epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

У таку

Раз за разам гоп ды гоп:

Над гарохам грэю лоб;

Як маланка, біч мільгае,

Трохі й жонка памагае.

 

Б’ю з-за вуха, з-за пляча,

Не шкадуючы біча:

Біч дубовы не паб’ецца,

Жонка зноў — не астанецца.

 

Ты не чхай ад пылу, нос,—

Не ў палацах жа мо рос,

Бо за гэту вось прывычку

Зараз ты заробіш пстрычку.

 

Змалачу, прадам гарох,

Панясу аддам налог,—

Не хачу быць вінаватым,

Хоць зусім я небагаты.

 

Дык гучней жа гопай, біч,

Сябрукоў да працы кліч,

Бі, падскаквай аж пад стрэху

Ды дражні па гумнах рэха!

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 101
Крыніца: скан