраўднае месца ў літаратуры, але суб’ектыўна ў мяне такое адчуванне: пісаў я, між іншым, да часу, бо не мог не адгукнуцца на тую ці іншую грамадскую з’яву, а за сапраўдную вялікую творчую работу вось-вось зараз вазьмуся. Таму я не магу лічыць сябе «закончаным» майстрам нават у асноўным для мяне жанры — у сатыры. Можа, не раз яшчэ прыйдзецца мне, калі грунтоўна, а калі ў паасобных момантах, пераглядаць і пераацэньваць свой творчы метад і свой арсенал мастацкіх сродкаў.

Думкі, якія я збіраюся тут выказаць, я ні ў якім разе не выстаўляю як догму. Можа, пэўная частка з іх будзе памылковай ці правільнай толькі ў пэўнай меры, але гэтыя думкі ў мяне ёсць, яны вынікаюць у мяне з мае ўласнай творчай практыкі, а таксама, і галоўным чынам, калі я чытаю творы іншых пісьменнікаў.

Я, напрыклад, думаю: што патрэбна для таго, каб з’явіўся выдатны літаратурна-мастацкі твор? Шукаючы адказу, я прыходжу да выніку, што патрэбна вельмі шмат чаго, і перш за ўсё патрэбна, каб у аўтара быў вялікі пісьменніцкі талент. Што тут справа не толькі ў літаратурнай вучобе, я ў гэтым заўсёды пераконваюся, калі сустракаюся з народнай творчасцю. Якое багацце казак, былін, песень! Якая грандыёзнасць эпапей! Якая вышыня мастацкай якасці! І ўсё гэта складалі людзі зусім непісьменныя, якія ніякай адмысловай літаратурнай вучобы не праходзілі. Але я думаю далей над гэтым пытаннем і пераконваюся, што адна здольнасць яшчэ ўсяго не вырашае, што яна нават не з’яўляецца раз назаўсёды дадзенай велічынёй, што самі здольнасці для свайго выяўлення патрабуюць належных умоў. Мы ведаем, напрыклад, вялікага паэта Пушкіна і вялікага пісьменніка Талстога. Але мы не ведаем соцень тых Пушкіных і Талстых, якія былі ў гушчах працоўных, але не здолелі рэалізаваць сваіх здольнасцей, бо яны былі прыгоннымі сялянамі альбо рабочымі. А што ў гушчах працоўных заўсёды было і ёсць шмат людзей з вялікімі мастацкімі здольнасцямі, паказвае хоць бы развіццё савецкага мастацтва, і ў прыватнасці літаратуры, пасля вызвалення працоўных з-пад прыгнёту паноў і капіталістаў; паказваюць сотні таленавітых пісьменнікаў, што выйшлі з самых гушчаў пралетарыяту і сялянства.

Што пісьменніцкая здольнасць не з’яўляецца сталай, ні ад чаго незалежнай, велічынёй нават у аднаго пісьменніка, відаць хоць бы з таго, што часамі пісьменнік выяўляецца як таленавіты мастак, дае шэраг выдатных твораў, але адбываюцца пэўныя грамадскія зрухі, зменьваюцца ўмовы, і той самы аўтар часамі дае творы не такія ўжо і выдатныя альбо і зусім слабыя.

Вельмі шкада, што наша крытыка пытаннем мастацкіх твораў вельмі мала займаецца, а пытанне пісьменніцкай здольнасці нават і не закранала. А гэта пытанне надзвычайна важнае для пачынаючага пісьменніка. Памятаю, колькі мяне самога мучыла гэтае пытанне; колькі разоў пры няўдачы трацілася ўсякая вера ў свае здольнасці, і мне хацелася стушавацца, знікнуць, замкнуцца ў сваю ракавіну, каб больш ніколі не вытыкацца са сваімі творамі.

Пачаў я забаўляцца вершамі, калі яшчэ мне было гадоў шаснаццаць і калі я вучыўся ў гарадскім вучылішчы. Вершы гэтыя былі дваякага гатунку. Для сябе і для сваіх блізкіх сяброў я пісаў часамі вершы жартаўлівыя, на злобу дня (часамі па-руску, часамі па-беларуску), але для хатняга ўжытку. Апрача гэтага, я прабаваў пісаць «сапраўдныя» вершы. Гэта была найсумнейшая лірыка найбольш пра «долю мужыка» ў стылі І. Нікіціна. Адзін з гэтых сваіх «сапраўдных» вершаў, здаецца, у 1913 годзе я паслаў у часопіс «Жизнь для всех» і з нецярплівасцю стаў чакаць адказу. Нарэшце, праз месяц, можа, які прыйшоў адказ. Зварачаліся да мяне вельмі далікатна: «Многоуважаемый Кондратий Кондратьевич». Так мяне і з роду ніхто не называў! Але тыя пяць-шэсць слоў, што ішлі ўслед за такім далікатным зваротам, прагучалі для мяне як прысуд: мне паведамлялі, што мой верш друкавацца не будзе, бо ён не досыць мастацкі. «Ну вось,— падумаў я сабе з сумнай палёгкай,— усё і высветлілася. Няма чаго больш глупствам займацца, ніякіх здольнасцей у мяне няма». І не займаўся я «глупствам» восем год. Пачаў зноў пісаць вершы толькі ў 1921 годзе, калі быў у Чырвонай Арміі. І зноў мая творчасць падзялілася на паэзію «сапраўдную» і паэзію для штодзённага ўжытку. Першая — гэта ўсё тая ж сумная лірыка, другая — вершаваныя сатырычныя фельетоны, тэмай для якіх былі асобныя недахопы ў жыцці нашай чырвонаармейскай часці і часамі міжнародныя падзеі. Усё гэта я пасылаў у «Красноармейскую правду». Праз нейкі час у «Красноармейской правде» з’явілася рэцэнзія на маю «сапраўдную» паэзію — цэлы падвал пад гучным загалоўкам «Поэт — командир», дзе адзначалі мае здольнасці і называлі адным з мацнейшых паэтаў Заходняга фронту. Пра маю ж сатыру ў альманаху «На прывале» было сказана пару слоў, што яна з’яўляецца «меткой» і «ядовитой». Але з маіх «сапраўдных» вершаў ніводзін не быў змешчаны ў друку, а сатырычныя вершы, за рэдкім выключэннем, усе друкаваліся на старонках «Красноармейской правды». Цяпер мяне ўжо мала клапаціла пытанне — сапраўднай ці несапраўднай паэзіяй з’яўляюцца мае вершы: я паверыў, што хоць якія-небудзь здольнасці ў мяне ўсё-такі ёсць і што, самае галоўнае, гэтыя мае здольнасці спатрэбіліся на справу. Гэта акалічнасць і вырашыла кірунак і жанр мае творчасці на першым этапе. Хутка я пачаў пісаць па-беларуску і друкавацца ў «Савецкай Беларусі».

Такім чынам, я лічу, што стаў пісьменнікам толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, у прыватнасці, дзякуючы Чырвонай Арміі, якая была для мяне вялікай палітычнай школай. У старой, царскай арміі я таксама быў — амаль тры гады, з якіх большую палову на фронце. Але царскай арміі мае пісьменніцкія здольнасці былі непатрэбны: там, дзе, апрача «так точно» і «никак нет», больш нічога не дазвалялася, яны нават не маглі і выявіцца.

Гэта лішні раз сцвярджае правільнасць выказанай мною думкі, што для выяўлення і рэалізацыі тых ці іншых здольнасцей вялікае значэнне маюць: сацыяльнае асяроддзе, палітычны момант і шэраг іншых умоў. Для самога ж пачынаючага пісьменніка мае асабліва вялікае значэнне — пераканацца ў сваіх здольнасцях і трапіць на сапраўдную дарогу. Вось чаму крытыка і ўся пісьменніцкая грамадскасць з асаблівай уважлівасцю павінны сустракаць кожнае новае імя ў літаратуры і заўсёды адзначаць найбольш удалыя спробы маладога пісьменніка. Разам з гэтым пры не зусім удалых спробах трэба падыходзіць асцярожна і ўстрымлівацца ад канчатковага прысуду.

Я думаю далей пра тыя прычыны, што абумоўліваюць з’яўленне мастацкага твора ці перашкаджаюць гэтаму з’яўленню. Я думаю пра самога сябе, я перабіраю ў памяці ўсіх пісьменнікаў, якіх я знаю і па творах і ў жыцці. Я прыглядаюся да іх твораў і да іх здольнасцей і пераконваюся, што здольнасці, нават калі яны ўжо выявіліся, гэта для пісьменніка яшчэ далёка не ўсё. Я знаю, напрыклад, людзей з бясспрэчнымі паэтычнымі здольнасцямі, якія, нягледзячы на гэта, не далі і не могуць даць ніводнага больш-менш значнага мастацкага твора. Гэта часцей за ўсё людзі, якім няма чаго сказаць, якіх нічога асабліва не захапляе, нічога моцна не абурае; іх не хвалююць вялікія пытанні сучаснасці і будучыні; а калі іх што і хвалюе і яны імкнуцца нават выказаць гэта ў мастацкім творы, дык гэта нешта такое мізэрнае, што не мае ніякай грамадскай вартасці. Гэта з’ява, бясспрэчна, класавая. Гэтыя людзі — мяшчане са здольнасцямі, якіх яны не могуць рэалізаваць, дзякуючы сваёй класавай сутнасці; гэта дробнабуржуазныя абывацелі, якія жывуць колам сваіх дробных асабістых інтарэсаў. Для гэтых людзей часамі шпілька, якая патрэбна ім, можа засланіць сабою ўсе разам узятыя Днепрабуды і Магнітабуды, патрэбныя сацыялізму.

Але значна часцей наглядаецца з’ява іншага парадку: калі чалавек не наглядае збоку, не замыкаецца ў сваю ракавіну, цікавіцца ўсімі праявамі грамадскага жыцця, і ўсё ж яго творы часта маюць вялікія заганы, бо ён не можа адрозніць у жыцці галоўнага ад другараднага, заканамернага ад выпадковага, не бачыць прычын, якія абумовілі тую ці іншую з’яву, за вонкавым механічным счапленнем з’яў не бачыць сапраўдных сувязей і ўзаемадачыненняў. Гэта таму, што пісьменнік не ведае законаў прыроды і законаў чалавечай грамады, не мае, адным словам, пэўнага акрэсленага светапогляду, пэўнай філасофскай сістэмы. Часамі ў пісьменніка з прычыны яго маладосці яшчэ не паспеў злажыцца і акрэсліцца пэўны светапогляд, а часта гэта бывае і са старымі пісьменнікамі, якія раслі ў старым капіталістычным грамадстве і светапогляд якіх фарміраваўся пад уплывам буржуазнай філасофіі, буржуазнай маралі. У такіх пісьменнікаў хібнасць іх светапогляду выступае асабліва яскрава. Рэшткі буржуазнай і дробнабуржуазнай старой ідэалогіі і элементы новай пралетарскай ідэалогіі знаходзяцца ў такога пісьменніка ў непрымірымай супярэчнасці, і гэта адбіваецца на ўсіх кампанентах яго мастацкага твора. Звычайная рэч, што ў часе такога крызісу светапогляду пісьменнік дае творы ніжэйшыя па сваёй мастацкай якасці, чым ён наогул можа даць паводле сваіх здольнасцей. Тут для пісьменніка справа ўпіраецца непасрэдна ў пытанне вучобы і пытанне перабудовы. Чым пісьменнік хутчэй і лепш засвоіць вучэнне Маркса, Энгельса, Леніна, асновы дыялектычнага матэрыялізму, тэорыю класавага змагання, эканамічнае вучэнне і тэорыю пабудовы бяскласавага сацыялістычнага грамадства,— тым хутчэй ён цалкам зразумее тое, што робіцца наўкол яго ў Савецкім Саюзе, ва ўсім свеце, тым ясней ён будзе бачыць прычыны падзей сусветнага значэння і матывы паводзін таго ці іншага асобнага чалавека, тым хутчэй творы яго стануць больш значнымі, арганічна суцэльнымі, паўнакроўнымі. Тут шчырае жаданне пісьменніка і яго цвёрдая воля шмат што могуць зрабіць. І наадварот, бязвольнасць, мяккацеласць у дачыненні да самога сябе, нежаданне і няўменне працаваць над сабой, унутраная разбэшчанасць даводзіць да таго, што пісьменнік гіне разам са сваімі здольнасцямі. Я пальцам паказваць не буду, але такія, праўда, паасобныя сумныя факты ёсць у беларускай літаратуры.

Наогул кожнаму, хто ступіў на пісьменніцкі шлях, трэба запамятаць цвёрда, што яго падарожжа на гэтым шляху — гэта не прыемны шпацыр, а штодзённая і ўпартая праца над сабой, над сваім культурным узроўнем, над сваім светапоглядам. Вучоба для пісьменніка ніколі не можа быць скончана, і да яго ў поўнай меры дапасоўваецца правіла: хто не ідзе наперад, той ідзе назад.

