epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Вялікая дружба

Шырока і вольна раскінуліся прасторы Савецкай Украіны ад Закарпацця да Дона, ад Прыпяці да Чорнага мора. Багаты і слаўны сёння ўкраінскі народ. Багаты пшаніцай і цукрам, вугалем і рудой, магутнай прамысловасцю і высокай культурай. Увесь з’яднаны ён сёння ў адзінай Савецкай дзяржаве, і ніводная пядзя зямлі яго не знаходзіцца больш пад чужаземным уладаннем. З вышыні сённяшніх дасягненняў ён з гордасцю можа аглянуцца на пройдзены гістарычны шлях, адзначаны многімі выдатнымі падзеямі. І адной з самых вялікіх падзей на гэтым шляху з’яўляецца ўз’яднанне Украіны з Расіяй, трохсотую гадавіну якога святкуюць сёння ўсе савецкія народы.

Пераяслаўская Рада назаўсёды застанецца ў памяці народаў як выдатны гістарычны момант, як мудры гістарычны акт, з якога пачалася вечная дружба двух вялікіх народаў — рускага і ўкраінскага. Гэта дружба адыграла выключную ролю ў лёсе ўкраінскага народа. Гэта дружба ўратавала Украіну ад чужаземнай няволі. Яна ўмацавала і Расійскую дзяржаву, даўшы ёй яшчэ большую сілу і стойкасць у змаганні са шматлікімі знешнімі ворагамі. На гэту дружбу, на дапамогу вялікага рускага народа апіраліся ўсе іншыя народы былой царскай Расіі ў сваёй барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Дружба гэта аказалася такой моцнай, што яе не маглі зламаць ніякія выпрабаванні багатай падзеямі гісторыі народаў, якія яе стварылі. Ні польскім магнатам, ні турэцкаму султану, ні Карлу XII, ні Напалеону І не ўдалося зламаць гэту дружбу. Аб непрыступную цвярдыню не раз разбіваліся полчышчы чужаземных захопнікаў, сквапных да чужых зямель і чужога дабра.

Свайго найвышэйшага росквіту дружба нашых народаў дасягнула ў Савецкай дзяржаве. Выкаваная Камуністычнай партыяй, асветленая геніем Леніна і Сталіна, угрунтаваная на моцным фундаменце сацыялістычнага ладу, у якім няма месца для варожасці паміж народамі,— дружба гэта стала непарушнай навекі. І краевугольным каменем у гэтай дружбе савецкіх народаў з’яўляецца дружба найбольш даўняя — дружба двух найбольш магутных народаў Савецкага Саюза — рускага і ўкраінскага. Вось чаму трохсотгоддзе ўз’яднання Украіны з Расіяй з’яўляецца вялікім святам для ўсіх народаў Савецкага Саюза.

Для беларускага народа гэта свята мае асаблівае значэнне, бо ён і сам быў непасрэдным удзельнікам барацьбы за вызваленне з-пад прыгнёту польскіх магнатаў. Паўстанцкія атрады Нябабы, Галоты, Крывашапкі, Гаркушы не раз грамілі шляхецкія палкі, якія польскі кароль пасылаў ва фланг войскам Багдана Хмяльніцкага. Беларускаму народу не ўдалося тады назаўсёды скінуць з сябе панскае ярмо, і Беларусь падзяліла лёс Правабярэжнай Украіны, застаўшыся яшчэ на доўгія гады пад прыгнётам панскай Польшчы, але Пераяслаўская Рада з’явілася для беларускага народа вялікім натхняючым прыкладам, які яскрава даводзіў, што запаветная мара нашага народа аб уз’яднанні яго са сваім старэйшым братам — вялікім рускім народам можа быць здзейснена. І яна сапраўды здзейснілася.

Сёння, пад слаўным савецкім сцягам, з кожным днём мацнее дружба ўсіх савецкіх народаў, галоўнай апорай у якой з’яўляюцца веліч, сіла, высакародная брацкая дапамога вялікага рускага народа. Аб гэту дружбу ў Вялікай Айчыннай вайне разбіліся мутныя хвалі фашысцкай навалы. Аб яе разаб’юцца і ўсе ліхія намеры новых прэтэндэнтаў на заваяванне свету — крывавых драпежнікаў імперыялізма.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан