epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Вол і Авадзень

(Байка)

Гарачым летнім днём

Вол з ворыва вяртаўся.

Напрацаваўся, аж хістаўся.

За ім жа куча аваднёў

Ляцела роем.

Вядома тут, з якім настроем

Ісці мог Вол:

Глядзеў сярдзіта навакол,

Махаў хвастом, круціў рагамі

І біў па чэраве нагамі.

— А, сябар!.. Добры дзень! —

Сказаў лісліва Авадзень,

Усеўшыся Валу на спіну: —

Як я цябе люблю! Які ты мілы!

Цябе я, сябар, да магілы

Ніколі не пакіну.

Я ўсюды за цябе пайду —

Ў агонь, і ў нетру, і ў ваду.

Цяпер жа вось да стойла давяду.

Але чаму такі ты злосны?

— Адстань, пракляты крывапівец!

І без цябе мне млосна,

Цябе ж я ведаю, паршывец! —

Сказаў сярдзіта Вол ў адказ.

Патом

Хвастом

Па спіне — раз! —

Зваліўся той, як сноп, далоў...

 

Нямала ёсць павадыроў,

Якія любяць люд працоўны

За тое толькі, безумоўна,

Што любяць яго кроў.

Прамоў тых здрадніцкі-ўрачыстых

Даволі чулі мы і ад фашыстаў.

Але яны даждуцца дня —

Змахнуць і іх, як Авадня.

 

1923


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 80-81
Крыніца: скан