Можа паказацца, што я тут упадаю ў супярэчнасць, бо на першай старонцы свайго артыкула я казаў, што аўтарамі выдатных народных твораў былі людзі нават непісьменныя. Але тут супярэчнасць толькі вонкавая. Справа ў тым, што гэтыя непісьменныя людзі мелі сваё, хоць наіўнае, але досыць стройнае і акрэсленае светаразуменне: яны былі на ўзроўні перадавых людзей свайго часу і свайго класа. Але было б вялікім абсурдам, каб хто-небудзь з савецкіх пісьменнікаў уздумаў арыентавацца на культурны ўзровень, скажам, аўтара быліны пра Ілью Мурамца. Савецкі пісьменнік павінен быць на ўзроўні перадавых ідэй перадавога класа свайго часу, гэта значыць быць на ўзроўні філасофіі пралетарыяту.

Пісьменніку трэба надзвычай шырока і ўсебакова ведаць жыццё людзей. Чым большая ў пісьменніка жыццёвая практыка, тым больш у яго магчымасцей у сэнсе тэм, матэрыялу і вобразаў. Для савецкага пісьменніка гэта азначае тое, што ён павінен быць актыўным удзельнікам у сацыялістычным будаўніцтве.

Але практыка аднаго чалавека абмежавана часам і прасторай: ён не можа абысціся толькі сваёй практыкай, ён скарыстоўвае для сябе практыку іншых людзей, што жылі да яго, што жывуць адначасна з ім. Гэта чалавечая практыка зафіксавана ў кнігах, у помніках мастацтва, у рэчах матэрыяльнай культуры. Пісьменнік павінен умець карыстацца ўсімі гэтымі здабыткамі чалавецтва. Ён павінен мець такі шырокі кругавід, каб магчы ахапіць зрокам увесь шлях, пройдзены чалавецтвам да гэтага часу, стан чалавецтва на розных гістарычных этапах. Ён павінен ведаць працу выдатных людзей, што рухалі наперад чалавечую думку, павінен ведаць стан чалавецтва ў сучасны момант, грамадскі лад кожнай краіны, яе эканоміку і культуру, расстаноўку класавых сіл і тэндэнцыю яе развіцця; яму таксама патрэбна ведаць, у якой меры і якім спосабам чалавек падпарадкаваў сабе прыроду, г. зн. ведаць дасягненні навукі, тэхнікі.

Баючыся, што мяне зразумеюць няправільна, я хачу тут жа растлумачыць наступнае: я зусім не хачу сказаць, што малады пісьменнік не павінен пачынаць пісаць, пакуль не дасягне такога культурнага ўзроўню, пра які я толькі што гаварыў. Павышэнне культурнага ўзроўню пісьменніка можа ісці паралельна з яго творчасцю. У кожнага, напэўна, знойдзецца шэраг пытанняў, якія ён прадумаў і вырашыў, шэраг вобразаў, якія просяцца на паперу і з якімі ён справіцца ў невялікім мастацкім творы. Але на працу пісьменніка над сабой я напіраю асабліва таму, што без гэтага не будзе расці мастацкая якасць яго твораў, не будзе ў іх належнай глыбіні ідэі і паўнаты вобразаў; малакультурнасць і абмежаванасць аўтара заўсёды вельмі адмоўна адбіваецца на яго творах.

Калі я аглянуўся назад на сваю творчасць, дык таксама бачу ў ёй шэраг недахопаў, абумоўленых, як мне здаецца, наступнымі прычынамі. Рос я ў вёсцы, у сялянскім асяроддзі, у серадняцкай сям’і, вучыўся ў старой дарэвалюцыйнай школе. Усё гэта пэўным чынам фарміравала маю псіхіку, прышчапляла мне пэўныя погляды на свет і на людзей. У Чырвонай Арміі я шмат чаму навучыўся, але ўсё ж за кароткі час не магла змяніцца так мая псіхалогія, каб я мог выступіць як пралетарскі пісьменнік. Зноў жа, прыйшоў я ў літаратуру з невялікім культурным багажом: я скончыў толькі гарадское вучылішча, якое давала ведаў не больш за цяперашнюю сямігодку. Гэта па колькасці, не кажучы пра ідэалагічную якасць гэтых ведаў.

Пераважная большасць маіх твораў напісана на тэмы з вясковага жыцця. У іх я змагаюся з цемрай, з рэлігіяй, з усякімі забабонамі, з п’янствам, з брудам і некультурнасцю. Гэта ўсё патрэбна, але не заўсёды гэтыя пытанні ставіліся з належнай глыбінёй і, галоўнае, не заўсёды ў святле класавага змагання на вёсцы.

