epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Віншую таленавіты калектыў

Споўнілася сорак год з дня заснавання Дзяржаўнага драматычнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ужо адна гэтая доўгая, але пачэсная назва гаворыць аб тым, якое месца займае тэатр у развіцці беларускага драматычнага мастацтва, аб яго заслугах перад савецкім гледачом. А пачаў гэтую добрую справу невялікі малады калектыў, група энтузіястаў, у якіх за плячыма не было ніякага багажу, апрача таленту і шчырага жадання працаваць на карысць свайго народа.

З гэтага зерня, дзякуючы клопатам Камуністычнай партыі і савецкай улады, вырас багаты плён — першакласны драматычны тэатр, якім з поўным правам ганарыцца наша рэспубліка. У ім выраслі выдатныя майстры сцэны, якія сваёй таленавітай працай заслужылі любоў народа і ўдастоены высокага звання народных і заслужаных артыстаў СССР і БССР.

За сорак год тэатрам пастаўлены сотні спектакляў па п’есах класікаў рускай і сусветнай драматургіі, па п’есах беларускіх, рускіх і ўкраінскіх савецкіх драматургаў і многіх іншых братніх рэспублік. Многія з гэтых спектакляў далі сапраўдную асалоду сотням тысяч савецкіх гледачоў, паслужылі вялікай справе выхавання людзей у камуністычным духу.

Вялікую ролю адыграў тэатр і ў развіцці беларускай савецкай драматургіі. Пад уражаннем яркіх спектакляў з’яўлялася жаданне паспрабаваць свае сілы ў галіне драматургіі нават у тых пісьменнікаў, якія працавалі ў іншых жанрах і не мелі намеру стаць драматургамі. Устанаўліваліся творчыя сувязі і асабістыя кантакты, нараджаліся новыя арыгінальныя п’есы і спектаклі, у тым ліку такія выдатныя, як «Бацькаўшчына», «Салавей», «Пагібель воўка». Яркае сцэнічнае ўвасабленне атрымала на сцэне «Паўлінка» Янкі Купалы.

Мы сёння маглі б назваць шмат беларускіх драматургаў, творчая сувязь якіх з тэатрам імя Янкі Купалы прынесла добрыя вынікі. На працягу доўгага часу я таксама быў цесна звязаны сумеснай творчай працай з гэтым таленавітым калектывам. Першым спектаклем на беларускай мове, які я ўбачыў у пастаноўцы гэтага тэатра, быў спектакль «На Купалле». Ён мяне зачараваў, зрабіў сталым гледачом і гарачым прыхільнікам тэатра. Жаданне напісаць п’есу ў мяне з’явілася пасля таго, як я ўбачыў пастаўленую гэтым тэатрам камедыю «Недарасль» у маім перакладзе. У выніку з’явіліся п’еса і спектакль «Канец дружбы», галоўную ролю ў якім выконваў незабыўны У. М. Крыловіч. З таго часу я надоўга «заграз» у драматургіі, перажываючы разам з тэатрам радасць поспехаў і горыч няўдач.

З дзесяці напісаных мною п’ес дзевяць (уключаючы аднаактовую «Валодзеў гальштук») пастаўлены тэатрам імя Янкі Купалы. Вялікае задавальненне меў я ад творчых сустрэч з такімі выдатнымі майстрамі сцэны, як Г. П. Глебаў, Б. В. Платонаў, Л. І. Ржэцкая, П. С. Малчанаў, Л. Р. Рахленка, К. М. Саннікаў, У. І. Уладамірскі, Г. Ю. Грыгоніс, У. В. Дзядзюшка, В. М. Пола, А. А. Бараноўскі... На жаль, я не магу пералічыць тут усіх таварышаў і сяброў, з якімі мне даводзілася сустракацца за творчай працай, дзякуючы таленту якіх персанажы маіх п’ес станавіліся паўнакроўнымі сцэнічнымі вобразамі, наколькі дазваляў гэта драматургічны матэрыял.

Саракагоддзе тэатра імя Янкі Купалы — гэта свята ўсёй беларускай культуры. Я ад душы віншую таленавіты калектыў, сваіх старэйшых і маладых сяброў па сумеснай працы, і шчыра жадаю тэатру вялікіх творчых поспехаў на радасць савецкаму гледачу.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан