epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Вось такія дактары вымуць душу без пары

На газетную заметку

 

Не за сінімі марамі,

Блізка тут, не за гарамі,

Нехта з нашага жыхарства

Недзе шмат папаў лякарства

(Кажуць, цэлую павозку)

Ды давай лячыць ім вёску.

І «ачуньваюць», ёсць слухі,

Людзі хворыя, як мухі.

Дзядзьку хворага Сцяпана

Пасадзіў ён раз у ванну,

Паглядзеў і... што такое?

Ўсё зняло, нібы рукою,

Нават скуру, нават мяса...

Далей лечыць ён тым часам.

Вось другому дзядзьку Янку

Ён навёў лякарства шклянку;

Выпіў Янка — й фур за браму:

Зразу к праайцу Абраму

У нябеснае ён царства,—

Надта добрае лякарства!

Гэты доктар мацналобы

Ад жыцця і ад хваробы

Адратоўвае нямала;

Трэба, мусіць, трыбуналу

Прапісаць яму «мікстуру» —

Хай людзей не морыць здуру.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 65
Крыніца: скан