Не досыць высокі для пісьменніка культурны ўзровень, адсутнасць спецыяльнай падрыхтоўкі — усё гэта адбівалася на мастацкай якасці твораў, на дасканаласці паэтычнай тэхнікі.

Усіх недахопаў маёй творчасці ў той час я не бачыў, але, што мне не хапае вучобы, гэта я добра разумеў. Вось чаму пры першай магчымасці, у 1926 годзе, я паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт, які і скончыў у 1930 г. Універсітэт мне шмат даў у сэнсе афармлення майго светапогляду, асабліва такія дысцыпліны, як дыямат і палітэканомія. Але і цяпер мне яшчэ шмат чаго не хапае ў сэнсе ведаў, у сэнсе пісьменніцкай кваліфікацыі.

Падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, я хачу яшчэ раз падкрэсліць тыя моманты, якія лічу самымі важнымі для пісьменніка і для з’яўлення паўнакроўнага мастацкага твора, актуальнага і глыбокага па сваёй ідэі.

Перш за ўсё патрэбна наяўнасць паэтычных здольнасцей. Мне могуць сказаць, што прыродныя здольнасці ад чалавека не залежаць, таму няма чаго пра іх клапаціцца. Але я адкажу, што выявіць здольнасці і накіраваць іх развіццё ў пэўным кірунку — гэта справа грамадскасці і самога аўтара. А паколькі гэты момант мае важнае значэнне для маладога пісьменніка і паколькі ў нас часта яго недаацэньваюць, дык я асабліва тут гэты момант падкрэсліваю.

Па-другое, пісьменніку патрэбна вучоба.

1. Вучыцца яму трэба перш за ўсё ад самога жыцця. Найлепшы спосаб вучыцца ад жыцця — гэта самому тварыць жыццё. Для савецкага пісьменніка гэта значыць быць актыўным удзельнікам сацыялістычнага будаўніцтва, як мага шырэй знаёміцца з практыкай сацбудаўніцтва ў розных яго галінах.

2. Вучыцца тэарэтычна, каб авалодаць вышынямі марксізма-ленінізма, у святле яго бачыць усю шматграннасць жыцця і правільна паказаць яго ў сваіх творах.

3. Вучыцца наогул, крытычна засвойваючы культурную спадчыну мінулага, вывучаючы дасягненні навукі і тэхнікі, каб падняць свой культурны ўзровень да вышыні, неабходнай савецкаму пісьменніку.

4. Вучыцца спецыяльна, каб набыць прафесійную пісьменніцкую кваліфікацыю, каб дасканала валодаць мастацкім словам. Гэту вучобу я лічу вельмі важным для пісьменніка момантам, але не першарадным. Пісьменніцкая кваліфікацыя дасць належны эфект толькі пры наяўнасці ўмоў, названых вышэй, бо кваліфікацыя без здольнасці — гэта, бясспрэчна, нуль; бо кваліфікацыя без жыццёвай практыкі, без удзелу савецкага пісьменніка ў сацыялістычным будаўніцтве — гэта коўзанне па паверхні, гэта звонкая пустата; бо кваліфікацыя без акрэсленага светапогляду — гэта безыдэйны тэхніцызм, гэта ідэалагічныя зрывы і палітычныя памылкі.

Тэхнічная вучоба пісьменніка пачынаецца яшчэ задоўга да таго часу, пакуль ён гэта ўсведамляе дзякуючы чалавечай здольнасці пераймаць чутае і бачанае. Ён чуе гаворку, спевы, чытае мастацкія творы: запамінаюцца звароты, інтанацыі, метрыка і рытміка, паралелізмы і антытэзы, нават кампазіцыя і сюжэтная схема. І калі пісьменнік пачынае пісаць, ён ужо мае нейкі запас тэхнічных сродкаў. Наступны этап, калі пісьменнік знаёміцца з паэтыкай па падручніках, зложаных на падставе вывучэння мастацкіх твораў. Нарэшце, чытаючы творы выдатных мастакоў, сам ён аналізуе твор, раскладае на паасобныя кампаненты і стараецца зразумець іх прыроду і паходжанне. Такая вучоба найбольш прадукцыйная. Але на ўсіх гэтых этапах ніколі не бывае, каб пісьменнік механічна і цалкам пераносіў у сваю творчасць прыёмы таго, у каго ён вучыцца. Класавая прырода і індывідуальная адаронасць аўтара заўсёды кладуць сваю пячатку на арсенал яго мастацкіх сродкаў і паэтычных прыёмаў. Чым больш здольны пісьменнік, тым больш багатая і арыгінальная яго паэтыка.

1933


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан