epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Снег ідзе

Мякка і нячутна сцелецца белы пух.

У бляску вакон відаць, як лётаюць-мітусяцца, нібы скачуць нейкі невядомы танец, белыя мухі — кволыя і пяшчотныя. Нібы ўтаміўшыся, яны прысядаюць на шчокі, на нос, не то колюць, не то казычуць і тут жа паміраюць, пакідаючы халодную вільгаць. Наўкола малочная муць.

У канцы сяла, наводшыбе, пры дарозе прысела старая згорбленая школа і глядзіць, не змігне цьмяна-жоўтымі падслепаватымі вачыма на паломаныя жардзіны плота, што тырчаць з-пад снегу, углядаецца ў малочную далечыню, як бы хочучы ўбачыць прывычную цёмную сцяну лесу. А ўсярэдзіне ў школе якраз ідзе гарачая гутарка аб гэтым самым лесе. Справа ў тым, што цёмная сцяна лесу саўсім не такая цёмная, як яна выглядае здалёк. Шмат цяжкіх хвілін за апошнія гады перажыў стары лес, шмат гора перанёс і палысеў, моцна палысеў. Кожны з тутэйшых сялян, хто памятаў гэты лес іншым, з жалем у сэрцы глядзеў на яго шырокія лысіны. Шкада было лесу, і шкада, галоўным чынам, таму, што нехта пажывіўся, а яму самому нічога не прыйшлося ці прыйшлося надта мала. Часта гулі сяляне на сходзе:

— Усякі чорт лысы з усяго свету палошчацца тут, а ты, у лесе жывучы, палена дроў не маеш. Гэта ж парвацца са злосці!..

І самі ехалі і секлі. Пляжылі, хто меў сілу і смеласць, у першыя гады рэвалюцыі, сякуць і цяпер. Крадучыся, баючыся, але сякуць.

Вось аб гэтым цяпер і гаварылі ў школцы сем маладых хлапцоў — вясковая камсамольская ячэйка. Сакратар ячэйкі, высокі сухарлявы хлапец, звычайна вясёлы, цяпер, разумеючы ўсю важнасць моманту, зрабіў урачысты выраз твару і ўзяў слова.

Пачаў ён з тэорыі і чуць не давёў, што сам Карл Маркс не ўцярпеў бы, гледзячы на такія непарадкі, але, глянуўшы на яго партрэт, засаромеўся і перайшоў да практычнай часткі. Сказаўшы, колькі свежых пнёў налічыў ляснік за апошні тыдзень, ён прапанаваў: падняць гэта пытанне на першым вясковым сходзе, пераканаць мужчын, што яны самі сабе гэтым шкодзяць, дабіцца, каб яны пастанавілі больш не красці лесу і наглядаць адзін за другім. Ніхто не пярэчыў сакратару, а, наадварот, усе падтрымалі яго,— адны стрымана, а другія больш горача.

Вышэй за ўсіх пры галасаванні падымаў руку бязвусы чарнамазы хлапец Якуб Маркачовых. Ён нядаўна толькі паступіў у камсамол і заўсёды стараўся выказаць сваю камсамольскую вытрыманасць і актыўнасць. Ён ужо цяпер бачыў сябе перад вялікім сялянскім сходам. Уважна слухаюць яго вусатыя дзядзькі, люлькі і цыгаркі з рота павымалі. Слухаюць і згаджаюцца: праўду кажа Якуб. А калі ён унёс прапанову: не красці больш лесу і самім выкрываць самавольцаў,— усе, як адна, падняліся мазолістыя заскарузлыя рукі. Назаўтра, гледзячы ў зямлю ад сораму, ішлі дзядзькі адзін за адным да Якуба і, як папу на споведзі, выкладалі яму, колькі хто ссек хвоек. Яны каяліся, а ён абяцаў нікому пра гэта не гаварыць, калі яны дакляруюць больш гэтага не рабіць.

Ачнуўся ён ад сваіх прыемных думак толькі тагды, калі сакратар сказаў, што пытанні ўжо ўсе, і хлопцы пачалі ўставаць з лавак. Якубу тагды прыйшло на памяць, што яго яшчэ адна прыемная рэч чакае сёння — зайсці да Змітравых.

А ў Змітравых зырка гарыць на камінку смаліна і пужае час ад часу дзяўчат, страляючы ім на прыпол. «Гасцінец будзе»,— цешаць яны адна другую.

Самі скачуць на панажах правыя ногі дзяўчат, зліваюцца ў адзін круг спіцы, жвава смычуць мокрыя пальцы сівую льняную бараду. Вілачак зусім не відаць: яны ў шалёным захапленні круцяцца наўкол свайго шпяня, ледзь спраўляючыся накручваць на шпулю мокрую нітку.

Даўно пераказалі дзяўчаты ўсе вясковыя навіны, перапелі шмат песень і цяпер трохі прыціхлі. Адна з іх, што бліжэй да камінка на зэдліку, раз-пораз паглядае цераз плячо на дзверы. Яе сіняя крамная сукенка і русыя, чуць кучаравыя валасы ёй надта да твару. Левая шчака нагрэлася ад камінка — румяная і пульхная. Гэта той магнэс, які цягнуў Якуба да Змітравых.

Прыйшоў Якуб яшчэ з адным хлапцом. Жартавалі, смяяліся і «памагалі» дзяўчатам прасці, скідаючы з калаўротаў шнуры і закручваючы ў кудзелі вусы.

Але дзяўчатам хутка захацелася спаць. Асабліва той, што ў сіняй сукенцы, ды яшчэ адной, з якой больш за ўсё жартаваў Якубаў сябар. Ім так захацелася раптам спаць і так заўтра зараней трэ было ўставаць, што Якуб хітра падмаргнуў Вольцы (што ў сіняй сукенцы) і ў думках пахваліў дзяўчат за розум і дагадлівасць.

Ідучы дадому, Якуб узяў Вольчыну «машыну», а яна прасніцу. Весела тапталі белы пух, пакідаючы дзве пары слядоў. Каля варот Вольчынай хаты Якуб паставіў калаўрот на снег. І ён стаяў нерухома, як вартавы на важным пасту, чутка натапырыўшы адзінае скураное вушка. Ціха драмала, прытуліўшыся да вугла, кудзеля, і барада яе з сівай зрабілася белаю. А ім усё яшчэ не хочацца расстацца. У яе сняжынкі на брывах і валасах ціхія і пяшчотныя. Вочы яе, вялікія і цёмныя, у малочным змроку глядзяць на яго знізу, чаруюць і прыцягваюць да сябе.

— Снег ідзе — кудзеля намокне, можа, пойдзем ужо,— непакоіцца яна час ад часу.

Тады ён нахіляецца да яе, прыцягвае да сябе, і цёмныя вочы на мінуту заплюшчваюцца, а губы п’юць хмельную цеплату, якая разліваецца па ўсім целе і туманіць галаву.

— Снег ідзе... — і зноў на мінуту заплюшчваюцца цёмныя вочы...

Кіслы, цяжкі дух даў у нос, калі Якуб пераступіў парог свае хаты. Ён запаліў газоўку і, сеўшы каля печы на палу, пачаў разувацца. На адной пасцелі спала маці з меншым дзіцем, а на другой, бліжэй да печы,— трое большых. Бацька не то спаў, не то так ляжаў на печы, яшчэ не разуваючыся.

— Снег ідзе? — запытаў ён, не паднімаючы галавы.

— Ідзе.

— Пачакай, не разувайся!

Не адымаючы рук ад нагі, Якуб падняў галаву:

— Чаму?

— У лес трэба з’ездзіць... Я адну хвойку сухую нагледзеў, ды такая ж лоўкая. Усмал уверсе — тыдняў на тры смаліны будзе. А з камля слупкі будуць — трэба ў хляве загарады каровам перабіць... Вось якраз добра, што снег ідзе,— след закрые за ноч.

Усе светлыя думкі Якуба разляцеліся, сэрца забілася часта і трывожна. Перад вачыма зразу з’явіліся ўсе сябры ячэйкі з рашучым выглядам і паднятымі рукамі.

— Не паеду я... Я не хачу... Я не магу красці — я камсамолец,— прагаварыў ён і шпарчэй стаў раскручваць абору.

