epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Споведзь

У царкве сыра, цьмяна і холадна. Дзячок, толькі пачынаючы словы і не канчаючы іх, чытае нешта бясконца доўгае і нуднае, і здаецца, што гэта не дзячок, а чмель жаласна-нудна гудзе ўжо вось каторую гадзіну, б’ецца ў шыбу акна і ніяк не можа выбіцца на волю.

Час-часом яго перабівае густы бас папа Цімоха.

У царкве з правага боку тарчыць шэсць ці сем жоўтых кажухоў, а з іх касматых каўняроў выглядаюць чорныя і сівыя галовы і адна, як вулічны ліхтар, блішчастая лысіна.

Затое з левага боку шапацяць, як прусакі на печы. Мітусяцца ўваччу рознакаляровыя тарнатоўкі, улачкоўкі, касьміроўкі, а між імі дзе-нідзе мільгаюць ільняныя галоўкі дзяцей.

Час-часом якая-небудзь з кабет, адбіваючы паклоны, прыпадае лбом да самай падлогі, і тады ад кабеты застаецца адзін узгорак, а з яго на абодва бакі ўніз, нібы загоны збожжа, збягаюць зялёныя, жоўтыя і белыя палоскі саматканкі.

Святыя з чорнымі, нібы загарэлымі і па месяцу нямытымі, тварамі глядзяць на веруючых нездаволена, сярдзіта,— так, як бы ім перашкодзілі выканаць нейкую змову.

Адзін з святых, мусіць, баючыся асмаліцца, падняў падол свае адзежыны і скоса паглядае на свечку, якая гарыць каля яго ног.

Сярод святых — адна толькі кабета, якая, сарамліва спусціўшы вочы, прытульвае да грудзей малое дзіця.

Настулька шапнула нешта на вуха суседцы, і, закрыўшыся насоўкамі, яны пачалі паціху смяяцца.

Настулька з Надзяю — дзяўчаты пісьменныя, знаёмы з настаўнікам, калі-нікалі чытаюць кнігі і газеты і ўжо даўно не вераць у бога, але ўсё-такі прыйшлі спавядацца, бо не хацелі гнявіць бацькоў. Прыемна ім было падражніцца і з папом — саракагадовым удаўцом, які не прамінаў на споведзі ніводнай дзяўчыны, каб не папытацца ў яе такое, ад чаго яна чырванела, як мак, і не ведала, што адказаць.

Любіў ён таксама яшчэ праверыць, ці добра б’ецца ў дзяўчыны сэрца (хоць праз світку) і нават ці лёгка расшпіляюцца ў світцы гузікі.

Спаведнікі і спаведніцы з жытам у торбачках і з яйкамі ў хустках ішлі перш за ўсё на правы бок, дзе было нешта падобнае да загатканторы — тут стаяла вялікая лубяная каробка і некалькі мяшкоў, куды грэшныя прыхаджане ссыпалі плату за ачышчэнне ад грахоў, узамен чаго атрымоўвалі квіткі.

Не ва ўсіх, мусіць, спаведнікаў было грахоў пароўну, бо з адных поп знімаў іх за адну хвіліну, а з другімі кешкаўся чуць не гадзіну. Найболей грахоў, як відаць, было ў маладых прыгожых дзяўчат і найменей у мужчын ды ў бяззубых бабулек.

Здаўшы свой «харчпадатак» — па чатыры яйкі,— Настулька з Надзяю гэтаксама пайшлі з квіткамі да папа, каб здаць і грахі.

Першаю падышла Настулька. Гэтай спаведніцы поп надта абрадаваўся, і, накрыўшы яе блішчастым ручніком ці шалікам, ён так блізка прыхіліўся да яе, што яго чорная барада нясцерпна казытала яе каля вуха.

— Чым грэшная? — пачаў пытацца поп.

— Усім, бацюшка.

— Хлопцаў любіш?

А сам усё бліжэй і бліжэй туліўся да ружовай шчочкі.

— Люблю. Асабліва нашага Міхаську. Ён такі пацешны — ужо гаварыць пачынае.

Шчокі ў папа гараць. Вочкі зрабіліся маленькія, пацямнелі і нібы маслам памазаны. Левая рука ўжо лічыць такты Настульчынага сэрца.

Не ведаючы, як прыняць адказ Настулькі, баця зашаптаў далей:

— Блудзіла з хлопцамі?

— Раз блудзіла, бацюшка.

— З кім жа ж ты?.. Не бойся, дзіця. Прызнайся чыстасардэчна ва ўсім, пакайся — і бог даруе табе, як дараваў Хрыстос блудніцы, якую хацелі пабіць каменнямі...

— З Галавачовых Петрусём,— адказала тым часам Настулька.— Мы хадзілі з ім у грыбы ды заблудзілі — замест сваіх загумёнак выйшлі на леснікоў пацяроб...

Ад такой наіўнасці баця прыйшоў, як кажуць, у цялячае захапленне, і рука яго чуць не з усяе сілы прыціснулася да сэрца дзяўчыны. Але ён тут жа выхапіў гэту руку і на далоні і на сярэднім пальцы ўбачыў дзве чырвоненькія кропелькі — у Настулькі ў пазусе тарчалі іголкі.

— Бог пакарае,— сказаў ён, зачырванеўшыся, і скоранька стаў мармытаць малітву аб адпушчэнні грахоў.

А ў Настулькі на губах бегаў смех — яна ледзьве стрымлівалася.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан