epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Старшыня

(Байка)

На ферме на адной савецкай

Былі каровы ды авечкі,

Свіней паўнюсенькі свінюх

І рознай хатняй птушкі мноства.

Ну, словам, там жывёлаводства

Паставілі на вышыню.

Жывёлаводчы меў саўгас характар.

Варочаў глебу працавіты трактар,

А на падмогу коні ды валы

У гаспадарцы той былі

(Ці шмат,— таго я не скажу).

Яшчэ там быў сабака Жук.

З валом Рабым любіў ён падражніцца —

Нібыта сябравалі ўдвух.

Але... Рабога клікаў плуг,

А Жука вабіла разніца:

Натуры быў ён сапсаванай

І за крадзеж не раз балюча луплен,—

Як кажуць, элемент дэкласаваны,

Ну, адным словам — люмпен:

Віляў, бадзяўся, валачыўся

Альбо драмаў, ляжаў у хаце,

Аднак нядрэнна ўмеў брахаць ён,

Падчас прамоўцаю лічыўся.

 

Загадчык раз жывёлы сход

Для перавыбараў назначыў.

Вось і пусціў наш Жук у ход

Тут талент свой сабачы.

— Пра вас,— крычыць,— адно скажу я,

Што ўсе вы — дробныя буржуі:

Нягледзячы, што й батракі,

Да абрастання — сквапы.

Не падыму за вас рукі.

Свае мазольнай лапы.

— Чаму? — пытаў Падласенькі.

— Бо ўсе вы — дробнаўласнікі.

Вунь у каня ёсць свой хамут,

Вол мае ўласнае ярмо.

Ну, ды яму

Яшчэ дармо,

Але ў казы (глядзі, брыда!)

Свая ёсць нават барада.

Нарэшце маеце ўсе вы

Яшчэ і ўласныя хлявы.

Але ж цяпер скажыце мне —

Вось ці была ў сабакі хата?

— Ну, не! Вядома, не,—

Жывёлы кажуць вінавата.

— Дык вось давайце кандыдатаў...

Баран тут першы кажа: — Бе!

Цябе, браток, цябе!

За ім і коні: — Гі-го-го!

Яго! Няўжо ж каго! Яго!

Пасля валы й каровы: — Му!

Яму начальствам быць, яму!

 

І вось з таго, браточкі, дня

Наш Жук — «таварыш старшыня».

Ён справіў зараз галіфэ,

Пад лапу тоўсты ўзяў партфель,

На шыі гальштук ззяе ў срэбры,

І не тарчаць у Жука рэбры.

Задраўшы нос і хвост кручком,

Так важна ходзіць ён маўчком;

Калі ж вітаецца з ім хто,—

Дык толькі ледзь кіўне хвастом,

І толькі той для Жука блізкі сябар,

Хто дасць у лапу хабар.

Не будку мае Жук — палацы

(Хоць не свае, вядома, працы).

Ён забурэў, ён растаўсцеў.

Але нашто ж кантроля вока?

Сабаку далі па хвасце,

І гонар вылез яму бокам.

 

Калі часамі вам, браткі,

Такія стрэнуцца «жукі»,

Дык вы, напэўна, ім дасце

Таксама добра па хвасце.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 166-167
Крыніца: скан