epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Тата-Заяц

(Байка)

Пасуцца па начах заўсёды коні нашы

З вясны да восені — даволі-такі часу.

Вось раз у досвітак на пашы

З кабылай аднаго калгаса

Сустрэўся Заяц каля куста,

І вельмі ўжо яму да густу

Прыйшлася гнедая кабыла.

Ну і яна яго нібыта палюбіла.

Не ведаю, за што ёй заяц люб,

Але ж ён хваліцца:— Фактычны,— кажа,— шлюб.

Пачне смяяцца хто, дык Заяц пратэстуе,—

Быў шлюб нібыта не ўпустую:

Не болей як праз год

Ад шлюбу ёсць ужо прыплод —

Жарэбчык-сысунок буланы,

Такі рухавы, спрытны, слаўны

Вядома, Тата-заяц рад —

Бяжыць туды, сюды, назад

І пад сабою ног не чуе;

Сяброў, знаёмых і радню

Абабяжыць ён дзесяць раз на дню:

— Вам,— кажа,— сына паказаць хачу я.

Сабраў кумоў, братоў, сватоў

І паказаў ім з-за кустоў:

— Ну, гляньце,— кажа,— чым не я?

І хвост такі кароценькі, куртаты,

І шэрсць, і вушы, як у таты,

І спрыт жа мой, і выпраўка мая!

А кпіны слухаць там і розную брыду —

Ды ну іх,— кажа,— к ліху!

Я ім яшчэ не тое давяду:

Вазьму і палюблю сланіху.

— І давядзі! — зайцы крычаць.—

Даўно пара!

Качаць разбойніка! Качаць!

Няхай жыве! Ура!

Такі ж удалы маладзец!

Палюбіць ён, каго захоча.

Але калгасны жарабец

Тут раптам калі зарагоча...

І тата той, і сваякі

Разбегліся ва ўсе бакі.

 

Такія сярод нас — зусім не навіна.

Вы толькі заўважайце:

Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана,

Заслуг жа — як у зайца.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 252-253
Крыніца: скан