epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

У сушні

За паклонамі б’юць церніцы паклон,

За ручайкаю ручайку грызуць лён,

А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег,

Трэплюць бабы языкамі, дык аж смех,

Перабралі ўжо ўсю вёску мо не раз:

Як пабіўся сёння з жонкаю Тарас,

Як аладак дрэнных Тэкля напякла,

Як учора Манька ўпрочкі уцякла,

Як нядобра накладаюць прадналог,

Як на ўсіх людзей загневаўся ўжо бог,

Бо і людзі ўжо забылі пра яго,

Як Марыля загрубела й ад каго,

Як Тадора шмат нацерла ўчора льну

І як Польшча абвясціла нам вайну...

Так у сушні ў нас вядзецца век-вяком,

Там найболей бабы трэплюць языком,

І пакуль натрэ дзесятак які льну,

Дык абрэша дзесяць раз адна адну.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 27
Крыніца: скан