epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Што мне рупіць

Такая ўжо традыцыя ўсталявалася сярод пісьменнікаў: пісаць калі-нікалі пра самога сябе. Цяжкая гэта справа. Добра тут яшчэ, скажам, якому-небудзь інтымнаму лірыку, які наогул пра сябе ніколі не забываецца, зусім не дрэнна одапісару, які скарыстае зручны выпадак, каб напісаць оду пра свае дасягненні і заслугі. Адным словам, добра ўсім добрым жанрам, але што тут рабіць мне, небараку-сатырыку?

Увесь трагізм майго становішча ў тым, што прыходзіцца браць аб’ектам самога сябе. Баюся, што суб’ект і аб’ект гатовы тут не паладзіць паміж сабою. Калі ж гэты суб’ект ды возьмецца за справу «не взирая на лица», дык крута тады прыйдзецца беднаму аб’екту.

Калі ж я падумаю, што ж мне цяпер найбольш рупіць, дык, здаецца, гэта будзе пытанне «быць ці не быць»... савецкай сатыры? У адказ я чую нават галасы: быць савецкай сатыры... на правах беднай сваячкі ў літаратуры. Яна, бачыце, не дрэнна ўмее шкарпэткі цыраваць, смецце з хаты вымесці. Але ў вялікі літаратурны свет — куды яе, мурзатую! Ступіць не ўмее паводле этыкету. Дый словы ў яе ўсё такія... Ты ёй пра высокія матэрыі ды пра кволыя струны душы, а яна пра галавацяпа! Фі! Як гэта неэстэтычна!

Але пакінем убаку негрунтоўныя разважанні, паглядзім, як жа маецца сёння сама сатыра. У тэатрах — ніводнай значнай камедыі ў сапраўдным сэнсе гэтага слова.

Не расце далей сатыра, у хвасце пляцецца. А хто вінават? Кажуць, Магнітабуды ды Днепрабуды «вінаваты». Справа ў тым, што калі сатыра перад Днепрабудам апынецца, дык у яе і душа ў пяткі. Не яе гэта спажыва. Вось калі зверху міла, а ў сярэдзіне гніла, калі яно і вялікае і моцнае здаецца, а ў сярэдзіне збуцвела, гэта для сатыры самы раз, тут ёй ёсць чым пажывіцца. Нагадаем Гогаля, Салтыкова-Шчадрына. Вазьміце любы выдатны сатырычны твор, і вы заўсёды ўбачыце наяўнасць гэтай умовы: згніло, а трымаецца. Раскоша была некалі сатырыку, што ні горад, дык і Глупаў, што ні гараднічы, дык і Сквазнік-Дмуханоўскі. Бяры ўсю абшарніцкую і чыноўніцкую Расію-матухну ды ўстаўляй жыўцом у «камедыю». А нашаму брату, савецкаму сатырыку, прыходзіцца гараднічых ды хлестаковых днём з агнём шукаць, як чужаедаў, як блох тых, па адным лавіць ды на свет божы вывалакаць.

І не іначай як па адным. А часамі прыходзіцца чужаеда пашпартам надзяліць: «Не падумайце благога, грамадзяне, гэта толькі паасобны бюракрат. Зваць яго так вось і так, а пражывае ён там і там,— можаце самі пераканацца». Бо іначай выйдзе абагульненне паасобных фактаў, па сутнасці, паклёп выйдзе на савецкую ўладу. Бо ў Савецкім Саюзе няма бюракратызму ці галавацяпства як сістэмы. Бо савецкая сістэма па сваёй сутнасці не можа быць аб’ектам сатыры. Такім аб’ектам могуць быць толькі выключэнні з савецкай сістэмы, толькі аскепкі разбітай ушчэнт капіталістычнай сістэмы. А гэтыя аскепкі, гэта ашмоцце старога грамадства, якое знішчаецца намі штогадзіны і на кожным кроку, якое растае на нашых вачах, не можа быць досыць моцнай «базай» для росту вялікай сатыры. Вялікая сатыра заўсёды мела «буйныя» аб’екты, найчасцей цэлыя сістэмы дзяржаўныя.

Некаторыя разважаюць, што савецкая літаратура не можа даць ні Гогаля, ні Салтыкова-Шчадрына. Салтыкоў-Шчадрын пісаў і мог быць упэўнены, што на яго век поскудзі хопіць, а савецкія сатырыкі часамі скардзяцца, што ім «сыравіны» не хапае. Ці сумны гэты факт? Сумны, вядома: для «сыравіны», але не для сатырыка, калі ён савецкі сатырык. Калі б я к канцу другой пяцігодкі праз недахоп «сыравіны» застаўся беспрацоўным як сатырык, дык толькі рад быў бы гэтаму як грамадзянін. Ды і для савецкай улады выгадней было б мець адстаўных сатырыкаў, чым зрыўшчыкаў сацыялістычнага будаўніцтва.

