epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ты не лайся, дзядзя, пры савецкай уладзе

Ў хаце сварка-звадка:

Жонка дэлегатка,

А мужык — аж дуба,

Штось яму не люба...

 

— Эх ты, дэ-ле-гатка!

Як табе не гадка?

Як табе не сорам? —

Кажа муж з дакорам.—

 

Вось папала моду!

Не прапусціць сходу,

Ўсё язык там чэша,

Ўсё на мужа брэша...

 

Лепш свае б кудзелі

Вы, баб’ё, глядзелі,

А не — дык па карку

Я цябе, пляткарку.

 

— Твая справа — вобуй,

А мая — кудзеля,

А крануць папробуй,

Будзеш ў жанаддзеле.

 

Лепш пайду к разводу,

А не кіну сходу! —

Адказала жонка

Голасна і звонка.

 

Не чапай жа, дзядзя,

Ты сваю кабету —

Пры савецкай ўладзе

Хай паглядзіць свету:

І табе лепш будзе,

Калі выйдзе ў людзі.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 25
Крыніца: скан