epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Устарэла тэхніка

Кінь, Ілья, пустое дзела!

Твая тэхніка ўстарэла.

Ну якая ў тым патрэба,

Што калоціш часам неба?

 

І каго спужаць ты хочаш,

Калі моцна загрукочаш?

Слаба, брат! зусім жа слаба,—

Не баіцца нават баба.

 

Часам ты махнеш маланкай,

Як падпасак дратаванкай,—

Гэта быў мо цуд калісьці,

А цяпер дык без карысці.

 

Вунь у нас калі маланка!

Свеціць з вечара да ранку,

 

З гулам, з грукатам страшэнным

Яна рухае машыны.

Хутка бегае па дроце

(Не па ўласнай хоць ахвоце),

 

Асвятляе горад бляскам,

Прэ людзей вагоны з ляскам,

Што не справяцца і коні,

Паслугуе ў тэлефоне,

 

За сто вёрст тваю размову

Перакажа слова ў слова,

Тэлеграмы носіць шпарка,

Варыць есці, як кухарка.

 

Ці паветра там, ці мора —

Усё роўна ёй не гора:

Прэ без дроту па паветры

На шмат тысяч кіламетраў...

 

Дык вось кінь, Ілья, хваліцца

Сваім громам, бліскавіцай:

Твая тэхніка — старая,

У архіў даўно пара ёй.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 109-110
Крыніца: скан