epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Сука ў збане

(Байка)

Сцяпан і брат яго Васіль

Шнурок надоечы касілі.

А пацягаць касу да полудня ад ранку —

Не то што выпіць кавы шклянку

Ды павадзіць пяром па гэтай вось паперы,—

Змарыліся касцы без меры,

Аднак жа не даюць спакою косам —

Пракос праходзяць за пракосам.

А Фінця-сука ў халадку

Ляжыць, як пані, на баку

Пад вербалозавым кустом,

Памахвае сабе хвастом:

То пазяхне, то дрэмле зноў,

То ловіць мух, то скакуноў.

Ужо спаўдня, і ўжо касцу

Аж гоніць з голаду асцу.

Паклаўшы косы пад пракос

І ўцёршы лоб і потны нос,

Касцы падселі к кусту,

Дасталі з торбы хлеба лусту,

Збан малака ды кожны сваю лыжку

І пачалі сярбаць пакрышку.

А Фінця ім глядзела ў рот

(І ёй падцягвала жывот)

Ды прагавітымі вачыма

За лыжкаю сачыла,

Хвастом віляла і прасіла,

Але як не касіла,

То не пазвалі й да збана —

Апаражнілі ўдвух да дна.

Скурыўшы дзве «сабачых ножкі»,

Васіль прылёг на трошкі;

Сцяпана зноў жа сон змарыў

(Хоць ён, здаецца, не курыў),

А Фінця гэтым часам

Даўно ў збане ўжо з мордай ласай,

Ды толькі ёй лізаць няміла,

Бо галаву ўшчаміла.

Яна й сюды, яна й туды,—

Ніяк не збыць ліхой бяды,

Хоць адракайся галавы,—

І стала выць.

Пакуль касцы праз сон пачулі тыя гукі,

Пакуль дасталі з гладыша,

Дык чуць не вылезла душа

У беднай сукі.

І, як агню, з тых дат яна

Баіцца кожнага збана.

 

Цераз мяжу і фабрыкант, і пан

Так сквапна шчэрацца на наш савецкі збан:

Гатовы праглынуць, не толькі палізаць,—

Так точаць іх пражэрства мукі,

Не ўпэўнены адно драпежніцкія сукі,

Ці з галавою вернуцца назад.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 162-164
Крыніца: скан