epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Вясна (Малюнак)

Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі на ўсім фронце, толькі дзе-нідзе, у самых глухіх закутках, замацаваліся яе белыя атрады, але і тыя, бачачы немінучую сваю пагібель, праліваюць раўчукі слёз.

Сонца з самага ранку пачало атаку і прасоўваецца наперад, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй. Пад поўдзень яно зойме камандную вышыню і тады — трымайся, белыя атрады!

Пеўні, узрадаваныя прыходам вясны, паднялі такі лямант, што калі заплюшчыць вочы, дык здаецца, што знаходзішся не ў вёсцы, а ў курэчай рэспубліцы. Вось двое з грамадзян гэтай рэспублікі распачалі барацьбу не на жыццё, а на смерць з-за чубатай красуні. Яны абшчыпалі да крыві адзін другому грабяні, і хвасты іх нагадваюць мокрую хвашчанку, але ў абодвух відаць рашучасць — перамога або смерць. А тая, за якую яны біліся,— чарнявая, з высокай моднай зачоскай і з чырвоным, як жар, тва... ці то-бок, грэбенем,— ужо зусім забылася аб дурнях-дуэлянтах. Яна захапілася новым паклоннікам і дарыла яму свае ласкі. Дый было кім захапіцца: гэта быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крылы яго адлівалі золатам, хвост складаўся з выгнутых палосак чорнай варанёнай сталі, а на нагах красаваліся шпоры. Ён падышоў да яе, расшаркаўся, як самы далікатны кавалер, і стаў мармытаць кампліменты.

І не вытрымала жаночае сэрца. Не вытрымала тут жа, на вуліцы, на вачах у публікі.

Нявольнікі зімы — каровы і авечкі — сваім рыканнем і бляяннем таксама даюць знаць вясне аб сваім жаданні вырвацца на волю.

Прыляцелі аб’яднаныя ў прафсаюзы гракі і распачалі гаспадарчае будаўніцтва, дзеля чаго наладжваюць мнагалікія сходы і вядуць на іх гарачыя спрэчкі.

Дробнабуржуазная варона зусім абалдзела ад іх ляманту і валтузні і не ведае, якую платформу запяць ёй у адносінах да суседзяў.

Жаваранак з паднебнай высі перадае на зямлю па радыё весткі аб хітрыках нябеснай дыпламатыі.

Працаўнікі зямлі — вераб’і, начытаўшыся за зіму «Беларускай вёскі» і ўявіўшы сабе ўсю важнасць угнаення, горача ўзяліся за веснавую кампанію і старанна разграбаюць гной. А кот Цімох прытаіўся за вуглом і толькі чакае зручнага моманту, каб напасці на іх — сапраўдны Чэмберлен.

Група дзяцей захапілася планам штучнага абваднення: яны адводзяць ваду з ручая на больш высокія пясчаныя месцы. Вынікі не прымушаюць сябе доўга чакаць: зараз жа з’яўляюцца пірагі, бліны і аладкі. Пяцігадовыя і шасцігадовыя грамадзяне на радасці зараз жа пачынаюць гуляць вяселлі. Толькі такія скараспелыя шлюбы рэдка бываюць шчаслівымі: звычайна сямейныя сцэны пачынаюцца зараз жа пасля вяселля, а то часамі і ў самы разгар вяселля, пры гэтым пускаюцца ў ход і пірагі, і аладкі, і ўсе іншыя вынікі меліярацыі. Тут, разумеецца, мацяркі не прапускаюць зручнага выпадку, каб паднесці добры вясельны гасцінец у выглядзе плескачоў па мяккім месцы і маладому, і маладой, і самаму старшаму механіку — свату.

На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход. З прычыны добрай пагоды і святочнага дня сход асабліва мнагалюдны і шумны. Таварыш Матрона ўжо прачытала лекцыю аб тым, як трэба саджаць курыцу на яйцы, пры гэтым падкрэсліла, што для таго, каб курыца сядзела акуратна і каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Упамінанне аб фігах навяло таварыша Дароту на думку аб яе двухгадовым Паўлючку. Яна тут жа зрабіла даклад аб тым, які яе Паўлючок разумны і якія хвацкія фігі падносіць ён свайму татку. Павестка дня вялікая і разнастайная, і сход абяцае зацягнуцца да самага вечара.

А вось і сам гаспадар гэтай хаты — Трахім. Дзякуючы святу, ён да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць, і дзеля гэтага твар яго не вызначаецца асаблівай свежасцю і прыгажосцю, а па галаве і па барадзе нібы віхор прагуляўся. Яго няхітры гарнітур складаецца са зрэбнай кашулі і шарачковых портак, якія нейкім цудам трымаюцца на адным толькі гузіку. Падцяжкі або большы лік гузікаў у портках лічыцца ў вёсцы «буржуазнымі забабонамі».

Сонца, убачыўшы Трахіма, засаромелася і, як вясковая маладзіца хвартухом, закрылася невялічкай хмаркай. Дый было, напэўна, чаго саромецца, бо калі Трахім павярнуўся тварам да жанок, то дружны рогат быў яму прывітаннем. Ён зразу змікіціў, у чым справа, і, папраўляючы на хаду свой гарнітур, накіраваўся ў хату. Яму таксама прыйдзецца сёння быць на сходзе, але сходы барадатых прадстаўнікоў пачынаюцца шмат пазней, і пытанні на іх абмяркоўваюцца больш сур’ёзныя.

Наогул, з прыходам вясны грамадскае жыццё і барадатых, і безбародых, і двуногіх, і чатырохногіх, і крылатых, і бяскрылых тубыльцаў вёскі надта ажывілася.

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 7-9
Крыніца: скан