epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Сваяўство

(Байка)

Для сябра ці для сваяка

І на вярбе растуць, часамі, бэры,

І па вядру казёл дае, бывае, малака.

Хто гэтаму не даў бы веры,

Дык факты тут яго пераканаюць скора.

Нядаўна нек, учора ці заўчора,

Я чуў — Свіння Казла хваліла,

Уславіла падрад разоў са сто.

Хваліла, ды не ў гэтым сіла,

А справа ў тым — за што?

Яна Цялят сабрала чараду

І пачала:

— Вы знаеце,— пытаецца,— Казла —

Такую бараду

З развілінамі рог?

Ах, што за працаўнік! Ах, што за маладзец!

Ох, ох! Рох, рох!

Працуе ён не то што за Вала —

За трох!

Спытайцеся сабе ў авец...

Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае?

Ён нават малака дае.

Цяляты тут Свінні ў адказ:

— А не дуры ты, цёця, нас!

Казлова малако сама еш на здароўе,

А нам ляпей кароўе.

А што ён працаўнік, і гэтакі й такі,

Дык ясна тут, як двойчы два:

Вы з ім, здаецца ж, сваякі —

Жывёлы з аднаго хлява.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 215-216
Крыніца: скан