— Я ж ведаю, што ты не паедзеш. Ты ж камсамолец — цаца вялікая, дык я да старасці павінен цябе пялегаваць... Табе абы самому смачна з’есці ды хораша схадзіць, а бацька — чорт яго бяры — няхай адзін душыцца. Я вось сам лапцей людскіх не маю, каб у свята абуць, а табе боты мусіў потам справіць... Душыўся, начэй недасыпаў за працаю, гадаваў, думаў — хоць пад старасць якая палёгка будзе. Дык не — не дачакацца, мусіць... Ну што ж, не хочаш — сілаю я цябе заставіць не магу,— ты ўжо дужэйшы за мяне. Я ўжо адзін як-небудзь... Пакуль жыў, трэба як-небудзь варушыцца.

Ён злез з печы, апрануўся і ўзяў рукавіцы. Вузкія згорбленыя плечы ў латаным кажушку і шалік на шыі прыдавалі яму нейкі хваравіты выгляд.

Бацька ўзяў з-за лавы сякеру і выйшаў, не сказаўшы больш ні слова, а Якуб усё павальней і павальней раскручваў мокрую анучу. Разуўшы адну нагу, ён спыніўся і стаў задуменна глядзець на проціпечнае акно. Самі пабеглі дзве слязіны, заказыталі каля носа, і адна з іх капнула на руку. Ён патрымаў у руках мокрую анучу, узяў за канцы, распасцёр і чагосьці паглядзеў на яе проці газоўкі і пачаў павольна накручваць яе на нагу. Абуўшы нагу, ён не спяшаючыся апрануўся, змахнуў прусака, які адзінока бегаў па стале, патушыў газоўку і выйшаў.

Конь ужо быў запрэжаны ў простыя сані, і бацька, сабраўшы лейцы, рыхтаваўся сесці на воз. Якуб моўчкі сеў на задні вязок. Сані ціха паплылі па белым моры.

Чым ясней вырысоўвалася ў змроку цёмная сцяна лесу, тым ніжэй прыгінаўся Якуб, седзячы на возе, нібы гэта цёмная сцяна ўсё з большым цяжарам налягала яму на плечы. Калі ўехалі ў лес, ён не ўцярпеў і ўголас прагаварыў:

— Пастойце, тата!

Бацька сутрымаў каня і здзіўлена паглядзеў на Якуба.

— Што там?

— Нехта ішоў, здаецца,— салгаў Якуб, каб як-небудзь растлумачыць бацьку тое, што ў яго нявольна вырвалася.

І тут жа раптам яму ясна стала, што гэтае «нехта ішоў» павінна яго выратаваць... хоць на гэты раз, а там будзе відаць.

— Дзе там хто ішоў? — абазваўся бацька, не хочучы верыць словам Якуба.— Табе здалося, можа?

— Не, я добра бачыў, як нехта перайшоў цераз дарогу і стуліўся за хвойкаю.

— Які ж тут чорт можа хадзіць у гэткую пору,— сказаў злосна бацька, але паганяць далей каня потым не асмельваўся.

— Хто яго ведае, можа, знарок хто пільнуе... Але на чорта нам гэта работа — падумайце вы самі. Не толькі тае пажывы, як абняславіш сябе, калі зловяць, дык заплаціць прыйдзецца.

— У лесе — гэта не ганьба. Не дурны чалавек выдумаў: хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар.

— Старая прыказка, тата, і старыя людзі яе выдумалі, цяпер яна нам не падходзіць. Самі ў сябе крадзем.

— Людзі патом не глядзяць — хаты вунь сабе пастаўлялі,— не гэтакія справядлівыя, як мы з табою,— прагаварыў бацька, ужо заварочваючы каня.

— Кіньце, тата: слупкі гэтыя самыя мы і з дроў выберам, як будзем сеч, а на газу якую-небудзь залатоўку агораем.

Але больш угаварваць бацьку не трэба было. Цёмная сцяна лесу патроху аддалялася і як бы раставала ў змроку, а разам з гэтым рабілася весялей і на сэрцы Якуба.

Каню таксама весела было. Любіў ён падрамаць, стоячы ў цёплай стайні над ахапкам пахучага сена, і цяпер бадзёра трухаў па мяккай дарозе, весела фыркаючы і паматваючы галавою. Дзівіла яго толькі адно: чаму гэта гаспадары без дай прычыны ўздумалі прагульвацца на ім у лес, ды яшчэ ў такую познюю пору.

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан