epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Тварам да вёскі

Поп Мацей, падлізнік боскі,

Павярнуць рашыў да вёскі

Тварам.

 

І ўжо месяц, як і сёння,

Сыпле казані з амбоні

З жарам.

 

Дзе памінкі ці радзінкі,

Ён, не трацячы гадзінкі,

Пеша,

 

Ўзяўшы ўсё сваё «начынне»,

Падаткнуўшы «аблачэнне»,

Чэша.

 

І на вёсцы ўжо ў Мацея

Аж лабэціна пацее

Часта:

 

Ён працуе шчыра й многа,

Не забылася каб бога

«Паства».

 

Пацяшае «верных» раем,

А «няверных» ён карае

«Адом».

 

Але чуць не ў кожнай хаце

Адварочваюцца к баці

Задам.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 24
Крыніца: скан