«А дзе ж ты дурняў падзенеш? — могуць запытацца ў мяне мае сябры.— Гэта ж мілая катэгорыя людзей была заўсёды ўлюбёнай стравай для сатырыкаў. І, напэўна, ніколі яна не перавядзецца,— пра гэта ўжо сама прырода-матухна паклапоціцца». Аднак я не такі вялікі аптыміст наконт дурняў: перавядуцца яны калі-небудзь. Па-першае, матухна-прырода не будзе такой урадлівай на дурняў, калі не будзе на іх попыту. Па-другое, дурань не столькі прыродная з’ява, колькі сацыяльная: кожны «дурань», калі яго паставіць на сваё месца, перастае быць дурнем. Дурань, узяты сам па сабе, як з’ява прыроды, не смешны, як не можа быць смешным дрэва альбо камень. Дурань бывае смешным толькі ў сувязі з яго сацыяльнай функцыяй. Дурань таму і блішчыць здалёк, што знаходзіцца не на сваім месцы. Нашы газеты амаль штодня даюць нам прыклады і прозвішчы дурняў рознага гатунку, якія выпадкова апынуліся не на сваім месцы, і чым вышэй гэта месца, тым смяшней выглядае дурань, тым далей ён відаць. Гэта вялікая справа — паставіць чалавека ці рэч на сваё месца. Для ілюстрацыі свае думкі я прывяду тут невялікую аналогію. Аглоблі, напрыклад, калі ў іх запрэжаны конь, не выклікаюць у нас ніякіх асаблівых эмоцый, але аглобля ў руках крытыка дае ўжо значны эмацыянальны эфект. Я веру ў тое, што мы хутка зусім дасканала навучымся ўлічваць здольнасці і падрыхтаванасць чалавека да тае ці іншай працы.

Але гэта толькі разважаючы тэарэтычна, а практычна — на пенсію я яшчэ не збіраюся. Яшчэ ёсць порах у парахаўніцы, і яшчэ досыць дурняў на свеце. Ды не ў дурнях сёння галоўнае. Галоўнае ў тым, што мы з прыватнай уласнасцю спляліся загрудкі, прыпёршы яе ў апошніх яе сховах. Яна сёння ў закутку душы кулацкай, у мазгах перараджэнца і апартуніста, у «двайной бухгалтэрыі» растратчыкаў і ў спрытных руках злодзея; ірвач і разгільдзяй, лятун і прагульшчык — гэта яе пестуны. Сілы вельмі няроўныя, вынікі бойкі вядомы загадзя. Прыватная ўласнасць пабіта эканамічна і палітычна, але яе трэба выкараніць дарэшты ў свядомасці людзей, дастаць ва ўсіх шчылінах і норках. І тут сатырыкам яшчэ рана складаць ручкі ў козлы, разважаючы, што калі не Гогаль, дык і зусім не трэба.

А калі глянуць за межы Савецкага Саюза? Трухляціна, закаваная ў панцыр і ўзброеная да зубоў, намагаецца ўтрымаць у кляшчах эксплуатацыі рабочых і сялян. Увесь капіталістычны свет счарвівеў. Сатыры ёсць тут чым пажывіцца. Праўда, ёсць тут і свае спецыфічныя цяжкасці, якіх сатырыкі яшчэ перамагаць не навучыліся: усё «чэмберлен» выходзіць.

А калі ўзяць нам саміх сябе, хіба мы ўжо такія крышталёва чыстыя? Хіба не нясём мы на сабе груз мінулага, груз старых поглядаў, звычак, забабонаў; з якімі нам нязручна будзе паткнуцца ў камуністычнае грамадства? Не, рана яшчэ сатырыкам у адстаўку падавацца.

Гэта што да сатыры, а што да мяне асабіста, дык я ніколі кантракту не падпісваў быць абавязкова сатырыкам і толькі сатырыкам. Чым больш жанравы дыяпазон пісьменніка, тым, на маю думку, лепш, тым больш у яго магчымасці рэалізаваць свае здольнасці. Але я знаў, між іншым, і такіх паэтаў, якія амаль што «прынцыпова» не чыталі прозы, і такіх празаікаў, якія не могуць ператравіць вершаў. Жанравы шавінізм — гэта смешны і шкодны забабон.

Так я развязваю для сябе пытанне літаратурнага жанру, прынамсі, на бліжэйшы час:

Зрабіць у сатыры тое, што можна зрабіць, і як мага лепш.

Не абмяжоўваць сябе сатырай, а выпрабаваць свае сілы і ў іншых жанрах. Яшчэ задоўга да таго, як развязаць гэта пытанне тэарэтычна, я пачаў развязваць яго практычна. Гэта ў апошні час выразна відаць у маёй творчасці: не пакідаючы сатыры аж да газетнага вершаванага фельетона ўключна, я ў той жа час працую над раманам. Гэты новы, так сказаць, агрэгат маёй творчасці знаходзіцца яшчэ ў пускавым перыядзе. Будуць, напэўна, непаладкі, можа, нават пэўны працэнт браку, але будзем спадзявацца на мой энтузіязм.

1933




Беларуская Палічка: http://knihi.com