epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Варона-мітынгоўшчыца

(Байка)

Крылатыя насельнікі старонкі нейкай

Цярпелі доўга здзекі.

Там панаваў страшэнны ўціск,

Там часта чуцен быў жалобны піск

Бязвіннае ахвяры.

І вось паўстаў крылаты пралетарый,—

І бура ўміг з зямлі змяла

Цара драпежніка арла.

Уціхла бура, кончана змаганне,

І вольных дзён настала ранне.

Увесь птушыны род там без разбору нацый

За творчай працай:

Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак —

Сваіх пісклівых корміць крошак,

Другі вартуе ў садзе дрэў —

Бароніць іх ад чарвякоў,

І працу ўсіх працаўнікоў

Бадзёрыць гучны спеў.

Адной вароне праца не пад густ.

І вось, усеўшыся на куст,

Ад рэшты грамадзян паводдаль,

— Ура! — крычыць яна.— Ура!

Няхай жыве свабода!

Між тым, абедаць бы пара,

Бо есці хочацца Вароне.

— Ужо й не рана, здэцца, сёння,

Ці зараз пададуць абед? —

Спытала ў Ластаўкі яна.

— Ніхто, сястрыца, не падасць табе,—

Вароне адказала тая,—

Бо кожны з нас абед у працы здабывае,

І не працуеш толькі ты адна.

— Ну, не брашы, а я ж вось мітынгую.

— Дык і знайдзі варону ты другую,

Якая б тут табе паслугавала,

А ў нас няма паслугачоў.

Бывай здарова! — Ластаўка сказала.—

Дарэмна траціць час я не хачу.

І давялося той адной

Дзяўбці смярдзючы конскі гной.

 

Дык вось, чытач, ты сам здароў

Павінен добра тое ведаць,

Што, каб прымусіць працаваць такіх «варон»,

Не трэба ім даваць абедаць.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 203-204
Крыніца: скан