epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Так жыла між імі згода

Раскажу я тут пра тое,

Як зямлю каморнік мераў:

Меў ён справу з беднатою,

А ў кулачкі меў кватэру.

 

На калгас зямлі нястача,

А ў кулачкі нават лішкі,

Толькі ён таго не ўбачыў

Праз яечню ды кілішкі.

 

На спатканне ласка ласцы:

Ён кулацкага — ні пядзі;

Толькі дзівяцца калгасцы,

Як каморнік з бабай ладзіць.

 

«Што ж ён, сволач, не абрэжа?..

І зважаць на нас не хоча!

Хіба так пітво ды ежа

Засланілі яму вочы?»

 

А каморніку тут ясна,

Што — «дарэмна ў вочы лезуць.

У жанчыны у няшчаснай —

Што ж ты знойдзеш тут абрэзаць?»

 

Тэрмін досыць некароткі

Так жыла між імі згода:

Ля кулацкай цёплай цёткі

Аціраўся ён паўгода.

 

Ад густой кулацкай пары

Хлопцу вочы засляпіла,

Толькі, кажуць, акуляры

РСІ яму купіла.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 129-130
Крыніца: скан