epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Што я бачыў на «трэку»

Раскажу вам прастарэку,

Як я ўчора быў на «трэку»,

Нават грошы заплаціў —

Так бы «нэп» і не пусціў.

 

Давялося мне там бачыць,

У мяшках як людзі скачуць:

Два хлапцы залезлі ў мех

Ды валтузяцца — аж смех,

 

Так, як тыя парасяты,

Што вазіў калісь мой тата

У мястэчка на таржок,

Завязаўшы у мяшок.

 

Як з таго парагаталі,

Дык паказвалі і далей:

Нейкі хлопчык, як смарчок,

Перыў палкаю гаршчок.

 

Завязалі яму вочы —

Стала цёмна, як уночы,—

Пакруцілі разоў пяць,

Потым стаў ён пападаць:

 

Гоп аб землю палкай з маху —

Людзі ў рогат: — «Ха-ха-ха!

Ах, каб ты, хлапец, прапаў:

І цяпер вось не папаў».

 

Больш нічога я не бачыў,

Дык сягоння чуць не плачу:

Ну, за што, каб хто спытаў,

Я «лімон» дарэмна даў?

 

Грошай больш на «трэкі» траціць

Я не буду, не — ўжо хваціць,

А, забраўшыся ў мяшок,

Завяжуся ды — скок, скок!

 

Потым жонка мех развяжа,

Хусткай вочы мне завяжа

Ды наставіць мне гаршчок,

А я палкай — шпок ды шпок!

 

Па гаршку цаляць не буду:

Я ж не дурань біць пасуду,

А каб нехаця не даць,

Буду трошкі падглядаць.

 

Будзе весела бясконца

Не адно мне, але й жонцы —

Гэтак вось святочным днём

Мы «культурна» адпачнём.

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 40-41
Крыніца: скан