epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

У піўной

Піва, піва, піва.

Шклянкі. Бутэлькі. Куфлі.

Не дзіва,

Што так распухлі,

Што вядзёрныя ражкі.

Цяжка працуюць, цяжка:

Васьмікуфельны працоўны дзень

Штодзень

І «зверхурочных» тузін

Змясціць у пузе —

Гэта ж вам не жарт —

Такі цяжар.

Сялянскім аддае потам?

Э, што там!

Чаго разважаць!

Развага — вяселлю атрута.

Хай сее той, каму крута,

А ваша справа — жаць,

Ваша ніва —

Піва, піва, піва.

І дрэмле сумленне маўкліва,

Залітае куфлямі піва.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 29-30
Крыніца: скан