epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ворану вышай арла не лятаць

На нас узнімаюцца рыцары ночы,

Іх сочаць у цьме нашы зоркія вочы:

Хай точыць ім сэрца зялёная злосць,—

Па смерць сюды прыйдзе няпрошаны госць.

 

Як ворану вышай арла не лятаць,

Так ворагу нашай зямлі не таптаць.

 

Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца,

Скала непрыступная наша граніца,

І пораху хопіць у нас, і свінца,

Каб ворагаў знішчыць усіх да канца.

 

Як ворану вышай арла не лятаць,

Так ворагу нашай зямлі не таптаць.

 

Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім,

Мы ворагаў іх жа крывёю напоім,

Як ворану вышай арла не лятаць,

Так ворагу нашай зямлі не таптаць.

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 255-256
Крыніца: скан