epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Валакіта (З кааператыўнай практыкі)

Раз да вечара ад ранку

Прастаяў я ў адным банку,

А назаўтра ад зары

Да тэй самай зноў пары,

І за справай невялікай —

Сторублёваю пазыкай

(Атрымаць яе хацелі

Для малочнае арцелі).

На пазаўтра, як я ўстаў,

Увесь горад аблятаў,

Збіў падноскі, збіў абцасы

Ды патраціў чорт што часу,

А ўжо што зглуміў паперы!

Дык без ліку і без меры.

Прадстаўляў ужо я тут

І балансы, і статут,

І сяброў арцелі спісы,

І чатыры каштарысы,

Сем выняткаў з пратаколу,

Што прашу я па дазволу,

Працы план ды справаздачы

І... паўнейшая няўдача.

А чаму? — Ды, бач, не далі:

Ім прадставіць загадалі

Аб арцелі акт даследчы,

Я ж не меў з сабой тэй рэчы

І дастаць не меў надзеі...

«Абармоты! Ліхадзеі!

Каб вас чорт пабраў, пісакаў!» —

Крыкнуў я дый сам заплакаў,

Рукавом пасля уцёрся

Ды пяшком дамоў папёрся.

Ну і вось — цяпер я дома,

З якім вынікам — вядома:

Грошай страціў я нямеру

На харчы і на кватэру,

Яшчэ болей на паперу,

Атрымаў жа дулю-бэру.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 108-109
Крыніца: скан