epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Смерць

Сяргей Пятровіч — гэта мой добры знаёмы. Вы, напэўна, таксама знаеце Сяргея Пятровіча. Толькі гэта не той Сяргей Пятровіч.

Мой Сяргей Пятровіч — чалавек сталы, паважны, самавіты; адным словам — чалавек судзейскі, даўнейшага гарту.

— Зубы з’еў на гэтым дзеле,— хваліцца сам Сяргей Пятровіч.

Ды гэта й праўда,— я сам бачыў, што ў яго з зубамі не зусім ладна.

— Хіба цяпер судзейскія? — наракае часта Сяргей Пятровіч.— Чалавека па-людску засудзіць не ўмеюць. Другі раскол заб’е або аграбіць добрага чалавека — сама меней павесіць яго трэба, а яны, «прымаючы пад увагу», ды так, калі пачнуць «прымаць пад увагу», дык забудуцца нават прыняць пад увагу і тое, што гэты нягоднік зрабіў. Глядзіш — замест таго каб на шыбеніцы гойдацца, праз паўгода, праз год які-небудзь па вуліцы гуляе. Не, па-мойму,— будзь ты хоць якога паходжання, калі папаўся, дык няма чаго з табою цацкацца.

Вы можаце сказаць, што мой Сяргей Пятровіч надта жорсткі чалавек. Вось тут якраз вы і памыляецеся. Ён толькі парадак любіць, а так чалавек надта чулы і заўсёды другому ў бядзе добрым словам паможа.

Прыйшлі гэта надоечы да яго на двор два беспрытульныя хлапчукі. Брудныя, вядома, абшарпаныя, худыя, і вочкі блішчаць — есці просяць. Дык вы думаеце, Сяргей Пятровіч адразу прагнаў іх? Зусім не. Ён спачатку ім цэлую прамову сказаў:

— Эх вы, блазнота-дурнота. Чаго вам было на гэты свет з’яўляцца? Ці ж вы не ведалі, што цяпер так цяжка пражыць? Вялікае глупства вы зрабілі, маладыя людзі. А тут у кодэксе і параграфа такога няма, пад які б можна было вас падвесці за гэту справу. Вось і рабі з вамі, што хочаш...

А мне дык Сяргей Пятровіч не толькі добрым словам памог, але і на справе. У яго кватэрка нішто сабе: камгасаўская, пяць пакоікаў і кухня, пятнаццаць рублёў плаціць. І вось калі я быў без кватэры, дык ён мне за дваццаць рублёў адзін пакоік выпусціў. За гэту яго дабрату я і паважаю Сяргея Пятровіча.

І жонка ёсць у Сяргея Пятровіча. Трохі ганарлівая, але таксама добрая кабета. Яна сваёй работніцы, якая прыходзіць толькі на дзень, заўсёды дазваляе пераначаваць у дрывотні, калі тая ўвечары баіцца ісці дадому за пяць вёрст на край горада.

І дзеткі ёсць у Сяргея Пятровіча — двойка. Дачка — тварык дробненькі, невыразны, носік цыбулькаю. Са сшыткамі ходзіць на нейкія курсы, вучыцца. Сын гадоў трынаццаці, чырвоны гальштук на шыі.

Але ж я абяцаў пра смерць нешта сказаць.

Вы спужаліся за Сяргея Пятровіча?

Ды не — смелы будзьце. Нават тая смерць, якая ў хаўрусе з тыфусам сотні чырвонаармейцаў клала ў дзень, якая цэлае Паволжа выкасіла, і тая баіцца падступіцца да Сяргея Пятровіча. Не то яна з пашаны да яго саліднай камплекцыі, не то баіцца, каб «пад параграф не падвёў», але яшчэ ні разу не рабіла спробы прыступіцца да яго.

Лёг гэта я спаць надоечы. Сплю, а сам сню: ляжу ў труне, увесь у белым, вочы заплюшчаны, але бачу: сястра ў галавах сядзіць, плача, нехта прамову гаворыць. Я хачу зварухнуцца, сказаць што-небудзь, пальцам кіўнуць, каб паказаць, што жывы, але не магу. Вось мацней загаласілі. Бяруць века, каб зачыніць труну. Я тут сабраў усю сілу, зварухнуўся і прачнуўся. Чую — усхліпвае нехта за сцяною. Гаспадыня, чуваць, да некага жаласна-ласкава гаворыць.

Стук у сцяну:

— Вы спіце, малады чалавек?

— Не,— кажу,— не сплю.

— Ішлі б хоць нашага пакойнічка даведаліся.

— А што ў вас там за бяда здарылася?

— Наш Вася памёр, бедны. Ідзіце развітайцеся,— усё ж такі вы сябры былі, можна сказаць.

Узаткнуў я чаравікі набасанож, апранаху накінуў, прыйшоў.

Усе ў жалобе. Твары заплаканы.

Сяргей Пятровіч аж схуднеў, бедны. А ён ляжыць сабе пад белаю прасцінкаю (знарок гаспадыня кавалак паркалю адрэзала), і нічога больш яму не трэба. Вочкі мёртва глядзяць, зубкі выскалены... Гаспадар пачаў успаміны гаварыць:

— Вы не ведаеце, малады чалавек, якое гэта для мяне гора. Я ж яго, можна сказаць, на сваіх руках вынасіў, малачком сам выпаіў. А што гэта за стварэнне мілае было, каб вы ведалі. Ніколі, бывала, нікога ён не зачэпіць, каб не запытацца. А які ж ахайны быў! Каб гэта ён дзе ў хаце калі што — барані божа! Падыдзе, бывала, прытуліцца, у вочы гляне і пойдзе да дзвярэй. Гэта ведай, што яго ўжо на двор трэба пусціць. На шпацыр ён у нас хадзіў кожную раніцу. Выйдзе, пагуляе гадзін са дзве, а потым — снедаць. А які ж спакойны быў! Другія за паненкамі ўганяюцца, часамі цэлую ноч пад вокнамі лямантуюць, заснуць не даюць, а ён дык нават і ў той бок, бывала, саромеецца глянуць.

Толькі вось учора, раніцою, бачу я — вочкі ў яго хмурныя і вялы нейкі ён увесь.

Я спачатку думаў доктара пазваць, а потым сабе думаю: «Эт, мала што, ці не бывае ж. Можа, думаю, на жывоціку што нядобра — няхай ідзе пагуляе троха». Ды ўзяў выправіў яго: сілаю, можна сказаць, гуляць на двор выправіў. Вось як прыйшоў ён, дык і лёг.

Ляжыць і есці нічога не бярэ, ды так, бедны, цяжка сапе! Я думаў, пераначаваўшы, доктара пазваць, а ён і не дачакаўся, бедны, у дванаццаць гадзін і богу душу аддаў. Вечная памяць яму!

Тут Сяргей Пятровіч дастаў хустачку і выцер дзве буйныя слязы. Дзеці пачалі моцна смаркацца і ўсхліпваць, а маці іх, нагнуўшыся над нябожчыкам, зноў пачала гаварыць яму нешта жаласна-пяшчотнае. Мне так цяжка стала глядзець на вялікае гора людское, што я больш не мог там сядзець.

Правёўшы мяне да дзвярэй, Сяргей Пятровіч прытрымаў маю руку і ласкава глянуў мне ў вочы:

— Вы, здаецца, папісваеце, малады чалавек? Будзьце так добры, уцешце нас у нашым горы: калі шануеце памяць нябожчыка, напішыце аб ім успаміны. Мы прачытаем у журнальчыку ці ў газетцы, і ўсё нам будзе весялей на душы.

І я напішу. Я абавязкова напішу вялікае апавяданне аб тым, як жыў адзін добры судзейскі чалавек з жонкаю і з дзеткамі і які ў іх быў слаўны коцік Васька. Васька памёр, а судзейскія людзі ўчацвярых цэлую ноч сядзелі і плакалі над нябожчыкам.

Я напішу — няхай увесь свет ведае аб тым, якія добрыя судзейскія людзі ёсць на свеце і як яны любяць і шкадуюць бедных коцікаў.

1927




Беларуская Палічка: http://knihi.com