epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Угоднікі-маўчальнікі

(Байка)

Хоць я на іх не маю вока

І знацца з імі не хачу,

Аднак жа байку прысвячу

Угоднікам і абібокам.

Вы байку гэту чулі, можа,

А можа, й не.

Калісьці ў нашай старане

Ды жыў Угоднік божы.

Каб на зямлі не награшыць

І бліжай быць да бога,

Угоднік так павінен быў рашыць:

Нічога не рабіць, не гаварыць нічога,

Не думаць нават, толькі спаць.

І вось гадоў мо сорак пяць

Так на адным праспаў ён месцы.

Як прынясуць, бывала, есці,

Дык набярэцца моўчыкам ды зноў на бок.

Калі ж памёр вялікі абібок,

Святы Угоднік Лотра,—

Рай адчыніў яму сам Пётра.

 

Яшчэ б тут можна байкаю пацешыць,

Ды не хачу трывожыць «праведнікаў» сноў я.

Не буду — спіце на здароўе!

«Хто спіць, дык той не грэшыць».

Заслуга ў нас, аднак, не ў тым,

Каб быць маўчальнікам святым

І гнісці ў абывацельскім «раю»,

Іначай кажучы, ў балоце,

А ў тым, каб з лепшымі ісці ў страю,

Гарэць-змагацца на рабоце.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 209-210
Крыніца: скан