epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Свята беларускай сацыялістычнай культуры

Самая старэйшая навучальная ўстанова БССР Беларускі дзяржаўны універсітэт імя Леніна спраўляе свой трыццацігадовы юбілей. Універсітэт быў заснаваны ўскорасці пасля таго, як сціхлі выбухі грамадзянскай вайны, як Савецкая Беларусь была вызвалена Чырвонай Арміяй ад белапольскіх акупантаў. Савецкая краіна толькі што прыступіла да аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі. Нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, Савецкі ўрад на чале з вялікім Леніным знайшоў сродкі для таго, каб адкрыць у Беларусі вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта з’явілася яркім праяўленнем ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі, накіраванай на тое, каб узняць культуру раней прыгнечаных народаў да ўзроўню перадавой культуры вялікага рускага народа. Для Беларусі, якая да рэвалюцыі не мела ніводнай вышэйшай навучальнай установы і ніводнай школы на роднай мове, заснаванне Беларускага дзяржаўнага універсітэта з’явілася велізарным фактарам узняцця культурнага ўзроўню народа. Упершыню ў аўдыторыі універсітэта ўступілі дзеці беларускіх рабочых і сялян, маладыя будаўнікі новага жыцця, перад якімі савецкая ўлада шырока адкрыла дзверы да культуры і навукі.

За трыццаць год існавання універсітэта дзесяткі тысяч юнакоў і дзяўчат набылі веды ў яго шматлікіх і разнастайных аўдыторыях для таго, каб несці іх у народ, прылажыць да канкрэтнай справы сацыялістычнага будаўніцтва. У які б куток Беларусі мы ні заглянулі, якую б галіну дзейнасці ні ўзялі, усюды мы знойдзем выхаванцаў універсітэта, якія аддаюць свае сілы і веды вялікай справе камунізма. Сярод іх нямала ёсць людзей, якія карыстаюцца заслужанай славай і любоўю нашага народа. Афіцэры і генералы, міністры і адказныя партыйныя работнікі, вучоныя і пісьменнікі — знатныя людзі розных прафесій з цёплым пачуццём і ўдзячнасцю ўспамінаюць сёння той час, калі яны былі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

За гады савецкай улады беларускі народ, дзякуючы штодзённым клопатам Камуністычнай партыі і асабіста таварыша Сталіна, дзякуючы дапамозе вялікага рускага народа і іншых народаў Савецкага Саюза, дасягнуў велізарных поспехаў у галіне культурнага будаўніцтва. Здаецца, стагоддзі прайшлі з таго часу, калі насельніцтва Беларусі было на 80 працэнтаў непісьменным, калі дзецям працоўных не было доступу не толькі ў вышэйшыя або сярэднія навучальныя ўстановы, калі нават у пачатковыя школы маглі трапіць далёка не ўсе з іх. А прайшлі тым часам не стагоддзі, а ўсяго толькі трыццаць чатыры гады, і сёння Беларусь з’яўляецца краінай суцэльнай пісьменнасці, мае сотні сярэдніх і дзесяткі вышэйшых навучальных устаноў. Сапраўды гіганцкі крок, магчымы толькі ў краіне сацыялізма! Вялікі ўклад у гэту высакародную справу культурнага будаўніцтва ўнёс наш юбіляр — Беларускі дзяржаўны універсітэт імя Леніна.

Які гэта яркі кантраст з тым, што робіцца ў варожым нам лагеры, дзе навука пастаўлена на службу крыважэрным імперыялістам, ахвотнікам нажываць мільёны і мільярды на чалавечай крыві і слязах, дзе рэктарамі універсітэтаў з’яўляюцца адстаўныя генералы, дзе з універсітэцкіх кафедр прапаведуецца містыка, цемрашальства, чалавеканенавісніцтва! Трупнай гніллю патыхае ад гэтай навукі, якая з’яўляецца прадуктам разлажэння аджыўшага свой век капіталістычнага грамадства.

Шчаслівыя нашы савецкія юнакі і дзяўчаты, што ім выпала на долю жыць у сацыялістычнай краіне і карыстаецца здабыткамі самай перадавой у свеце савецкай навукі. Іх навука, якой яны авалодваюць,— навука росквіту, а не заняпаду, жыцця, а не смерці, навука дружбы паміж народамі, а не варожасці і гвалту. Іх прызначэнне — служыць высакароднай справе пабудовы камунізма, да якога вядзе нас вялікі Сталін.

Свята беларускай савецкай культуры, якое мы адзначаем, з’яўляецца і маім асабістым святам. У сценах Беларускага дзяржаўнага універсітэта я, ужо ў сталым узросце, набываў вышэйшую адукацыю, якой не меў магчымасці набыць у свае юнацкія гады.

Я ад усяго сэрца віншую кіраўнікоў, выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна са слаўным трыццацігадовым юбілеем. Жадаю ўсяму калектыву далейшай плённай працы на карысць нашай сацыялістычнай Радзімы. Жадаю вам, мае маладыя сябры — студэнты і студэнткі,— поспехаў у вашай вучобе. Выкарыстоўвайце як мага паўней вялікія магчымасці, якія дала вам савецкая ўлада. Авалодвайце ведамі, каб быць дастойнымі будаўнікамі камунізма.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан