epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Свінні на дапамогу

1. Дух цяжкі ў саўгасе
2. Дзядзя здзельшчыны баіцца
3. Дарогу сустрэчнаму плану


З працы ў складзе выязной брыгады «Звязды» ў свінагадоўчым саўгасе «Банонь»

 

У сотні галасоў заложна — рох ды рох! —

Свінарнік абвясціў трывогу.

Схапіўшы на бягу шматок пякучых строф,

Спяшаюся свінні на дапамогу.

 

 

1. Дух цяжкі ў саўгасе

 

У свінагадоўчым саўгасе «Банонь» праз недагляд за час з 1 студзеня па 1 чэрвеня 1931 года здохла 1480 парасят.

 

Пахваліцца надта

Сёння тут няма чым:

Валачэцца шмат хто

У хвасце свінячым.

 

Глуха заклік гасне

Гінуць свінні марна,

Дух цяжкі ў саўгасе —

У свіной трупярні.

 

А я тут не госцем,

А мне тут не есца:

Трэба ўзяць кагосьці

За такое месца,

 

Каб аж ён завойкаў

Ды адчуў, нягоднік:

Пачалася бойка

За свінню сягоння.

 

Трэ сказаць — даволі!

Прыпыніць злачынства,

Каб свіней паболей

Ды паменей свінства.

 

2. Дзядзя здзельшчыны баіцца

 

На адной тэхнічнай нарадзе загадчык Бяздзедавіцкага аддзялення саўгаса «Банонь» Бернштэйн заявіў, што для пераходу на здзельшчыну ў яго не хапае рабочай сілы.

 

На тэхнічнай на нарадзе

Быў адзін «разумны» дзядзя.

Дзядзя здзельшчыны баіцца,

Дзядзю здзельшчына «дваіцца».

 

«А на ліха,— кажа,— мне!

Тут і так рабочых мала,

Як яна ж апанавала,

Трэба болей удвайне».

 

Як жа мне тут пастарацца

Разжаваць — ды дзядзю ў рот?

Ўсюды здзельшчына для працы,

А ў яго — наадварот.

 

За прыгожыя мо вочы

Любіць здзельшчыну рабочы?

Я тут штосьці... ніт фарштэйн,

Паважаны Бернштэйн.

 

Вашы гэтыя развагі

Заслугоўваюць увагі,—

Вы ў саўгасе — гаспадар:

Ваша гэткая «памылка»

Гэта здзельшчыне магілка,

Па вытворчасці удар.

 

А мы вас — на белы свет,

Да рабочай масы тварам,

І ўжо ўдарым дык ударым

Па-ударнаму, як след.

 

3. Дарогу сустрэчнаму плану

 

Той самы Бернштэйн на той самай тэхнічнай нарадзе заявіў, што ён не дазволіць сустрэчнага плана ў доглядзе за свіннямі, бо тут пагоня за колькасцю пойдзе на шкоду якасці.

 

Дарогу!

Дарогу

сустрэчнаму плану!

З гэтакім лозунгам

хто ж

не згодзіцца?

Дазвольце,

я ўсё ж такі

гляну,

Як у жыцці ён

на месцы

праводзіцца.

Іду я дарогай

з сустрэчным планам:

Дзень добры —

рабочым!

Дзень добры —

сялянам!

Калгаснікі нас сустракаюць,

брыгады;

Усюды вітаюць,

усюды нам

рады.

Ды сэрца зноў

чагосьці ў трывозе,—

Той самы Бернштэйн

і тут

на дарозе:

Бровы насупіў

ды грозны такі

Стаў супроць нас,

скамячыў кулакі

(Аж сэрца

ад страху

сціскаецца болем):

«Сустрэчнага плана,—

крычыць,—

не дазволім!

З сустрэчным тут

нажывеш яшчэ

пакасць:

Сустрэчны — за колькасць,

а я —

за якасць».

 

Годзе,

таварыш,

глупства пароць!

Ваш гэты довад

зусім

недарэчны.

Вы за якасць?

А хто ж супроць?

Ды хіба ж без якасці

гэта

сустрэчны?

А ўрэшце,

што мне спрачацца

з вамі,

Вы — «вучоны», вы — «падкаваны»,—

Няхай вам пакажуць ударнікі

самі,

Што такое

сустрэчныя планы.

Яны не прывыклі

ў хвасце

абы-як

паўзці,

Да апартунізму,

як вы,

не скоцяцца:

І аб колькасці,

і аб якасці

Напэўна

паклапоцяцца.

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 143-146
Крыніца: скан