epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Вагон табакі

Каласіцца на палетку

Жыта ды пшаніца;

Так на ўзмежку добра ўлетку

Пад іх шэпты спіцца.

 

Аграном сніць сон прыгожы,

Але той парою

Наваліліся на збожжа

Чэрві з машкарою.

 

Збожжа буйна зелянела,

Ды пасля пасохла;

Машкара, што збожжа ела,

З маразоў падохла.

 

Ветры ў коміне скуголяць,

Ліст пажоўклы круцяць;

Аграном Гавака ў полі

Шкоднікаў патруціць.

 

Хоць ты шуфлем снег адгортай,

Змёрз, дрыжыць сабака;

Тут вагон табакі цёртай

Выпісаў Гавака.

 

Спіць прырода нежывая

Пад абрусам мяккім:

Сам Гавака спажывае

Той вагон табакі.

 

Рэзкі сівер падыхае,

Да касцей праймае;

Аграном Гавака чхае

І турбот не мае.

 

Так з Гавакавай вось ласкі

Знойдзен спосаб новы:

Чхае ён на абавязкі

І на пастановы.

 

1930


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 227-228
Крыніца: скан